Вы тут

Медыкі, якія атруціліся падчас аказання дапамогі жанчыне, выпісаны са стацыянара


Медыкі Брэсцкай абласной бальніцы, якія атруціліся падчас аказання дапамогі жанчыне на каналізацыйна-помпавай станцыі, выпісаны са стацыянара. Яны знаходзіліся ў медыкаментознай коме на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, але цяпер іх стан не выклікае апасенняў. Адметна, што сам урач і медыцынская сястра свой учынак не адносяць да гераічных, а цікавасць да сябе пасля здарэння лічаць празмернай.


Нагадаем, што 13 ліпеня 40-гадовая супрацоўніца «Брэстводаканала» працавала на каналізацыйна-помпавай станцыі, якая размешчана на тэрыторыі Брэсцкай абласной бальніцы.

У пэўны момант калегі не змаглі з ёй звязацца, і адзін з іх знайшоў жанчыну непрытомнай у рабочым памяшканні. Аказаць дапамогу пацярпелай прыйшлі 33-гадовы ўрач і 22-гадовая медсястра гэтай жа бальніцы.

— Чалавек, які знайшоў жанчыну непрытомнай, прыйшоў у прыёмнае аддзяленне і паведаміў, што яна ляжыць быццам бы ў крыві і непрытомная, — згадвае, як развіваліся падзеі, галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Карпіцкі. — Першая здагадка — што жанчына ўдарылася падчас падзення і атрымала траўмы. Нашы медыкі, а гэта дзяжурная медсястра і ўрач-уролаг, які знаходзіўся ў прыёмным аддзяленні, бо кансультаваў там пацыента, не раздумваючы пабеглі аказваць першую дапамогу.

Яны таксама страцілі прытомнасць. Па адной з версій, на каналізацыйна-помпавай станцыі адбылася ўцечка серавадароду. Гэта вельмі таксічны газ, пры ўдыханні паветра з ім узнікаюць галавакружэнне, галаўны боль, млоснасць, а ў значнай канцэнтрацыі ён прыводзіць да комы, сутаргаў, ацёкаў лёгкіх і нават да смерці. Пры высокай канцэнтрацыі аднаразовае ўдыханне можа выклікаць імгненную смерць.

Медыкаў, якія страцілі прытомнасць, таксама заўважылі і паведамілі пра гэта ў прыёмны пакой. Былі выкліканы супрацоўнікі МНС, яны і дасталі пацярпелых з памяшкання каналізацыйна-помпавай станцыі. Выратаваць супрацоўніцу «Брэстводаканала», на жаль, не ўдалося. А вось медыкі былі аператыўна дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне, уведзены ў штучную кому і падключаны да апаратаў ШВЛ. Больш за тыдзень яны правялі ў стацыянары. У іх лячэнні бралі ўдзел найлепшыя сталічныя таксіколагі і неўролагі, якія кансультавалі брэсцкіх калег. На гэтым тыдні стан медыкаў істотна палепшыўся, яны выпісаны і будуць праходзіць амбулаторнае лячэнне дома.

— Калі яны канчаткова паправяцца і выйдуць на работу, мяркую, што мы іх адзначым — і ад сябе, і ў прафсаюзнай арганізацыі маецца адпаведная ўзнагарода — нагрудны знак «За працу ў імя жыцця». Нашы гарадскія ўлады таксама маюць намер іх ушанаваць, — кажа Аляксандр Карпіцкі. — Сапраўды гэта не шараговы ўчынак — наш доктар увогуле, можна сказаць, выпадкова там апынуўся, ён не быў дзяжурны ў прыёмным аддзяленні. Але паступіў па-чалавечы і як сапраўдны ўрач адразу прыйшоў на дапамогу. Вось нядаўна патэлефанаваў мне і сказаў, што ён не лічыць свой учынак чымсьці адметным.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: «Не лічаць свой учынак чымсьці адметным»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.