Вы тут

Каб не атруціць сабе лета. Хваробы ад нямытых рук і прадуктаў, якія хутка псуюцца


Сёлетняя сітуацыя з вострымі кішэчнымі інфекцыямі палепшылася ў параўнанні з мінулымі гадамі, бо, улічваючы распаўсюджванне каранавіруса, людзі прыслухаліся да парад медыкаў і сталі часцей мыць рукі. Але перыяд летняй спёкі застаецца самым небяспечным — прадукты хутка псуюцца як пры няправільным захоўванні ў магазінах, так і дома. Як трэба праяўляць пільнасць у прадуктовых крамах і на ўласнай кухні, якую ежу ўзяць з сабой на пляж і што рабіць, калі болі ў страўніку і дыярэя здарыліся на дачы, расказала загадчык аддзела гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія ШУКЕВІЧ.


Яна нагадала, што з-за пад'ёму ў летні перыяд тэмпературы паветра і вады ў вадаёмах ствараюцца аптымальныя ўмовы для развіцця ўзбуджальнікаў кішэчных інфекцый, у выніку чаго ўзрастае верагоднасць харчовых атручэнняў і вострых кішэчных інфекцый. Рызыка іх узнікнення таксама павялічваецца пры невыкананні правілаў прыгатавання ежы, тэмпературнага рэжыму пры захоўванні прадуктаў харчавання, асабліва тых, якія хутка псуюцца. Небяспеку нясуць і стравы, прыгатаваныя без цеплавой апрацоўкі, якія ўжываюцца ў халодным выглядзе.

Каб засцерагчы сябе і дзяцей ад захворвання, неабходна прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены: мыць рукі з мылам пасля вяртання дадому з вуліцы, перад прыняццем ежы і пасля наведвання прыбіральні. Перад ужываннем старанна мыць агародніну, фрукты і ягады, для дзяцей малодшага ўзросту важна выкарыстоўваць пры гэтым пітную ці бутляваную ваду. Прадукты неабходна захоўваць у месцах, ахаваных ад насякомых, грызуноў і дамашніх жывёл. Пры транспарціроўцы прадуктаў трэба выкарыстоўваць чыстую ўпакоўку, а для прадуктаў, якія хутка псуюцца, — сумку-халадзільнік. Важна не набываць прадукты харчавання ў выпадковых асоб і ў месцах несанкцыянаванага гандлю.

Асаблівую ўвагу ў гарачыя летнія дні варта звяртаць на прадукты, якія хутка псуюцца. Гэта мясныя паўфабрыкаты, салаты, тварог, малако, кандытарскія вырабы. Пры набыцці такіх прадуктаў варта паглядзець тэрмін прыдатнасці і ўмовы захоўвання.

— Пры заканчэнні тэрміну прыдатнасці ці падазрэнні, што халадзільнае абсталяванне не працуе, прадукт набываць не трэба. Гэта адносіцца да ўсіх харчовых прадуктаў, але ў спёку найбольш уразлівай групай з'яўляюцца тыя тавары, што хутка псуюцца. Іх увогуле варта набываць толькі ў гандлёвых аб'ектах, аснашчаных халадзільным абсталяваннем. Не варта набываць замарожаныя прадукты (гэта адносіцца і да марожанага) у дэфармаванай упакоўцы з расплывістым змесцівам — хутчэй за ўсё, яны падвяргаліся размарожванню. У спякоту небяспечна набываць выпечку з мясной, гародніннай, сырнай начынкамі, чабурэкі, хачапуры, беляшы, булачкі з крэмам, пірожныя, калі для іх захоўвання не выкарыстоўваецца халадзільнае абсталяванне ці яно працуе неэфектыўна, — папярэджвае Вія Шукевіч.

Падчас прыгатавання ежы ў дамашніх умовах таксама неабходна прытрымлівацца шэрагу правілаў. Старанна мыць рукі перад прыгатаваннем і пасля кантакту з сырой прадукцыяй, выкарыстоўваць асобныя дошкі для сырой і гатовай ежы, старанна прамываць зяленіва, агародніну і фрукты, не гатаваць больш чым за суткі да ўжывання, у халадзільніку не змяшчаць на адну паліцу гатовыя і сырыя прадукты.

Дома пры захоўванні прадуктаў таксама неабходна прытрымлівацца ўстаноўленага для іх тэмпературнага рэжыму. Прыгатаваныя стравы, прызначаныя для часовага захоўвання, варта максімальна хутка астудзіць і прыбраць у халадзільнік. Важна памятаць, што на ўпакоўцы малочных і кісламалочных прадуктаў, сокаў, салатаў прамысловай вытворчасці ўказаны тэрмін прыдатнасці пры ўмовах захавання цэласнасці ўпакоўкі. Пры раскрыванні ўпакоўкі тэрмін прыдатнасці такіх прадуктаў, як правіла, істотна скарачаецца.

— Варта быць асцярожнымі з ранняй агароднінай і бахчавымі. Вытворцы з мэтай паскарэння выспявання прымяняюць хімічныя ўгнаенні. Важна не даваць такую агародніну і фрукты дзецям. Пры набыцці прадуктаў харчавання ў сумнеўнай сітуацыі варта ўдакладніць у прадаўца дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, — тлумачыць спецыяліст.

На адпачынку нельга ўжываць для пітных і харчовых мэт ваду з выпадковых крыніц, купацца можна толькі ў дазволеных для арганізаванага адпачынку месцах, прычым неабходна пазбягаць глытання вады. Пры наведванні іншых краін мэтазгодна абмежаваць ужыванне прадуктаў, не ўласцівых нашаму рацыёну. Калі штосьці ўсё ж хочацца пакаштаваць, то браць трэба невялікую порцыю, і пасачыць за рэакцыяй арганізма. Калі вы адчуваеце сябе нездаровымі — пакутуеце ад болю ў жываце, млоснасці, рвоты, дыярэі, — ні ў якім разе не займайцеся прыгатаваннем ежы для сябе і сям'і.

Пры першых сімптомах атручэння...

...варта звяртацца па медыцынскую дапамогу, бо ўніверсальнага лячэння няма. Нават калі вы знаходзіцеся на адпачынку ў вёсцы ці на дачным участку, варта збірацца і ехаць па медыцынскую дапамогу ці выклікаць «хуткую». У дамашняй аптэчцы, зразумела, важна мець такія прэпараты, як актываваны вугаль, сродкі супраць дыярэі. Але важна сачыць за самаадчуваннем і пры пагаршэнні стану звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу. Напрыклад, калі ў вас паднялася тэмпература і пачалася дыярэя, гэта вельмі небяспечныя сімптомы, тут марнаваць час і займацца самалячэннем нельга, варта адразу звяртацца да медыкаў.

Ці тоіць небяспеку ў спякоту шашлык?

Пры набыцці замарынаванага прадукту варта звяртаць увагу на тэрмін прыдатнасці і тэмпературны рэжым захоўвання. Як правіла, усе халадзільнікі ў гандлёвых аб'ектах маюць тэрмометры. Тэмпература захоўвання — 4 (+-2) градусы. Звярніце ўвагу на ўпакоўку — калі парушана яе цэласнаць, прадукт браць не варта. Калі вы адкрылі ўпакоўку і вам не падабаецца пах, гатаваць такі прадукт ці есці без прыгатавання не трэба — толькі выкінуць. Калі маецца таварны чэк, то прадукт можна вярнуць, пры гэтым пакінуць запіс у кнізе прапаноў.

Што ўзяць на пляж?

Калі едзем на пляж, павінны ўсведамляць, ці зможам мы забяспечыць тэмпературны рэжым захоўвання тым жа бутэрбродам. Як правіла, гэта магчыма, толькі калі ў вас маецца халадзільнік ці сумка-халадзільнік. Тэмпература павінна быць 4 (+-2) градусы. У адваротным выпадку, бутэрброды варта браць толькі тады, калі іх мясны кампанент не патрабуе захавання тэмпературнага рэжыму. Лепш падыдуць фрукты і агародніна, хлебабулачныя вырабы без начынкі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Каб не атруціць сабе лета

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.