Вы тут

Святыні нас яднаюць у народ


Гэтай восенню ў дваццаць восьмы ўжо раз па вызначаным маршруце з Мінска рушыла Навукова-асветніцкая міжнародная экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. У дарогу па гарадах і вёсках Бацькаўшчыны скіраваўся калектыў, склад якога ад пачатку першых экспедыцый амаль не змяніўся: вядомыя святары, гісторыкі, літаратары, дзеячы мастацтваў. Іх мэта – пабываць у мясцінах, найбольш значных для нашай гісторыі, дазнацца пра нешта дагэтуль малавядомае і самім, у часе сустрэч з людзьмі, данесці новыя веды пра мінуўшчыну тых мясцін.


Экспедыцыя атрымала ў дарогу з рук мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Новы Запавет, перакладзены на беларускую мову.

На дарозе ў Ганцавіцкі раён экспедыцыю вітаюць вясковыя спевакі й музыканты

Паяднальнымі сімваламі экспедыцыі з першага яе дня застаюцца лампада, запаленая ад Благадатнага Агню ля Гроба Гасподняга ў Ерусаліме, і цудадзейны абраз: ён быў знойдзены на Святым полі пад Баранавічамі, дзе пакінулі сляды многія войны мінулых стагоддзяў. У гарадах і вёсках з найвялікшай пашанаю сустракаюць лампаду і абраз: з імі святары асвячаюць школы, бальніцы, установы адукацыі, сямейныя дзіцячыя дамы. Агонь ад лампады пасля сумеснага набажэнства перадаецца на свечкі прыхаджан, і яны нясуць тое святло-цеплыню дадому: як сімвал адзінства, якое запавядалі нашы продкі.

Праз Мінскую і Брэсцкую вобласці прайшла сёлетняя экспедыцыя “Дарога да Святыняў”. Варта нагадаць, што ўдзельнікі яе за мінулыя гады прайшлі-праехалі дзясяткі тысяч кіламетраў.

Ад аднаго паселішча да наступнага мы ехалі на аўтобусе, бліжэй да тых, хто сустракае экспедыцыю, падыходзілі пешшу, і далей ужо разам з мяцовымі жыхарамі рухаліся ў Хросным ходзе. Сумесныя набажэнствы у мясцовых храмах, творчыя сустрэчы ў клубах і палацах культуры, урокі пісьменства ў школах ладзіліся ў гарадах і вёсках з раніцы да вечара. Не абыходзіў наш маршрут і знакавыя мясціны: ля мемарыялаў і брацкіх магіл воінаў і партызан, бязвінных ахвяраў вайны святары разам з усімі ладзілі памінальныя набажэнствы.

Удзельнікі экспедыцыі наведалі Этнаграфічна-літаратурны музей Якуба Коласа ў вёсцы Люсіна (Ганцавіцкі раён). У тых мясцінах у 1902-1904 гадах будучы пясняр працаваў настаўнікам.

 Да сустрэчы экспедыцыі ганцавіцкія майстры вышывання падрыхтавалі выставу традыцыйнай творчасці.

Даследуючы мінулае і ролю царквы ў нашай агульнай гісторыі, удзельнікі экспедыцыі наведваюць мясціны, звязаныя з жыццём славутых святароў, вернікаў, якія пакінулі след ва ўдзячнай памяці нашчадкаў. На сёлетнім маршруце, напрыклад, быў зроблены прыпынак у райцэнтры Узда, каб пабываць на месцы пахавання святога пакутніка Міхаіла Навіцкага. І вядомага святара Пятра Грудзінскага ўзгадвалі і ў ягонай роднай вёсцы, сённяшнім аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна. Таксама ўдзельнікі пабывалі ва ўрочышчы Ізбійскі Бор Ганцавіцкага раёна: у даўніну там быў знойдзены цудадзейны абраз Маці Божай.

Чарговы прыпынак на шляху – ля асвечанай крынічкі.

Лампада з Благадатным Агнём, запаленым каля Гроба Гасподняга

Усюды, дзе бывала экспедыцыя, яе ўдзельнікі разам з жыхарамі садзілі маладыя дрэўцы, якія штогод пашыраюць Усебеларускі Сад малітвы. Такая традыцыя склалася даўно. Пасаджаныя за мінулыя гады па ўсёй краіне многія сотні яблынек, дубкоў, бярозак растуць-падрастаюць на галоўных плошчах, у скверах, каля храмаў і вакол мемарыялаў. Усебеларускі Сад малітвы – яшчэ адзін каштоўны, жывы сімвал экспедыцыі, які памкнёны ў будучыню і будзе нагадваць нашчадкам пра сёняшні шлях наш да духоўнасці, да згоды, да адзінства.

Яўген Пясецкі

Фота аўтара

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Святыні нас яднаюць у народ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.