Вы тут

Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую!


Этнограф Ларыса Мятлеўская


Набліжаецца час святкавання Божага Нараджэння і Каляды. Цэлы тыдзень даўней беларусы хадзілі адзін да аднаго ў госці – шчадравалі-калядавалі.

Калядуюць усе, хто можа. Зранку звычайна па вёсцы праходзілі дзеці, а ўвечары – моладзь. Ды й сталыя людзі з задавальненнем наведваліся да суседзяў ці да сваякоў. Каб пачаставаць кожнага калядоўшчыка, рабіліся загадзя прыпасы, над якімі гаспадарам прыходзілася паламаць галаву, каб хапіла.

Час святкавання багатай куцці ў народзе называлі Шчадрацом. Раніцай, добра пад'еўшы крупніку, не елі на працягу дня больш нічога, чакаючы першай зоркі, калі ўжо можна будзе выпіць чарачку і добра пад'есці ўсялякай скаромнай смакаты.

Без парсюка й Каляды не Каляды!

На беларускай вёсцы існавала перакананне, што трэба абавязкова перад Калядамі закалоць кормнага падсвінка, каб Каляда не гневалася і спрыяла добраму ўраджаю на полі і ў агародзе, а таксама прыплоду дамашняй скаціны. Не ведаю як вам, а мне дык добра памятаецца з дзяцінства такі малюнак. З самага ранку і амаль да вечара пылае ў печы. Там у гаршчках і гаршчочках розных памераў варацца каўбасы ды мяса, куцця і крупнік, а галоўнае – халадзец.

Сала, свежыя каўбасы, кравянка, сальтысон перад Калядамі былі ў кожнай вясковай гаспадыні, бо мелася такое правіла – ад пачатку восені добра карміць парсючка спецыяльна да свята.

Шчодры стол – вялікая радасць і для дзяцей, і для дарослых. У меню святочнай вячэры акрамя асабліва смачных мясных страў звычайна дадавалі бліны з грачанай мукі, клёцкі, піражкі і іншую выпечку. І абавязкова варыцца куцця з ячных або пшанічных круп, якую запраўляюць пасмажанымі з цыбуляй кавалачкамі сала.

Вячэру гэтую, хоць яна і завецца куцця, спажываюць не ў такім сур'ёзным настроі, як напярэдадні Раства Хрыстова. Вясёламу настрою спрыяе і выпітая гарэлка, за якой адмыслова ехалі ў бровар, дзе набывалі звычайна адразу вядро, бо поўвядра не прадавалі. Як тут не ўзгадаць старадаўнюю прымаўку: "На тое Бог даў Каляды, каб людзі весяліліся".

Пасля святочнай вячэры ішлі шчадраваць. Паўсюдна чуліся музыка і спевы, жарты і смех. Накалядаваўшы, хлопцы і дзяўчаты збіраліся ў хаце і наладжвалі танцы, гулялі ў гульні.

Міжволі думаецца, што нічога ў нашым свеце і не памянялася, хоць і мінула больш за стагоддзе. І цяпер гаспадары напярэдадні святкаванняў Новага года робяць усё тое, што і даўней. Бадай што толькі вядра гарэлкі ў бровары ніхто не купляе. А "ігрышчы" моладзі ў хаце – чым не вечарынка ў клубе? Галоўнае, добры настрой, з якім і раней, і цяпер людзі сустракаюць свята.

Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць

Нават не верыцца, што вясёлае старажытнае свята Каляды ў сярэдзіне ХХ стагоддзя на Беларусі амаль знікла, як і многія іншыя народныя звычаі. І прыемна, што сёння яно адрадзілася не толькі на вёсцы, але і ў горадзе. Прынамсі, прыход пераапранутых калядоўшчыкаў з абавязковай каляднай атрыбутыкай прыносіць шчасце, здароў'е, дабрабыт у вашу сям'ю на ўвесь будучы год! Калісьці на конт гэтага казалі: “Каляда прыйдзе – добры год будзе", "Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць".

Раней па вёсцы гулялі некалькі гуртоў калядоўшчыкаў, пераапранутых у мядзведзя, казу (звычайна нацягвалі вывернуты наверх кажух), жорава, пеўня, кабылу, цыганоў ці інш. Ражаныя спыняліся каля кожнага двара ў чаканні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Пад вокнамі разгортваліся цэлыя спектаклі. Калядоўшчыкі спявалі песні, скакалі пад скрыпачку, гармонік і бубен. А ў заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома са шчырымі пажаданнямі. У выніку калядоўшчыкі атрымлівалі пачастункі, якія складаліся ў торбу, і ад двара да двара тая торба рабілася ўсё цяжэй і цяжэй...

Як і многія іншыя традыцыйныя славянскія святы, Каляды спалучаюць у сабе старажытныя язычніцкія звычаі і больш познія хрысціянскія. Сімволіка гэтых культур з цягам часу так перамяшалася і сплялася ў адзінае, што і цяпер можна назіраць гурты калядоўшчыкаў, у якіх суседнічаюць язычніцкі персанаж каза і хрысціянскі сімвал Раства — зорка.

Адзначайце Каляды па магчымасці дома, бо гэта сямейнае свята. І няхай да вас у госці прыйдуць разам са шчасцем і дабрабытам калядоўшчыкі. Вясёлых свят!

КАЛЯДНАЕ

Добры вечар! Шчодры вечар!

Добрым людзям на здароўе.

А мы песні вам прынеслі.

Добры вечар добрым людзям,

Хай жа нівы вам калосяць.

Хай жа свеціць сонца ясна,

Каб жылося мірна, шчасна!

Добры вечар, шчодры вечар!

Ходзім, ходзім грамадой,

Усіх віншуем з Калядой.

Гаспадыня, не пужай,

Лепш каўбаскі смачнай дай!

Як дасі яшчэ аладкі,

Будзем добра пляскаць у ладкі!

Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую.

Шчасце гэтаму дому!

Каб нажалі 100 коп жыта,

Каб сям’я была ўся сыта,

Каб скаціна вадзілася,

Каб пшаніца радзілася!

Жадаем вам здароўя, шчасця,

Каб не было нянасця,

Каб ваша хата

Была заўсёды багата!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.