Вы тут

З дыпломам аб адукацыі студэнты-аграрыі маюць магчымасць атрымаць і ваенны білет


Новае папаўненне ва Узброеных Сілах ужо больш за месяц як прыняло воінскую прысягу. Учарашнія прызыўнікі прайшлі курс маладога байца, цяпер у іх — баявая падрыхтоўка: ваеннаслужачыя спасцігаюць армейскую навуку як у вучэбных класах, так і на стрэльбішчах, палігонах. Сярод іх ёсць і тыя, хто асвойвае ваенна-ўліковую спецыяльнасць па паскоранай праграме: падчас сваіх летніх канікулаў студэнты аграрных ВНУ праходзяць воінскую службу ў рэзерве.


Гэта своеасаблівы эксперымент. Упершыню за гісторыю Узброеных Сіл Беларусі студэнтам вышэйшых навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю прапанавалі падчас летніх канікулаў адслужыць у войску. Згодна з Указам Прэзідэнта, дадзеная катэгорыя грамадзян мае права прайсці службу ў рэзерве. Тры гады (пасля першага, другога і трэцяга курсаў) усяго па месяцу-паўтара ў арміі — і ў маладога чалавека пасля заканчэння ВНУ будзе на руках не толькі дыплом аб вышэйшай адукацыі, а і ваенны білет.

Прапанова, ад якой нельга адмовіцца

Пакуль новаўвядзенне датычыцца толькі спецыялістаў-аграрыяў. Каб даведацца, ці многія з іх пагадзіліся падчас вучобы ва ўніверсітэце вырашыць сваё пытанне з арміяй, карэспандэнты «Звязды» накіраваліся ў 2-ю інжынерную брыгаду — менавіта там да нясення воінскай службы прыступілі студэнты сельскагаспадарчых ВНУ з усёй краіны. У эксперыментальным узводзе — 50 чалавек.

— З першых дзён, калі хлопцы трапілі ў армейскае асяроддзе, яны дакладна рэагуюць на пастаўленыя задачы, — расказвае намеснік начальніка збораў рэзерву па ідэалагічнай рабоце капітан Уладзімір ШЧУЦКІ. — Некаторыя навабранцы часам скардзяцца, што ім цяжка вывучыць тыя ж абавязкі ваеннаслужачага. У вайскоўцаў-аграрыяў такога няма. Маладыя людзі вучацца ў вышэйшых навучальных установах, многія з іх жывуць у інтэрнатах, таму да навучальнага працэсу і дысцыпліны яны ўжо прызвачаіліся. Правільна ўмеюць прыняць інфармацыю, класіфікаваць яе і ўмела прымяніць на практыцы. Ёсць сярод маладых людзей і відавочныя лідары: у хлопцаў блішчаць вочы, яны ўвесь час хочуць нешта рабіць, праяўляюць ініцыятыву.

Ніхто з іх, дарэчы, не шкадуе, што свае планы на лета яны добраахвотна памянялі. Студэнты адразу ж пагадзіліся на такі від службы — дзе яшчэ ёсць магчымасць за такі кароткі тэрмін, без адрыву ад навучальнага працэсу і родных вырашыць сваё пытанне з арміяй?!

Не доўга думаў і студэнт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, якая знаходзіцца ў Горках Магілёўскай вобласці, Аляксандр Вялы.

— Усе ў сям’і — і дзядуля, і бацька — служылі па паўтара-два гады, а мне выпаў шчаслівы білет, — перакананы малады чалавек, які скончыў першы курс. — Некаторыя мае аднагрупнікі не пажадалі дзеля службы ў войску ахвяраваць летам, для мяне ж гэта — выдатны варыянт, прапанова, ад якой нельга адмовіцца. Дарэчы, у вайсковай часці да нас вельмі добра адносяцца: на некаторыя моманты закрываюць вочы, выслухваюць, раяць, як паступіць у той ці іншай сітуацыі.

Вайсковец рэзерву прызнаецца, што ў параўнанні з вучобай у акадэміі, у арміі яму лягчэй. Праграма, па яго словах, не складаная, а ўсё, што звязана з баявой падрыхтоўкай, — увогуле вельмі цікава. Адзінае, да чаго яшчэ трэба прызвычаіцца, дык гэта да фізічных нагрузак, але і тут малады чалавек бачыць плюс — быць заўсёды ў спартыўнай форме. «А яшчэ армія вучыць чалавека цаніць і пераасэнсоўваць многія рэчы: адносіны з сям’ёй, ежу, свабодны час», — прызнаецца Аляксандр.

Міхаіл Булачка, таксама студэнт горацкай акадэміі, з самага дзяцінства марыў пабываць у ваенна-патрыятычным лагеры, пастраляць з аўтамата Калашнікава, пакідаць гранаты. Не давялося. Калі быў малы, не з’явілася такой магчымасці, калі ж падрос, планы на лета ў звычайнага вясковага хлопца сталі прадказальныя — Міхаіл з ранніх гадоў у сваім калгасе браў удзел ва ўборачнай кампаніі. Жніво было запланавана і на гэтае лета, але ўзнікла справа больш важная — служба ў войску.

— Яшчэ будзе час і папрацаваць, і адпачыць, цяпер жа нельга ўпускаць такую магчымасць, — мяркуе малады чалавек, калі гаворыць пра прапанову адслужыць падчас летніх канікулаў. — Мой старэйшы брат, які служыў традыцыйныя паўтара года, мне па-добраму зайздросціць.

Міхаіл адчувае сябе ў войску абсалютна камфортна. Ён і ў цывільным жыцці прачынаецца рана, не позна кладзецца спаць. Да дысцыпліны таксама прызвычаіўся з дзяцінства, у самастойнае жыццё ўжо ўцягнуўся пасля года жыцця ў інтэрнаце. Больш за тое пасля заканчэння ВНУ Міхаіл збіраецца зноў вярнуцца ў войска, каб працягнуць сваю службу па кантракце. На яго погляд, гэта найбольш выгадна, чым ісці адпрацоўваць па размеркаванні ў калгас.

Служба насычаная

Яшчэ адзін студэнт ВНУ сельскагаспадарчага профілю Арцём Перабейнас, які да службы ў войску займаўся грэка-рымскай барацьбой, кажа, што фізічныя нагрузкі ў арміі зусім не складаныя. І да рэжыму прызвачайваешся хутка: калі кладзешся ў дзесяць вечара, то зусім не складана прачнуцца ў 6.00.

— Мне вельмі спадабалася, калі мы ездзілі на стрэльбішча, — дзеліцца ўражаннямі будучы аграрый. — Напэўна, няма такіх хлопцаў, якія б не марылі патрымаць у руках зброю, а тым больш пастраляць з яе. Нам паказваюць сапраўдную ваенную тэхніку, тлумачаць прынцып яе работы. З нецярпеннем чакаю, калі будзем унікаць у падрыўную справу.

Неўзабаве навабранцы ўжо прыступяць да вывучэння сваёй ваенна-ўліковай спецыяльнасці: усе студэнты-аграрыі будуць сапёрамі. Гэта радавая пасада сярэднестатыстычнага салдата, якая не прадугледжвае працяглага навучання, а час у дадзенай катэгорыі ваеннаслужачых — вагу золата. Цяпер яны асвойваюць пачатковы курс ваеннай падрыхтоўкі: вучаць агульнавайсковыя статуты, удасканальваюць страявую, страляюць з аўтамата Калашнікава. Акрамя таго, у іх праходзяць заняткі па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне, спасцігаюць юнакі і тонкасці ваеннай тапаграфіі — усё згодна са стандартным цыклам падрыхтоўкі любога вайскоўца.

Іван Гашко вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Са сваімі бацькамі ён адразу вырашыў, што лепш тры гады запар схадзіць у войска і адслужыць па месяцу-паўтара, чым пасля ўніверсітэта, страчваючы сваю кваліфікацыю, ісці ў армію на цэлы год.

— Дзядуля, маёр запасу, і бабуля, у мінулым — ваенны фельчар, лічаць, што ў любым выпадку кожны мужчына павінен прайсці гэтую школу жыцця, — гаворыць салдат. — Я ўвогуле не маю права падвесці сваю сям’ю. Яшчэ жыве мой прадзед-ветэран Яўген Ванькевіч, які быў партызанам, а пасля вызвалення Беларусі трапіў у войска і дайшоў да Берліна. Другі мой прадзед, Аляксандр Партарэзкаў, якога я мала памятаю, у гады вайны вазіў на паўтаратонцы па «Дарозе жыцця» харчаванне, аднойчы ўзяў у палон нямецкага афіцэра, за што атрымаў узнагароду, — увогуле ўвесь яго кіцель быў у ордэнах і медалях.

Акрамя таго, малады чалавек — з дынастыі міліцыянераў. Таму «касіць ад службы», на яго думку, было б сорамна. Але ён пра гэта нават ніколі не задумваўся, таму з задавальненнем пагадзіўся падчас летніх канікулаў на ўласным вопыце зведаць, што такое салдацкае жыццё.

— Гэта вельмі цікава, калі ты трапляеш у абсалютна іншую для сябе атмасферу, дысцыпліну, робіш тое, чым дагэтуль ніколі не займаўся, — перакананы Іван Гашко. — Служба вельмі насычаная: мы не толькі развіваем свой кругагляд, вучымся новаму, а і атрымліваем дадатковую спецыяльнасць — у выніку пасля заканчэння ўніверсітэта будзем мець дзве прафесіі.

Пакуль такая магчымасць захоўваецца. Указ аб новым прызыве на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве кіраўніком дзяржавы ўжо падпісаны. Маладыя людзі, якія вучацца ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю або збіраюцца туды паступаць, як і героі публікацыі, могуць вырашыць сваё пытанне з арміяй хутчэй, чым яны думалі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Юліі АЛЯКСЕНКІ, «Ваяр».

Загаловак у газеце: Адслужыць падчас вучобы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.