Вы тут

Галоўчанка: Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з ААЭ у сферы гандлю і інвестыцый


Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з ААЭ і іншымі краінамі рэгіёну ў сферы гандлю і інвестыцый. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на адкрыцці Беларускага інвестыцыйнага форуму на сусветнай выставе «ЭКСПА-2020» у Дубаі, паведамляе БелТА.


«На такой прадстаўнічай міжнароднай пляцоўцы, як „ЭКСПА-2020“, правядзенне форуму — цудоўная магчымасць для замацавання існуючых і наладжвання новых інвестыцыйных і гандлёва-эканамічных сувязей з ААЭ і іншымі краінамі рэгіёну. У апошнія гады пашыраецца беларуска-эмірацкае супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы. Прыкладам нашых поспехаў у гэтым напрамку з’яўляецца найбуйнейшы праект у сферы будаўніцтва і нерухомасці, які рэалізуецца ў Мінску пад патранажам заснавальніка сусветна вядомай кампаніі Emaar.Разлічваю, што сённяшняя сустрэча і наступныя двухбаковыя кантакты дазволяць пашырыць партфель прамых інвестыцый з ААЭ і іншых краін у такія сферы нашай эканомікі, як сельская гаспадарка, прамысловасць, паслугі, транспарт, лагістыка і іншыя», — сказаў Раман Галоўчанка.

Беларусь стабільна нарошчвае пастаўкі тавараў і паслуг у ААЭ і іншыя краіны рэгіёна. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту — прадукты нафтахімічнай перапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, харчовыя прадукты і розныя віды абсталявання. У сферы паслуг актыўна экспартуюцца камп’ютарныя і транспартныя паслугі. Па словах прэм’ер-міністра, стабільна павялічваецца і колькасць турыстаў з ААЭ, якія наведваюць Беларусь. «Разам з тым мы зацікаўлены ў далейшым нарошчванні экспарту па ўжо вядомых у гэтым рэгіёне пазіцыях, а таксама па такіх адносна новых напрамках, як розныя віды тэхнікі, прадукцыя лёгкай і цяжкай прамысловасці. Мы таксама зацікаўлены ў сумеснай рабоце па ўдасканаленню і аблягчэнню транспартна-лагістычных шляхоў пастаўкі нашай прадукцыі ў ААЭ і іншыя краіны рэгіёна», — адзначыў ён.

Раман Галоўчанка запэўніў: урад працягне ствараць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Беларусі, асабліва ў галіне стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей, а таксама падтрымліваць інвестараў, зацікаўленых у развіцці доўгатэрміновых узаемавыгадных кантактаў.

Сёння прэм’ер-міністр Беларусі таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага дня Беларусі на сусветнай выставе «ЭКСПА-2020» у Дубаі і правёў перагаворы з міністрам талерантнасці і суіснавання ААЭ, генеральным камісарам сусветнай выстаўкі «ЭКСПА-2020» шэйхам Нахаянам бен- Нахаянам.


Галоўчанка: на ЭКСПА прапрацоўваем супрацоўніцтва з краінамі Блізкага Усходу і Персідскага заліва

Беларусь на сусветнай выстаўцы «ЭКСПА-2020» у Дубаі прапрацоўвае супрацоўніцтва з краінамі Блізкага Усходу і Персідскага заліва. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на палях выстаўкі, паведамляе БелТА.

«Як праінфармавалі эмірацкія калегі, беларускі павільён на „ЭКСПА-2020“ выклікае інтарэс, прыцягвае вялікую колькасць наведвальнікаў. Каля 200 тыс. наведвальнікаў пабывалі ўжо ў беларускім павільёне. Гэта нядзіўна, паколькі мы падышлі да планавання прафесійна і пастараліся ў рамках абмежаванай прасторы прадставіць самыя лепшыя дасягненні нашай краіны. Вядома, яны прыцягваюць увагу», — сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу на тое, што Беларусь у гэтым рэгіёне не навічок. У прыватнасці, у краіны даволі даўнія і ўстойлівыя сувязі з ААЭ — і дзелавыя, і палітычныя. «Таму наш удзел у „ЭКСПА-2020“ — гэта працяг той работы, якая была праведзена. Вядома, мы будзем выкарыстоўваць магчымасці выстаўкі для рэкламы нашай краіны не толькі ў ААЭ, але і за межамі, асабліва ў рэгіёне Блізкага Усходу, Персідскага заліва. Сённяшні інвестыцыйны форум таксама накіраваны на тое, каб устанавіць новыя бізнес-сувязі, новыя кантакты, адпрацаваць напрамкі магчымага эканамічнага супрацоўніцтва не толькі з ААЭ, але і з усімі краінамі рэгіёна, рынкі якіх яшчэ да канца намі не асвоены», — адзначыў ён.

Беларусь і ААЭ рэалізуюць маштабныя інвестыцыйныя праекты ў галіне нерухомай маёмасці. На думку Рамана Галоўчанкі, цяпер трэба асаблівую ўвагу ўдзяліць супрацоўніцтву ў тэхналагічнай сферы. «Многія наведвальнікі выстаўкі здзіўлены тым, што Беларусь здольная выпускаць такую колькасць сучаснай машынабудаўнічай, электроннай тэхнікі, ІТ-прадуктаў. Над гэтымі сферамі трэба працаваць, трэба адкрываць Беларусь свету, таму што відаць, што інтарэс да нашай краіны ёсць», — падкрэсліў ён

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.