Вы тут

Чаму ўкраінцы трапілі ў Польшчы ў «каранцінную пастку»?


У Польшчы ўвялі абавязковы 10-дзённы каранцін. Адпаведная абмежавальная мера датычыцца тых, хто прыбывае з краін, якія не адносяцца да Шэнгенскай зоны. З такой заявай выступіў намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска, паведаміла RMF 24. Паводле яго слоў, увядзенне такой меры звязана з тым, што ў гэтай краіне з'яўляецца ўсё больш мутацый каранавіруса. Як заўважыў Краска, каранцін не будзе распаўсюджвацца на дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў, якія падарожнічаюць пад наглядам дарослых, вакцынаваных супраць COVІD-19. Абмежавальныя меры не датычацца асоб, якія ўжо прышчэплены належным чынам. У пераліку толькі тыя прэпараты, якія адобраны ў ЕС. Гэта двухкампанентныя Pfіzer/BіoNTech, Moderna, AstraZeneca AB, а таксама аднакампанентны Johnson & Johnson. Каранцін будзе доўжыцца 10 дзён, але праз тыдзень чалавек можа быць вызвалены ад яго ў выпадку адмоўнага выніку тэста. Жорсткія абмежавальныя меры закранулі агенцтвы па працаўладкаванні, якія даюць работу ўкраінцам у Польшчы. Яны шакіраваныя такім рашэннем: «Мы не былі гатовыя да гэтага», паведаміў аперацыйны дырэктар польскага агенцтва па працаўладкаванні EWL Group Рафал Мруз. Чаму «заробітчане» трапілі ў «каранцінную пастку»?


Перавабліваюць сем'ямі

Больш за палову ўсіх працоўных віз у ЕС выдаюць менавіта ўкраінцам і менавіта для работы ў Польшчы. «Заробітчане» карыстаюцца ў гэтай краіне павышаным попытам. Як распавяла obozrevatel.com кіраўнік па рабоце з партнёрамі Jooble Алена Кірыльеўніна, у параўнанні з пачаткам вясны ў маі попыт на работнікаў з Украіны павялічыўся больш чым на траціну — колькасць прапаноў ад польскіх работадаўцаў вырасла на 36 працэнтаў. Патрабаваліся як рознарабочыя, так і кваліфікаваныя спецыялісты.

Пры гэтым палякі спрабуюць перавабіць «заробітчан» цэлымі сем'ямі. Такі прагноз агучыў у эфіры «Украіна 24» прэзідэнт Усеўкраінскай асацыяцыі кампаній па міжнародным працаўладкаванні Васіль Васкабойнік. Паводле яго слоў, нават у перыяд цвёрдых каранцінных абмежаванняў Польшча працягнула запрашаць на работу ўкраінцаў. «Калі прааналізаваць 2020 год, калі было шмат абмежаванняў па выездзе ўкраінцаў за мяжу, тым не менш працоўная міграцыя ўкраінцаў амаль не скарацілася. Напрыклад, Польшча выдала амаль за 1 мільён 800 тысяч запрашэнняў украінцам на работу. Калі паглядзець на тыя крокі, якія робіць польскі ўрад па прыцягненні працоўных мігрантаў з Украіны, мы ўбачым, што яны ўжо хочуць, каб украінцы бралі з сабой сем'і. Гаворка ідзе не проста аб працоўнай міграцыі, а пра эміграцыю назаўсёды», — распавёў Васіль Васкабойнік.

Прыбаўка да ВУП

У Польшчы мяркуюць спрасціць доступ на свой рынак для замежных работнікаў. Пра гэта заявіла віцэ-міністр развіцця, працы і тэхналогій краіны Івона Міхалек, паведаміла Polskіe Radіo 24.

«Мы хочам, каб замежнікі маглі лёгка прыехаць у Польшчу і пачаць тут працаваць, асабліва ў тых прафесіях, дзе нам не хапае працоўнай сілы, дзе палякі не хочуць працаваць. Мы хацелі б прапанаваць ім, каб яны таксама прывезлі свае сем'і, каб яны маглі ствараць наш ВУП разам з намі», — заявіла Міхалек. Змены плануюць укараніць у рамках Нацыянальнага плана аднаўлення ад пандэміі.

Для такой палітыкі ёсць усе падставы — з 2014 года польская эканоміка вырасла на 22 працэнты. Па самых сціплых падліках, украінцы дадалі да валавога ўнутранага прадукту Польшчы каля 3 %. «Мы памятаем пра грамадзян Украіны, якія пражываюць і працуюць у Польшчы. Яны з'яўляюцца важным суб'ектам, без якога зафіксаваны ў нас на працягу некалькіх гадоў дынамічны эканамічны рост быў бы ніжэйшы», — прызнаў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. «Заробітчане» аказваюць фінансавую падтрымку сваім сем'ям ва Украіне. Паводле даных Сусветнага банка, адпаведныя грашовыя пераводы ў 2019 годзе дасягнулі 16 мільярдаў долараў. Значная частка гэтай сумы паступіла з Польшчы.

«Бой» за мігрантаў

Мігранты з Украіны больш за ўсё жадаюць працаваць у Германіі і Польшчы. Адпаведнае даследаванне апублікавала польскае агенцтва па працаўладкаванні EWL Group, паведаміў «Укрінфарм». Апытанне было праведзена метадам інтэрнэт-інтэрв'ю з дапамогай камп'ютара. У ім прыняло ўдзел 620 працоўных мігрантаў на тэрыторыі Польшчы, 92,4 % з якіх аказаліся ўкраінцамі.

Паводле даследавання, больш за ўсё «заробітчане» хацелі б працаваць у Германіі (51 %) і Польшчы (48 %). Пасля па папулярнасці ідуць Чэхія (26 %), ЗША (25 %) і Канада (23 %). Замыкаюць першую дзясятку скандынаўскія краіны: Нарвегія (21 %), Швецыя (18 %) і Фінляндыя (17 %), а таксама Вялікабрытанія (14 %).

Аналізуючы вынікі даследавання, у EWL Group адзначаюць, што Польшча і ў далейшым застаецца прывабным месцам работы для працоўных мігрантаў. Тым не менш з перспектывай афіцыйнага завяршэння пандэміі каранавіруса ўсё больш работнікаў шукае варыянт працаўладкавання ў іншых краінах.

Як заўважыў дырэктар па міжнароднай рэкрутацыі EWL Group Марцін Каладзейчык, хутка пачнецца «сапраўдны еўрапейскі бой» за працоўнага мігранта з усходняй Еўропы. У прыватнасці, іх пачынаюць больш актыўна запрашаць краіны Балтыі ці Фінляндыя. У пошуках новых рашэнняў па прыцягненні замежнікаў знаходзяцца Чэхія і Славакія. Германія пакуль не лібералізавала свой рынак для працоўных мігрантаў з усходу, але невядома, як гэтая сітуацыя будзе выглядаць у будучыні.

Варыянты для нелегалаў

Па падліках Усеўкраінскай асацыяцыі кампаній па міжнародным працаўладкаванні, каля пяці мільёнаў украінцаў вымушаныя працаваць за мяжой у розных краінах свету. Прыкладна 50-60 працэнтаў з іх уладкоўваюцца нелегальна. Украінцы знаходзяць работу ў іншых краінах у абыход закона па шэрагу прычын. Перш за ўсё шмат хто прызвычаіўся нелегальна працаваць і ва Украіне, таму такая магчымасць іх не палохае.

Яшчэ адна прычына — міграцыйнае заканадаўства некаторых заходніх краін, якое забараняе наймаць нізкакваліфікаваных работнікаў-замежнікаў. Напрыклад, у Германіі працоўную візу не могуць атрымаць людзі, якія не ведаюць мовы і не маюць пацверджанай кваліфікацыі, а на сезонныя работы могуць прэтэндаваць толькі грамадзяне ЕС. Але нямецкія зарплаты для ўкраінцаў вельмі прывабныя. Таму многія людзі згаджаюцца ехаць у Германію без працоўнай візы і заставацца на нелегальных работах з усімі наступствамі.

Магчымы і яшчэ адзін варыянт, калі людзі едуць з працоўнай візай, прэтэндуюць на адну работу і заробак, але ім прапануюць больш грошай — толькі нелегальна. І яны пагаджаюцца, таму што зарабляць неабходна.

Жыццё «заробітчаніна» ў Польшчы наогул раз-пораз падвяргаецца небяспецы, адзначае іz.ru. Так, у ліпені мінулага года непадалёк ад Любліна забілі 26-гадовую ўкраінку, якая прыехала на заробкі. Раней непадалёк ад горада Вонгравец, што ў Вялікапольскім ваяводстве, знайшлі цела ўкраінскага работніка. Дазналіся, што, калі яму стала дрэнна, работадавец забараніла выклікаць хуткую і проста вывезла мужчыну паміраць у лес.

«Плацяць менш, чым сваім рабочым, здзекуюцца, падманваюць, умовы працы катаржныя», — так «заробітчане» ахарактарызавалі ўмовы strana.ua. Напрыклад, зборшчыкам ягад прапануюць ад 800 долараў, пры гэтым працаваць прыйдзецца па 12-14 гадзін у дзень з адным выхадным у тыдзень. Зразумела, калі надвор'е дазволіць і ўраджай будзе добры. Бо збіраць неабходна не менш чым 40 кілаграмаў ягад штодня.

«На абед давалі толькі вараную бульбу, а пасялілі ў адрыне, якая больш падобная на стайню — на 13 ложкаў. Гэта нават не ложкі, а проста дошкі, нічым не пакрытыя. Як там жыць — не ўяўляю», — згадала жыхарка Луцка.

Як заўважаюць эксперты, варта ўлічваць, што многія вакансіі — махлярства. У іх адлюстроўваюць несапраўдныя ўмовы, а часам за афармленне дакументаў «работадаўцы» патрабуюць грошы і знікаюць.

«Каб не трапіць у працоўнае рабства, парада, як і да каранавіруса, нязменная: трэба падпісваць кантракт і ўважліва яго чытаць, а таксама нікому не аддаваць свой пашпарт», — заўважылі эксперты.

Прывід лакдаўну

Раней паведамлялася, што ўкраінскія гастарбайтары абураныя неабходнасцю прышчапляцца ад COVІD-19 пры ўездзе ў Польшчу. Пункты вакцынацыі польскія ўлады размясцілі на памежных пераходах. Сама імунізацыя бясплатная, але за тэст на COVІD-19 трэба заплаціць 130 злотых (каля 35 долараў), паведаміла РІА «Навіны». Улады Польшчы запэўніваюць, што не прымушаюць мігрантаў да імунізацыі — працэс абсалютна добраахвотны. Аднак «заробітчане» паведамляюць аб «загадах» ад польскіх пагранічнікаў. Яны заўважаюць аб дваістых адчуваннях: вакцынацыя — добрая справа, аднак украінцы ў выніку пачынаюць адчуваць сябе «як пракажоныя, якіх трэба адмыць перад допускам да белых людзей».

Пры такім раскладзе цяперашняя «каранцінная пастка» выглядае цалкам заканамернай з'явай. Насамрэч сітуацыя застаецца надзвычай складанай. Уладам і медработнікам Польшчы варта рыхтавацца да новай хвалі пандэміі каранавіруса, якая будзе звязана з распаўсюджваннем індыйскага штама. Пра гэта заявіў днямі галоўны санітарны інспектар Польшчы Кшыштаф Сачка ў эфіры Polskіe Radіo 24. «Мы выявілі каля сотні выпадкаў заражэнняў індыйскім штамам каранавіруса. І гэтыя людзі падчас інкубацыйнага перыяду кантактавалі з навакольнымі, так што маглі іх заразіць. Гэтыя навакольныя, напэўна, таксама паспелі пакантактаваць з іншымі людзьмі. Так што ёсць усе падставы чакаць успышкі заражэнняў індыйскім штамам», — заявіў Сачка.

У найбліжэйшы час у Польшчы разгледзяць вяртанне шэрагу сацыяльных і эканамічных абмежаванняў, заявіў міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі ў эфіры тэлеканала TVP Іnfo. Ён адзначыў, што ў Германіі індыйскі штам выяўлены ў шасці працэнтах усіх новых выпадкаў заражэння каранавірусам. У Бельгіі адпаведны паказчык складае 4 %, у Іспаніі — 5 %. А ў Партугаліі на «дэльта-варыянт» COVІD-19 прыпадае больш за 70 % новых выпадкаў захворвання. Адам Нядзельскі нагадаў, што ў шэрагу замежных краін сітуацыя з індыйскім штамам ужо справакавала ўспышкі заражэнняў. «Дэльта» прысутнічае ў 92 краінах свету і выклікае «новую смяротную хвалю», заўважыла The Guardіan. «Мы вымушаныя абмяркоўваць магчымыя варыянты рэагавання аж да вяртання лакдаўну», — заявіў Нядзельскі. Напэўна, каментарыі тут залішнія.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: «Заробітчане» ў адчаі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.