Вы тут

Прыгожыя кветкі з розных лугоў


На чарговым пасяджэнні Кансультатыўнага міжэтнічнага савета, які працуе пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, падвялі вынікі працы за год і аднагалосна пераабралі Георгія Егіазарана старшынёй.


Аляксандр Румак і Георгій Егіазаран

У Беларусі на 1 студзеня 2021 года было афіцыйна зарэгістравана 205 грамадскіх аб'яднанняў ды іх аргструктур 25-і нацыянальных супольнасцяў. Для таго, каб каардынаваць іх працу, і створаны Кансультатыўны міжэтнічны савет. Старшынёй яго зноў абраны Георгій Егіазаран (ён да таго ж узначальвае Мінскае гарадское армянскае культурна-асветніцкае таварыства "Айастан"), яго намесніцай — Кімі Ры, кіраўніца Асацыяцыі беларускіх карэйцаў. Абавязкі адказнага сакратара, як і раней, будзе выконваць Эльвіра Ляўшэвіч, кіраўніца Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Татара-башкірская культурная спадчына "Чышма"".

Георгій Егіазаран, які жыве ў Беларусі з 1979 года, — нязменны старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага савета з 2006-га, з самага пачатку яго ўтварэння. Георгій Анушаванавіч, як ніхто іншы, ведае пра жыццё ва ўсіх нацыянальных грамадскіх арганізацыях, кіраўнікі якіх уваходзяць у савет. Пад яго старшынствам кіраўнікі суполак карэйцаў, татараў і башкіраў, чувашоў, дагестанцаў, азербайджанцаў, яўрэяў, малдаван, украінцаў, грэкаў, туркменаў, цыган, літоўцаў, рускіх, палякаў, эстонцаў, грузін, афганцаў, палесцінцаў, казахаў, немцаў збіраюцца разам, каб ладзіць агульныя праекты, дзяліцца досведам, быць у курсе спраў адзін аднаго.

Прадстаўнікі розных нацыянальных дыяспар жывуць на беларускай зямлі мірна і ў згодзе. Ім тут не забараняецца вывучаць родную мову і размаўляць на ёй, развіваць сваю культуру. Наша дзяржава ў тым па меры магчымасці дапамагае суполкам. Летась, напрыклад, за лік сродкаў Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, выдзеленых на гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэта, у рамках падпраграмы "Спадчына" Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады былі выраблены й перададзены нацыянальныя сцэнічныя касцюмы, а таксама музінструменты для творчых калектываў армянскага, чувашскага, малдаўскага, туркменскага, татара-башкірскага, грузінскага, грэчаскага, карэйскага, польскага, цыганскага й палесцінскага нацыянальна-культурных аб'яднанняў, выдадзены буклеты пра жыццё прадстаўнікоў армянскай і грузінскай дыяспар. Кіраўнікі яшчэ некалькіх нацыянальных суполак атрымалі новыя сцэнічныя касцюмы ў часе пасяджэння савета, з рук Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака.

Такім падарункам у суполках вельмі рады: іх творчыя калектывы актыўна ўдзельнічаюць у розных фестывалях і канцэртах. Сёлета, нягледзячы на абмежаванні з-за каранавіруса, яны выступалі на канцэрце, прысвечаным 30-годдзю СНД, далі канцэрт для маленькіх пацыентаў Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, паказалі свае таленты на Дні Расіі ў Верхнім горадзе ў Мінску. Дарэчы, пасля некаторага перапынку ў Верхні горад вяртаюцца й Дні нацыянальных культур: хутка ў жніўні пройдзе Дзень малдаўскай культуры. А на Дзень горада ў Мінску плануецца ўрачыстае адкрыццё XІІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. У часе фестывалю, як звычайна, пройдзе конкурсны адбор салістаў і творчых калектываў нацыянальных суполак па ўсёй Беларусі —лепшыя з іх змогуць патрапіць, ужо ў наступным годзе, у Гродна: на ўрачыстае закрыццё фестывалю.

Традыцыйную акцыю "Тыдзень леса", у якой штогод удзельнічаюць актывісты розных дыяспар, яны прысвяцілі сёлета Году народнага адзінства. Ужо ў 14-ы раз прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў садзілі сосны, прадаўжаючы супрацу з Валожынскім лясгасам. Такія талокі, дарэчы, і прыклад іншым у беражлівым стаўленні да лесу, і клопат пра будучыню, росквіт беларускай зямлі.

Напрыканцы Кансультатыўнага міжэтнічнага савета яго ўдзельнікам прадставілі новага калегу: Аляксандра Сангіна. У сакавіку Аляксандр Генрыхавіч быў абраны новым старшынёй грамадскага аб'яднання "Саюз палякаў на Беларусі" — на Х справаздачна выбарчым з'ездзе СПБ. Ён змяніў на гэтай пасадзе Мечыслава Лысага.

На сённяшні дзень у складзе Савета 21 чалец: кожны прадстаўляе нацыянальна-культурныя грамадскія аб'яднанні ды іх саюзы, зарэгістраваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі. А паміж нацыянальнымі суполкамі даўно склаліся творчыя, сяброўскія стасункі.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.