Вы тут

Галоўчанка: Беларусь мае намер умацоўваць гандлёва-эканамічныя сувязі з рэгіёнамі Расіі


Беларусь мае намер умацоўваць гандлёва-эканамічныя сувязі з рэгіёнамі Расіі. Аб гэтым сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы з дэлегацыяй Астраханскай вобласці Расіі на чале з губернатарам Ігарам Бабушкіным, перадае БелТА.


«Прамыя сувязі з рэгіёнамі Расіі — адзін з асноўных элементаў знешняй палітыкі. Мы даўно працуем з расійскімі рэгіёнамі на аснове прамых дамоўленасцей, адпаведных планаў, праграм супрацоўніцтва. Гэта шматгадовая практыка, безумоўна, прыносіць свае прадукцыйныя вынікі», — сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр адзначыў: сітуацыя вакол Беларусі складваецца няпростая. Краіна апошнім часам знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным націскам з боку калектыўнага Захаду, прымяняюцца аднабаковыя нелегітымныя эканамічныя санкцыі. «Мэта гэтай палітыкі зразумелая — аслабленне інтэграцыйных працэсаў, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы, у тым ліку праз аслабленне дружалюбных Расіі краін. Менавіта ў такой сітуацыі неабходна дэманстраваць прынцыповасць і на справе абараняць, адстойваць нашы агульныя эканамічныя інтарэсы, умацоўваць гандлёва-эканамічныя, культурныя і гуманітарныя сувязі. Гэта самы лепшы адказ на такія дзеянні», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, Астраханская вобласць уяўляе вялікі інтарэс для Беларусі. У прыватнасці, за апошнія дзевяць месяцаў тавараабарот паміж імі павялічыўся амаль на 30 працэнтаў. «У ходзе сённяшняга візіту, нашых сустрэч, пасяджэння рабочай групы мы знойдзем такія месцы ў нашай рабоце, якія неабходна насыціць новым эканамічным сэнсам», — звярнуў увагу ён.

У ходзе сустрэчы бакі абмяркуюць пытанні ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, а таксама вызначаць перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва, у тым ліку па павелічэнні аб’ёмаў паставак прадукцыі машынабудаўнічай галіны, уключаючы дарожна-будаўнічую і сельскагаспадарчую тэхніку, пашырэнні ўзаемадзеяння ў аграпрамысловай сферы, развіцці супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва, удзеле беларускіх прадпрыемстваў у рэалізацыі рэгіянальных і федэральных праграм у Астраханскай вобласці.

У ходзе візіту плануецца падпісанне бакамі плана мерапрыемстваў на 2022-2024 гады па рэалізацыі пагаднення паміж урадам Беларусі і ўрадам Астраханскай вобласці аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-культурнай і гуманітарнай сферах, а таксама плана мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтага пагаднення. У тым ліку бакі падпішуць пратакол пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Астраханскай вобласці.

Тавараабарот Беларусі з Астраханскай вобласцю за студзень — верасень гэтага года склаў $23,1 млн, што амаль на 29 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2020-га. Экспарт айчынных тавараў склаўся на ўзроўні $4,7 млн, і гэта былі ў асноўным драўняна-стружкавыя пліты, бытавая апаратура, машыны і ўстройствы для пад’ёму, перамяшчэння, пагрузкі і разгрузкі, шэрсць, будаўнічыя дэталі з пластмас. Паказальна, што пастаўкі немелаваных паперы і кардону за 9 месяцаў гэтага года ўзраслі ў 11,7 раза да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

З Астраханскай вобласці ў Беларусь пастаўляліся ў асноўным сера, рыба, спецыфічныя тавары, шэрсць, таматы, ікра, дыні і кавуны, розная агародніна. Усяго за студзень — верасень гэтага года імпартавана прадукцыі на $18,4 млн.

У рэгіёне дзейнічае дылерская сетка беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, уключаючы МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Бабруйскаграмаш», «АМКАДОР». Вядзецца работа па стварэнні гандлёва-сэрвіснага цэнтра МТЗ, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2022 годзе.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.