Вы тут

Як мёд памагае захоўваць жаночую прыгажосць і маладосць


Пра лекавыя ўласцівасці мёду нам вядома з ранняга дзяцінства, таму што гэтыя нашы першыя лекі ад прастуды і кашлю. Вядомы старажытнагрэчаскі філосаф і «бацька медыцыны» Гіпакрат лічыў, што мёд увабраў у сябе столькі сіл ад прыроды, што здольны вылечыць чалавека «ад тысячы хвароб». Па легендзе поруч з месцам пахавання Гіпакрата пасяліліся дзікія пчолы, пра што даведаліся сучаснікі, і натоўпы паломнікаў накіраваліся ў Фесалійскую даліну за адменна гаючым мёдам.


Фота: pixabay.com

Мёд – не толькі цудадзейныя лекі, смачны ласунак, ён таксама дапамагае захаваць жаночую прыгажосць і маладосць, таму даўно ўзяты красунямі на ўзбраенне: пажыўныя маскі для твару і цела, мядовыя абкручванні, мядовы масаж і інш. Здаўна мёд існуе ў касметыцы.

Мядовая маска для твару

Гэта адна з нескладаных, але вельмі эфектыўных хатніх працэдур. Мядовая маска спрыяе падтрыманню свежасці і маладосці скуры, рэгулюе абменныя працэсы і водны баланс, паспяхова змагаецца са з'яўленнем маршчын. А ўсё таму, што мёд багаты такімі рэчывамі, як глюкоза, фруктоза, бялок, утрымвае асноўныя амінакіслоты і вітаміны, солі калію, натрыю, жалеза, фосфару, кальцыю і шэраг іншых важных мікраэлементаў. Мёд вядомы як прыродны антыбіётык, а значыць, здымае запаленчыя працэсы на скуры, выступае ў ролі антысептыка, загойваючы невялікія ранкі, вугрысты сып і прышчы. Мядовая маска – выдатная абарона ад уплыву такіх неспрыяльных знешніх фактараў, як дрэннае надвор'е і шкодная гарадская экалогія.

Для нармальнай скуры твару. Змяшайце 1 яечны бялок з ½ ч. л. міндальнага алею, 2 ст. л. аўсянай мукі і 1 ст. л. мёду. Злёгку ўзбіце, нанясіце на твар на 15-20 хвілін, потым здыміце маску ватным дыскам ці сурвэткай, змочанай у цёплай вадзе. Для завяршэння працэдуры карысна зрабіць халодны кампрэс ці працерці скуру кубікам лёду.

Для сухой скуры твару. Разамніце адну бульбіну, дадайце да яе 2 ст. л. малака, па 1 ст. л. аліўкавага алею і мёду, ампулу вітаміну Ё. Перамяшайце і атрыманую сумесь нанясіце на твар. Праз 15-20 хвілін маску змыйце халаднаватай вадой.

Для тлустай скуры твару. Узбіты яечны бялок змяшайце з 1 ст. л. мёду, 1 ст. л. соку лімона, 50 мл малака і дадайце вотруб'е для лепшага нанясення маскі. Нанясіце маску на твар на 15-20 хвілін, потым здыміце сурвэткай, змочанай у цёплай вадзе. Скуру карысна працерці рамонкавым настоем.

Для праблемнай скуры твару. Зварыце адвар з рамонка ў прапорцыі 1:10. Развядзіце 2 ст. л. мёду ў 50 мг цёплага адвару і наносьце раз на тыдзень на 20-25 хвілін на скуру, што пакутуе ад вугрыстага сыпу.

Маска для сухіх валасоў. Вазьміце 1 ч. л. мёду, 1 ст. л. густой смятаны, 2 зубкі часнаку. Згатуйце настой крапівы для апалосквання (50 г сухога лісця крапівы на 2 шклянкі кіпеню). Змяшайце ўсе інгрэдыенты, дробна здрабніўшы часнок. Нанясіце маску на валасы на 20-30 хвілін. Пасля мыцця валасоў цёплай вадой з шампунем апаласніце крапіўным настоем, які трэба папярэдне працадзіць.

Маска для саслабелых валасоў. Прапорцыі: на 1 ст. л. соку альясу бярэцца 1 ст. л. мёду. Усё старанна перамяшайце, нанясіце на валасы на 10 хвілін і змыйце цёплай вадой. Гэтую маску можна прыгатаваць і захоўваць у халадзільніку.

Маска пры выпадзенні валасоў. Склад: 1 ч. л. мёду, ½ ч. л. соку часнаку, 1 ч. л. густой тлустай смятаны, 1 ч. л. соку цыбулі, 4 кроплі алею лаванды. Кампаненты змяшайце і нанясіце маску на карані валасоў на паўгадзіны. Змыйце цёплай вадой з шампунем. Праводзьце працэдуру 1 раз на тыдзень.

Маска для тлустых валасоў. Вазьміце па 1 ст. л. мёду, лімоннага соку, соку альясу, здробненага часнаку. Змяшайце інгрэдыенты, нанясіце на тлустыя валасы, абгарніце харчовай плёнкай і ручніком. Трымайце паўгадзіны, потым змыйце цёплай вадой з шампунем. Для апалосквання рэкамендуецца згатаваць ваду з даданнем сухой гарчыцы.

Асцярожна: алергія!

  • Здараецца, што імунная сістэма “блытае” мёд з патэнцыйна небяспечным для арганізма рэчывам і пачынае выпрацоўваць гістамін і антыцелы для змагання з ім.
  • Праявы алергіі на мёд могуць быць рознымі і залежаць ад стану здароўя чалавека. Найболей частымі сімптомамі з'яўляюцца насмарк, ацёкі губ ці языка, слязлівыя вочы, пяршэнне ў горле, чханне і сып. Таксама ў рэдкіх выпадках могуць паўстаць болі галавы і стомленасць.
  • Алергікам пра мёд важна ведаць, што алергічная рэакцыя ўзнікае не толькі на чысты прадукт, але і на рэчывы, якія могуць утрымваць зусім нязначную колькасць мёду.
  • Найнебяспечнейшым ускладненнем, якое можа суправаджаць алергію на мёд, лічыцца анафілактычны шок – галавакружэнне, задышка, непрытомнасць і сутаргі. Яго немагчыма вылечыць, проста прыняўшы таблетку «Дымедролу» і інш. Тэрмінова выклікайце «хуткую»!

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.