Вы тут

Кіраўнікі вядучых канфесій накіравалі зварот у сувязі з крызісам на мяжы


Кіраўнікі вядучых канфесій Рэспублікі Беларусь прынялі зварот да палітыкаў еўрапейскіх дзяржаў і вернікаў у сувязі з міграцыйным крызісам на беларуска-польскай граніцы.


Фота: БелТА

Подпісы пад дакументам паставілі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рымска-каталіцкай царквы Іосіф Станеўскі, муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Абу-Бекір Шабановіч, галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму Рыгор Абрамовіч.

«Трагічныя падзеі, звязаныя з міграцыйным крызісам, якія адбываюцца цяпер на міралюбівай і шматпакутнай беларускай зямлі, чалавечае гора і боль тысяч людзей, якія замярзаюць на межах нашых дзяржаў, заахвоцілі нас звярнуцца да вас, — гаворыцца ў дакуменце. — Асноўныя сусветныя рэлігіі прапаведуюць любоў да бліжняга свайго і заклікаюць да міласэрнасці, дабра і спачування: Слова Божае кажа нам аб тым, што вандроўнікі мы перад Ім і «прышэльцы, як і ўсе бацькі нашыя, як цень дні нашыя на зямлі і няма нічога трывалага».

«Мы, кіраўнікі вядучых канфесій Рэспублікі Беларусь, звяртаемся да палітыкаў сучасных эканамічна развітых і паспяховых еўрапейскіх дзяржаў. Не віна гэтых людзей, што яны, пакінуўшы свае родныя землі, дзе ідуць ваенныя дзеянні, шукаюць лепшага лёсу для сябе і сваіх дзяцей. Не віна іх у тым, што ад безвыходнасці і страху яны, пераадольваючы тысячы кіламетраў, разнастайныя цяжкасці і пазбаўленні, змушаныя шукаць прытулак у іншых краінах.Шлях да сваёй лепшай будучыні ў Еўропе гэтыя людзі шукаюць праз Беларусь.Людзі ўсіх нацыянальнасцяў і веравызнанняў жадаюць жыць пад мірным небам і бачыць усмешкі на тварах дзяцей», — гаворыцца ў звароце.

У дакуменце адзначаецца: «Зусім хутка хрысціянскі свет запяе славу нарадзіўшамуся Хрысту. Многія дамы будуць упрыгожаны да Божага Нараджэння, сімвалізуючы жаданне прыняць народжанага Бога ў сваім сэрцы. Чакаючы літасці і цудаў Божых у сваім жыцці, пераймаючы Творцу, мы можам утварыць цуд самі. Гэты перыяд адыходзячага года ва ўсіх традыцыйных рэлігіях вернікі больш актыўна робяць справы дабрачыннасці, міласэрнасці і дапамогі тым, хто жыве ў нястачы, прысвячаючы іх Богу, што ў гэтым годзе мы паднясём у дар Богу? Бо ў кожнага бежанца, які чакае вырашэння свайго лёсу на еўрапейскай мяжы, ёсць свая асабістая трагедыя. Іх слёзы, якія праліліся ад болю на роднай зямлі, працягваюць пралівацца». 

«Кожны чалавек, створаны па вобразу і падабенству Божаму, мае права быць пачутым і зразуметым, жыць у міры, быць упэўненым у сваім заўтрашнім дні і будучыні сваіх дзяцей, — адзначылі кіраўнікі канфесій Беларусі. — У чаканні Ражства Хрыстова і Новага года заклікаем палітыкаў, усіх вернікаў і проста неабыякавых людзей Еўропы да мудрасці, міласэрнасці і спагады, да выратавання людзей, якія знаходзяцца без прытулку, у стане роспачы. Мы ўсе заклікаемся словам Божым да найхутчэйшага вырашэння сітуацыі, якая склалася — даць ім не толькі надзею і параду, а неабходную дапамогу і магчымасць рэалізаваць свае спадзяванні». 

«Сёння мы павінны задумацца: а што чакае нас у недалёкай перспектыве? што будзе заўтра? Бо кожнаму з нас належыць даць адказ перад Госпадам за свае дзеі, бо на зямлі мы толькі прышэльцы і падарожнікі. Хай будзе з усімі намі мір і Божае благаслаўленне!» — гаворыцца ў звароце кіраўнікоў вядучых канфесій Рэспублікі Беларусь.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.