Вы тут

Лукашэнка: Мы павінны ісці да дэбюракратызацыі ўсіх сістэм, схем, што дзейнічаюць у краіне


У Палацы Незалежнасці адбылася нарада па пытаннях прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці. Пытанні, вынесеныя на разгляд Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, ахопліваюць шырокі спектр эканамічных і грамадскіх адносін.


Фота БелТА.

«Нам трэба будзе абмеркаваць пласт фундамeнтальных аспектаў прававога рэгулявання, якія закрануць кожнага без выключэння. І не толькі, я ўпэўнены, грамадзян Рэспублікі Беларусь. Таму любыя навацыі павінны быць як мага больш вывераныя і прадуманыя, а таксама адказваць нашым каштоўнасцям, прынцыпам і не ствараць якіх-небудзь пагроз», — сказаў кіраўнік краіны.

Пeршае, самае аб’ёмнае пытанне нарады, па яго словах, тычыцца прапанаваных карэкціровак Грамадзянскага кодэкса, які па сутнасці, уяўляе сабой эканамічную Канстытуцыю (прававую аснову ўсіх гаспадарчых адносін).

Як падкрэсліў Прэзідэнт, дзеючы Кодэкс сістэмна не пераглядаўся з дня яго прыняцця, а гэта было ў яшчэ ў мінулым стагоддзі.

«Як мне дакладваюць, праца над праектам вялася не адзін год з прыцягненнем усіх прадстаўнікоў грамадства. Падрыхтаваны значны аб’ём правак, якія закранаюць многія сферы, аж да працоўнай і банкаўскай сфер. Найбольшы блок змяненняў закране гаспадарчую дзейнасць і простых грамадзян. Гэта ўкараненне пакуль новых для нас (але тых, што працуюць у іншых дзяржавах) інстытутаў, а таксама паляпшэнне Кодэкса з улікам рэальнага жыцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў: хацеў бы яшчэ раз пераканацца ў тым, што задаваeмыя напрамкі развіцця грамадзянскага заканадаўства адпавядаюць дзяржаўнай палітыцы.

«Па-першае, наколькі прапанаваныя падыходы адказваюць бягучым і, галоўнае, перспектыўным патрэбам краіны, грамадства, бізнесу і грамадзян? Па-другое, як улічаны вопыт такога рэгулявання ў іншых дзяржавах, асабліва з якімі ў нас шырокая дагаворна-прававая база (напрыклад, ЕАЭС)? Па-трэцяе, якія навацыі з’явяцца ў нашай краіне, калі мы замацуем іх у Кодэксе?

Наколькі мы (асабліва суб’екты гаспадарання і людзі) гатовыя да іх? Памятаеце, я заўсёды казаў: „Змены, Змены, Змены“. Я гатовы да зменаў, а ці гатовы вы, ці гатова грамадства? Ці запатрабаваныя гэтыя змены? Ці мы „нацягваем“ іх штучна, чаго рабіць нельга», — задаў пытанні прысутным на нарадзе чыноўнікам Прэзідэнт.

Яшчэ адзін кірунак для абмеркавання на сустрэчы тычыўся ўдасканалення інстытута адміністратыўных працэдур, ад якасці рэгулявання якога залежыць аператыўнасць іх аказання, інвестыцыйная прывабнасць краіны, павелічэнне даходнай часткі бюджэту і развіццё эканомікі.

«Але галоўнае, адміністрацыйныя працэдуры — гэта кропка судакранання дзяржавы і грамадства. І эфектыўнасць такога ўзаемадзеяння шмат у чым уплывае на настроі людзей і давер да дзяржавы і ўлады ў цэлым. Таму рух у бок поўнай інфармацыйнай даступнасці адміністрацыйных працэдур і іх аказання ў электронным выглядзе павінен адбывацца хутчэй. Нават нашы партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе прасунуліся ў гэтым значна далей», — заўважыў кіраўнік краіны.

Паводле яго слоў, вынесены на абмеркаванне праект Указа ўстанаўлівае шматузроўневую сістэму рэгулявання. Прынцып і асноўныя падыходы вызначаюцца Прэзідэнтам, пералік адміністрацыйных працэдур — урадам, іх канкрэтная рэгламентацыя — галіновымі і функцыянальнымі дзяржаўнымі органамі.

«Я сказаў, што гэта вельмі важна і прашу далажыць. Па-першае, ці будзе эфектыўнай такая сістэма? Ці не прывядзе яна да зверхфармалізму, і, што вельмі страшна — бюракратыі ці кручкатворства на ведамасным і мясцовым узроўнях?», — запытаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў, што гэтага дапусціць ні ў якім разе нельга.

«Мы павінны ісці да дэбюракратызацыі ўсіх сістэм, схем, што дзейнічаюць у краіне — гэта галоўнае. Добрыя часам законы і заканадаўчыя акты ў нас тонуць у бюракратызме, залішнім узгадненні, хаджэнні па інстанцыях і гэтак далей. Забыліся пра адно акно»,— нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ Прэзідэнт пацікавіўся: якім чынам плануецца выбудаваць электроннае ўзаемадзеянне паміж органамі ўлады і суб’ектамі гаспадарання? Ці дазволіць лічбавізацыя скараціць выдаткі і не дапусціць карупцыйных перадумоў?

«Папярэджваю, тут не павінна быць працы ў даніну модзе: „Ах, лічбавізацыя, ах, камп’ютарызацыя, ах айфончыкі ў руках..“ Гэта ўсё добра, калі на карысць і калі разумеюць нашы людзі, а не асобныя 15-20 працэнтаў насельніцтва, і калі людзі гэта ўспрымаюць. Бегчы трэба не спяшаючыся, але не спазняцца», — дадаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму самому даводзіцца шмат займацца кантролем за асноўнымі норматворчымі дакументамі і папрасіў дапамогі ў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.

«Прыйдзецца Савету Рэспублікі і вам асабіста гэтым заняцца, каб мы не дай Бог не дапусцілі нейкіх ляпаў ці хтосьці не прапіхнуў у значнае заканадаўства тое, што сёння жыццём не запатрабавана. У Савеце Рэспублікі вопытныя людзі ад вытворчасці», — сказаў кіраўнік краіны.

Па яго словах, неабходна стварыць каманду юрыстаў, філосафаў і прававедаў, якія будуць працаваць пры верхняй палаце парламента і праглядаць дакументы на «жыццяздольнасць».
Мінстр эканомікі Аляксандр Чарвякоў паведаміў, што ў Грамадзянскі кодэкс прапануецца ўнесці шэраг навацый. Яны прадгуледжваюць нормы, якія сёння апрабаваны ў асобных сферах і іх неабходна ўнесці ў гэты свод законаў. Важна таксама гарманізаваць шэраг нормаў з партнёрамі па ЕАЭС і ўкараніць нормы з улікам практыкі іх правапрымянення.


Каментарый у тэму

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў расказаў журналістам, што Прэзідэнт падтрымаў праект Указа па ўдасканаленні адміністрацыйных працэдур. Па словах кіраўніка ведамства, дакумент — гэта толькі першы крок да далейшай вялікай работы. 

«Сёння мы навялі парадак з працэдурамі, ачысцілі ад лішніх, дубліруючых працэдур, скампанавалі іх дакладна і зразумела. І самае галоўнае — мы падрыхтавалі пералік, рэестр працэдур», — сказаў міністр эканомікі. 

Рэест, як ён паведаміў, уяўляе сабой лічбавую пляцоўку для прадпрыемстваў, куды яны могуць накіраваць заяву, і яна будзе аўтыматычна рухацца далей. Рэест ужо працуе ў тэставым рэжыме. Яго прэзентуюць у бліжэйшы час.

Міністр сцвярджае, што пералік адміністрацыйных працэдур застанецца на кантролі ўрада, каб магчыма было хутка ўносіць карэктывы.

«Мы пераходзім ад пераліку да электроннай пляцоўкі, дзе будзе знаходзіцца інфармацыйная база ўсіх працэдур. Прадпрыемствы, заходзячы на гэту пляцоўку, атрымаюць максімум інфармацыі па любой працэдуры, і гэта пляцоўка будзе адным акном для падачы заявы. А далей мы апрацоўваем трэці ўзровень, калі ў кожнага рэгулятара будзе свой электроны прадукт, дзе будзе ажыццяўляцца канкрэтная працэдура», — расказаў мініст эканомікі.

Задача чыноўнікаў да студзеня 2024 года завяршыць гэту працу.

Таксама, як дадаў Аляксандр Чарвякоў, кіраўнік краіны даручыў каардынальна перагледзець і скараціць пералік адміністрацыйных паслуг. 

«Гэту работу мы будзем рабіць з прадпрыемствамі, прадпрымальнікамі, бізнес-саюзамі для таго, каб максімальна скараціць адміністрацыйны ціск. Размова ідзе не толькі пра прыватны сектар, але і дзяржаўны. Адміністрацыйнымі паслугамі карыстаюцца ўсе і прыватныя, і замежныя прадпрыемствы. Кіраўнік краіны падкрэсліў, што дадзеная работа павінна праводзіцца не толькі чыноўнікамі, але і бізнес-супольнасцю, парламентарыямі. Працу мы будзем актыўна ў бліжэйшы час разгортваць», — дадаў Аляксандр Чарвякоў.

Алег Сліжэўскі, міністр юстыцыі ў размове з журналістамі акцэнтаваў увагу, што цяперашняя карэкціроўка Грамадзянскага кодэкса самая машстабная з часу яго прыняцця. На працягу апошніх двух гадоў вялася работа па падрыхтоўцы прапаноў па абнаўленні зводу законаў, а сёння яны былі прадстаўлены кіраўніку краіны. 

Напрыклад, прапаноўваецца замацаваць норму, паводле якой некаторыя віды юрыдычных асоб могуць дзейнічаць на аснове тыпавога статута, зацверджанага ўрадам. Адносна здзелак непаўналетніх асоб з 14 да 18 гадоў плануюць рэгламентаваць, што дастаткова для заключэння здзелкі згоды аднаго заканадаўчага прадстаўніка падлетка.

Няма таксама ў сучасных нормах, як расказаў міністр, адназначнага разумення, што такое дробная бытавая здзелка, якую могуць ажыццяўляць непаўналетнія.

«У гэтай сувязі ўводзіцца дакладная норма — верхняя мяжа для дробнай здзелкі памерам у тры базавая велічыні», — канстататаваў міністр юстыцыі. Будзе скасавана верхняя мяжа тэрміна дзеяння даверанасці. Бакі самі змогуць яго вызначаць.

«Трэба адзначыць, што ўводзіцца артыкул, які прадугледжвае дадатковую ахову выявы грамадзяніна. Гэты артыкул прадугледжвае, што выява, фатаграфія грамадзяніна не можа распаўсюджвацца, перадавацца без згоды самога грамадзяніна. За выключэння фатаграфіі ў агульнадаступным месцы», — сказаў Алег Сліжэўскі.

Па словах міністра, агульны дух навацый Грамадзянскага кодэкса — зрабіць закон больш сучасным, прыстасаваць пад эканамічныя і грамадскія адносіны. 

«Многія змены, якія ўтрымлівае кодэкс, накіраваны на спрашчэнне парадку арганізацыі, вядзення бізнесу для большага разумення і адназначнага ўспрыняцця нормаў Грамадзянскага кодэкса», — рэзюмаваў міністр.

Прэзідэнт даў згоду на ўнясення праекта дакумента ў парламент.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.