Вы тут

Попыт на бухгалтараў, інжынераў і медыкаў


У Віцебскай вобласці ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя застаўся на леташнім — каля 0,3 %. На ўліку каля 1,2 тысячы чалавек. Дарэчы, гэта на чатырыста меней, чым год таму. Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, у эканоміцы заняты парадку 472,4 тысячы чалавек. Назваць тых, хто не ў гэтым спісе, лішнімі язык не паварочваецца, бо традыцыйна вакансій у некалькі разоў больш, чым беспрацоўных.


Па інфармацыі на 1 кастрычніка колькасць апошніх знізілася ў дзевятнаццаці раёнах вобласці з 21-го, тое самае — у гарадах Віцебску і Наваполацку, не змянілася — у Бешанковіцкім раёне, павялічылася — у Шумілінскім.

У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» на 2021—2025 гады ў студзені-верасні 12,7 тысячы чалавек працаўладкаваныя, 83 беспрацоўных атрымалі субсідыю для арганізацыі ўласнай справы, больш за 2,5 тысячы чалавек прынялі ўдзел у аплатных грамадскіх працах. Была арганізавана адаптацыя да працоўнай дзейнасці сарака інвалідаў. Каля трыццаці сем'яў беспрацоўных перасялілі на новае месца жыхарства і працы.

У вольны ад вучобы час працавалі каля чатырох тысяч хлопцаў і дзяўчат. Каля 380 чалавек былі накіраваныя на навучанне па запатрабаваных прафесіях. Сярод апошніх: швачка, кіроўца аўтамабіля, кантралёр-касір, кухар, прадавец, цясляр, слесар-рамонтнік, слесар па рамонце аўтамабіляў, электрагазазваршчык.

Пастаянным попытам карыстаюцца бухгалтары, інжынеры, медыцынскія сёстры, урачы. У сельскай мясцовасці запатрабаваныя трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы, ветурачы, заатэхнікі.

Сярод новых магчымасцяў зарабляць — догляд састарэлага чалавека ў замяшчальнай сям'і. У Віцебскай вобласці каля пяцідзесяці замяшчальных сем'яў. Як адзначылі ў Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, гэта добрая альтэрнатыва стацыянарным формам сацыяльнага абслугоўвання. Яна дазваляе адзінокім пажылым людзям, інвалідам як мага даўжэй пражываць у звыклых хатніх умовах у сем'ях, якія клапоцяцца пра іх.

У замяшчальнай сям'і самотны чалавек атрымлівае неабходны догляд і клопат. Памочнік, дарэчы, можа працаваць або вучыцца, аднак не ў шкоду клопату аб падапечным. У дваццаці замяшчальных сем'ях па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў памочніку выплачваецца ўзнагароджанне ў сувязі з ажыццяўленнем догляду адзінокіх інвалідаў І групы, якія страцілі здольнасць самаабслугоўвання.

Аб узроўні заробкаў у Прыдзвінскім краі можна меркаваць па абвестках на сайце абласной газеты «Віцебскія весці», дзе размешчана каля 6 тысяч вакансій, у тым ліку каля 80 — за дзень. Сярод свежых — рабочы рытуальных паслуг у Оршы. Яму гатовы плаціць 500—600 рублёў у месяц. А выхавальніку інтэрната полацкага кадэцкага вучылішча — каля 440 рублёў. Мантажнік будаўнічых канструкцый у віцебскім домабудаўнічым камбінаце можа разлічваць на заробак ад 1000 рублёў. У прадпрыемстве «Віцебскжылпраект» кандыдату на пасаду начальніка архітэктурна-будаўнічага аддзела абяцаюць 10 000 рублёў. Нагадаю, у сярэдзіне жніўня аршанскае ТАА «Цыліндэрс-Бел», якое займаецца вытворчасцю бясшвовых стальных балонаў высокага ціску, шукала кіраўніка з веданнем англійскай і чэшскай моў на заробак 6,2 тысячы рублёў у месяц. Аб'ява і цяпер актуальная. Відавочна, што на пасады з высокімі заробкамі цяжка знайсці кандыдатаў, якія адпавядаюць патрабаванням наймальніка.

Яшчэ адно назіранне: імідж Віцебшчыны як рэгіёна, адкуль працоўная сіла ўцякае праз празрыстую з Расіяй мяжу, бадай, перастае адпавядаць рэчаіснасці. Гісторыі пра падманы пры аплаце працы за мяжой, дрэнныя ўмовы работы, пандэмія паўплывалі на змяншэнне колькасці гастарбайтараў. Прайшлі гады, калі адчувалася вострая праблема ў пытанні працаўладкавання ў рэгіёне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.