Вы тут

Узоры з дываноў і лялькі-энергетыкі


Яна з дзяцінства цікавілася вышыўкай — навучылася гэтаму ў сваёй мамы. Пазней, калі звязала лёс з Беларуссю, пачала вывучаць мясцовую аўтэнтыку. Захапленне пераўтварыла ў мэту жыцця — аднавіць і захаваць узоры сваёй другой радзімы — Воранаўшчыны. Тэхніку вышыўкі яна пераняла ад майстрых Забалацкага, Канвелішскага, Пагародзенскага сельскіх Саветаў. Гэтыя ўзоры ў хуткім часе пачала вышываць на ручніках. За кароткі час іх вышыла дзясятак. Таксама стварыла сваю, воранаўскую, ляльку — добрую і вясёлую. Менавіта з такім настроем распачынае работу над сваімі творамі майстар народных промыслаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Мялько.


Размова з Галінай Віктараўнай пачынаецца з галоўнага, на мой погляд, пытання: якім чынам яна звязала свой лёс з Беларуссю? Аказалася, што суседняя краіна для яе, ураджэнкі Пскоўшчыны, не чужая. На памежжы некалі пражывалі продкі. А сама яна пасля школы вырашыла паступіць у Віцебскае вучылішча бытавога абслугоўвання. Пасля вучобы прыехала на першае месца работы — у быткамбінат Воранава. З тае пары гэты край стаў для яе другой радзімай.

Больш за тое — Галіна Мялько занялася вывучэннем народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Воранаўскага раёна. Імкнулася адчуць настрой і душу народа праз яго этнічную культуру. У прынцыпе, гэта аказалася няцяжка. Бо спадчына кожнага народа мае адзіны фундамент — прыгажосць і духоўнасць.

— Выйшла замуж за беларуса, тут засталася, тут нарадзіліся мае дзеці. Маё дзявочае прозвішча — Ахрамеева. У дзяцінстве чамусці звалі «храм божы». Так мае аднакласнікі гаварылі. Спачатку злавала, бо тады ніхто асабліва не хадзіў у храмы. Але потым мне гэтая мянушка спадабалася, рэагавала спакойна, — успамінае Галіна.

Што датычыць матываў творчасці, яны нараджаліся з навакольнага свету, той простай, але вельмі пранікнёнай прыроды, якая некалі захапіла дзяўчынку.

— Нарадзілася на хутары, і прырода, прыродныя багацці вакол мяне вельмі ўражвалі, заўсёды захаплялася полем, кветкамі, квітнеючымі садамі, гэта ў нашай сям'і было кожнаму блізкім і зразумелым, — працягвае дзяліцца рукадзельніца. — І тут, на беларускай зямлі, мы жывём на прыродзе, гэта нібыта працяг майго дзяцінства, магчымасць больш глыбока спасцігаць новыя тайны прыроды.

Яшчэ раней, калі Галіна размалявала шкатулкі і паказала іх мастаку, той вызначыў яе творчасць як «наіўнае мастацтва». Так і ёсць, пагаджаецца майстрыха. Бо галоўнай сваёй задачай бачыць адлюстраванне светлага і прыгожага свету, магчымасць падзяліцца ім з наваколлем. Кажа, што гэта перадалося ёй ад маці, якую таксама можна назваць народнай умеліцай. Таму і рамяство сваё звязала з рукадзеллем. Найбольшы інтарэс выклікалі самабытныя ўзоры. Захацелася даведацца, чым адметная мясцовасць яе другой радзімы...

— Наша Воранава мае сваю асаблівасць. Тут пражываюць і беларусы, і літоўцы, і палякі, і рускія. Я ўжо некалькі гадоў, як прыйшла працаваць у культурную сферу, стала вывучаць народныя ўзоры, народны строй, і заўважыла, што нават у нашым воранаўскім касцюме можна ўбачыць элементы ўсіх гэтых нацыянальнасцяў. Такую ж асаблівасць маюць і ручнікі, — распавядае Галіна.

Для таго каб падняць гэты пласт старажытнага рамяства, яна занялася вывучэннем этнаграфіі рэгіёна. Стала перакладаць арнамент з вытканых ручнікоў і дываноў на вышыўку. Прычым, карыстаецца толькі льняным палатном. Кажа, што тканіна нясе асаблівую, зямную энергетыку. Гэта надае дадатковы імпульс у рабоце. Ручнік — нібы працяг поля. Самабытнасць і народныя матывы заслужылі прызнанне на многіх фестывалях і конкурсах.

— У абласным конкурсе «Гарадзенскі ручнік» раён паказаў калекцыю «Матуліна песня». Гэта тры ручнікі. На адным — каласы з валошкамі, ён прысвечаны Дажынкам. Другі — з багатай вышыўкай, карункамі. Арнамент беларускі — засеянае поле, насенне ў выглядзе геаметрычных знакаў. Трэці таксама з геаметрычнымі салярнымі ўзорамі, чырвона-чорнага колеру. Усе ручнікі вышытыя крыжыкам на льняным палатне, — расказвае размоўца.

 

Нядаўна яна выставіла вялікае палатно на абласным фестывалі «Дажынкі». Вышыла на ім рэгіянальны арнамент і мясцовыя славутасці — усім вельмі спадабалася. Сама майстрыха асабліва ганарыцца ручніком, дзе ўвасоблены тры святы — Благавешчанне, Вербная нядзеля і Вялікдзень. Вышыўка гладдзю падобная на сляды пэндзля, кажа яна. Гэта вельмі насычаны і выразны ўзор.

Як кожны творца, Галіна Мялько спрабуе сябе і ў іншых відах мастацтва. Нельга не прыгадаць яе цудоўныя лялькі. Здаецца, што тут за дзіва? Цяпер гэта даволі распаўсюджаны від творчасці, многія рукадзельніцы іх вырабляюць. Але ў воранаўскай майстрыхі яны толькі ветлівыя, з вясёлымі тварамі. Разам з тым, нясуць этнічную асаблівасць — народны строй, як жаночы, так і мужчынскі. Кожная работа адлюстроўвае святочны касцюм адпаведнай мясцовасці. У конкурсе «Арт-парад у Віцебску», які праходзіў у анлайн-фармаце з удзелам 26 краін, Галіна Мялько правяла майстар-клас па вырабе лялькі-славянкі. Яшчэ майстрыха стварыла шэсць лялек, якія сімвалізуюць шэсць рэгіёнаў Беларусі. За свае работы яна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і рамяство». Адзначалася, што лялькі нясуць добрую энергетыку. Для кожнага аўтара гэта важна.

— Цяпер, у тым ліку з-за пандэміі, чалавек вельмі многае пераглядае ў сваім жыцці.Задумваецца, для чаго жыве. Напрыклад, мне прызначана несці дабро праз сферу культуры, дзе працую. А ў творчасці няма абмежаванняў, там можна рэалізаваць сябе, знайсці натхненне, — кажа суразмоўца.

 

Яшчэ ў яе планах — паспрабаваць сябе ў выцінанцы. І першы вопыт ужо ёсць. Летась яна стварыла калекцыю паштовак «Велікодны падарунак», за якую атрымала першую прэмію на абласным конкурсе. «Рада старацца, — кажа на заканчэнне гутаркі воранаўская рукадзельніца, — асабліва калі мае работы падабаюцца. Я навучылася цаніць жыццё, быць удзячнай кожнаму дню, бачыць дабро, і гэта мне хочацца ўвасобіць у сваіх работах. Каб чалавек парадаваўся і ўсміхнуўся. Вось такія ў мяне адносіны з творчасцю».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.