Вы тут

Алімпійскі дзённік. Беларусы яшчэ пазмагаюцца!


Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў вярнуўся ў Мінск, дзе яго ўрачыста сустракалі кіраўніцтва, сябры і блізкія людзі. Максім падзякаваў усім за падтрымку і падзяліўся ўражаннямі ад Алімпіяды. «Было б ранавата ў 23 гады скокнуць 2.39. Наперадзе яшчэ некалькі алімпіяд і там трэба паказваць добрыя вынікі, скакаць вышэй і забіраць сваё заслужанае „золата“. Я ў сабе ўпэўнены. Я яшчэ не ўсвядоміў, што ў мяне бронзавы медаль Алімпійскіх гульняў. Я страціў тры кілаграмы пасля спаборніцтваў, есці зусім не хацелася. І спаць цяжка было. Цяпер планую тыдзень адпачыць, а потым — зноў на старты», — расказаў Максім Недасекаў.


Фота БелТА

Барацьба. Ірына Курачкіна (57 кг) у паўфінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе ўпэўнена перамагла Эвелін Ніколаву з Балгарыі, выйшла ў фінал, і самае галоўнае — забяспечыла сабе мінімум «серабро» Алімпійскіх гульняў. У фінале саперніцай беларускі стане прадстаўніца Японіі Рысака Каваі.

Працягне сваё выступленне ў Токіа і барэц вольнага стылю Алі Шабанаў (86 кг). Яго сапернік па мінулым паядынку амерыканец Дэвід Морыс Тэйлар выйшаў у фінал. Гэта дае Алі Шабанаву магчымасць змагацца за «бронзу» Алімпіяды.

Свой алімпійскі шлях пачнуць барцы вольнага стылю — Дзяніс Храмянкоў і Магамедхабіб Кадзімагамедаў. З алімпійскім настроем, зададзеным Ірынай Курачкінай, на дыван выйдзе Ванеса Каладзінская. Ёй, магчыма, на роду было напісана займацца спортам. Яе бацька Валерый Каладзінскі — вядомы трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Ванеса — адзіная з беларускіх спартсменак, хто двойчы выйграў чэмпіянат свету па жаночай барацьбе. Нават нараджэнне дзіцяці і наступныя праблемы са здароўем не змаглі яе прымусіць развітацца з барацьбой.

Веславанне на байдарках і каноэ. Барацьбу за алімпійскія медалі працягнуць і весляры. Вольга Худэнка і Марына Літвінчук выйшлі ў паўфінал заездаў байдарак-адзіночак на дыстанцыі 500 метраў. Алена Наздрова ўпэўнена выйшла ў 1/4 фіналу на дыстанцыі 200 метраў у каноэ-адзіночцы. Алег Юрэня і Юрый Баравікоў прабіліся ў паўфінал на дыстанцыі 1000 метраў у байдарцы-двойцы.

Лёгкая атлетыка. Павел Мялешка і Аляксей Каткавец выйшлі ў фінал спаборніцтваў у кіданні кап’я. У сваіх найлепшых спробах яны паказалі вынік у 82 м 64 см і 82 м 72 см адпаведна.

Стаў вядомы састаў беларускай каманды ў эстафетным бегу 4×400 метраў. Беларусь прадставяць Юлія Блізнец, Эльвіра Герман, Аляксандра Хільмановіч і Астэрыя Узо Лімай. Каманда бярэ маладосцю і ўпэўненасцю ў сваіх сілах. Самай старэйшай удзельніцы Юліі Блізнец — 26 гадоў, а Астэрыі Лімай увогуле 19.

У чацвер стартуюць спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе. На дыстанцыю 20 кіламетраў выйдзе Аляксандр Ляховіч. А ў сектары для скачкоў у вышыню пачнуцца жаночыя спаборніцтвы. Тут Беларусь прадставіць Карына Дзямідзік. Яна прапусціла амаль год, але адразу пасля вяртання змагла ўзяць вышыню ў 1 м 96 см. Вышыня ў два метры для яе дасягальная і ў 2019 годзе ўжо скаралася.

Веласпорт. У чацвер беларусы зноў будуць спрачацца за медалі ў веласіпедным спорце. На старт у дысцыпліне омніум выйдзе Яўген Каралёк. Як адзначаў сам спартсмен, алімпійскія гонкі ў Токіа будуць для яго апошнімі... на трэку. Пасля Алімпіяды ён плануе пераключыцца на выступленні на шашы. У свае 25 гадоў. Важна, што «еўрапейскае серабро» ў 2020 годзе ён заваяваў у омніуме.

Сучаснае пяцібор’е. У Токіа прадстаўляць беларускі сцяг будзе адна з вядучых пяціборак свету Настасся Пракапенка, чэмпіёнка свету 2018, чэмпіёнка Еўропы 2017, найлепшая спартсменка-пяціборка 2018 года на думку Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор’я. Двойчы яна сыходзіла ў дэкрэтны водпуск, але кожны раз вярталася ў спорт. Настасся Пракапенка настолькі выдатная спартсменка, што не толькі яна бегае за медалямі, але і яны за ёю. На Алімпіядзе 2008 года яна стала чацвёртай, але праз 10 гадоў у допінг-пробе ўкраінскай спартсменкі знайшлі забаронены прэпарат, а «бронза» напаткала сваю беларускую гераіню. Толькі летам 2021 года Настасся перамагла на чэмпіянаце свету ў Каіры, а затым разам з Вольгай Сілкінай заваявала «золата» ў эстафеце чэмпіянату Еўро-
пы. Дарэчы, Вольга Сілкіна, якая таксама выступіць у Токіа, чэмпіёнка свету 2019 года. На Алімпійскія гульні прыехаў Ілья Палазкоў. У алімпійскім сезоне Ілья сабраў «бронзу» і «серабро» двух этапаў Кубка свету. Разам з Настассяй Пракапенкай стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету ў змешанай эстафеце. А літаральна за два тыдні да Алімпіяды разам з Яраславам Радзюком заваявалі «серабро» чэмпіянату Еўропы.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.