Вы тут

Даспехі па-кіеўску. Чаму мабілізуецца Украіна?


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра неабходнасць вырашыць пытанне аб неадкладным уступленні краіны ў НАТА. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю парталу Axіos. «Я думаю, што калі нас вітаюць у НАТА, калі яны сапраўды хочуць бачыць нас у шэрагах сваіх членаў, то няма сэнсу глядзець у бінокль, у нейкую далёкую будучыню», — заўважыў украінскі лідар. Як вядома, краіна з 2005 года вядзе паскораны дыялог з НАТА аб уступленні ў альянс. Зяленскі таксама паведаміў, што падчас яго сустрэч з кіраўніком Дзярждэпартамента ЗША Энтані Блінкенам і амерыканскімі сенатарамі, якія знаходзіліся ва Украіне, гаворка ішла аб нарошчванні ваеннай дапамогі Кіеву. Краіна адчувальна павялічвае ваенны бюджэт і ставіць «пад ружжо» рэзервістаў. Чаму мабілізуецца Украіна?


Рэкордны бюджэт на мяжы дэфолту

Не сакрэт, што Кіеў доўгі час балансуе на мяжы фінансавага дэфолту. Сёлета краіна павінна правесці пікавыя выплаты міжнародным крэдыторам па фінансавых пазыках, а пры гэтым значна павялічваюцца выдаткі на абарону. У параўнанні з 2020-м украінскія ўлады сёлета павялічылі ваенныя адлічэнні да амаль шасці працэнтаў ВУП (каля $10 млрд), але гэта грошы не толькі на войска і флот, а на ўвесь сілавы блок Украіны. Ваенныя ж атрымаюць каля $4,16 млрд, якія пойдуць не столькі на закупку ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, колькі на ўтрыманне самой структуры, паведаміла ТАСС.

«Адбываецца напампоўка Украіны натаўскай зброяй і раздзіманне ваеннага бюджэту, — заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, паведаміла РІА «Навіны». — Вось так у цэнтры Еўропы выкормліваць мілітарысцкі рэжым, які слаба кантралюе ўнутраную сітуацыю і разгул экстрэмісцкіх сіл. Удушэнне свабод і грамадзянскіх правоў ідзе пад водбліскі неанацысцкіх паходняў, што калечыць маладых украінцаў». Захарава нездарма згадала нацыяналістаў — як заўважыла РІА «Навіны», частка абаронных сродкаў дастанецца ўльтраправым групоўкам, якім адводзяць важную ролю ў забеспячэнні бяспекі дзяржавы.

Прэзідэнт краіны ў красавіку зацвердзіў новыя правілы прызыву рэзервістаў без абвяшчэння ўсеагульнай мабілізацыі. У Вярхоўную раду ўжо ўнесены законапраекты аб павелічэнні Узброеных Сіл Украіны (УСУ) на 11 тысяч чалавек і стварэнні Сіл тэрытарыяльнай абароны. Законапраекты маюць статус неадкладных, таму дэпутаты абавязаны разгледзець іх у першачарговым парадку. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, павелічэнне колькасці УСУ неабходнае для рэалізацыі закона аб нацыянальным супраціўленні. Складальнікамі гэтага праекта павінны стаць: тэрытарыяльная абарона, рух супраціўлення і падрыхтоўка да супраціўлення. Згодна з новай ваеннай стратэгіяй Украіны, батальёны тэрытарыяльнай абароны разгорнуць партызанскія дзеянні «ў тыле ворага». Усе гэтыя меры павінны павялічыць колькасць арміі з 215 тысяч да 226 тысяч чалавек — чацвёрты паказчык у Еўропе. Яна ў такім выпадку ўпэўнена абганяе па колькасці французскую, саступаючы толькі Расіі, Турцыі і Германіі.

Разам з тым прэзідэнт Уладзімір Зяленскі просіцца ў НАТА і чакае ваеннай дапамогі ад ЗША. Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба не здолеў утаіць свайго расчаравання адмовай Бруселя запрасіць украінскую дэлегацыю на найбліжэйшы саміт альянсу 14 чэрвеня. З крыўды ён нават адважыўся пакрытыкаваць кіраўніцтва блока, папракнуўшы яго ў тым, што палітыка «адчыненых дзвярэй» НАТА ператварылася для Украіны ў «палітыку кармлення абяцаннямі».

Можна сказаць, што прычыны для ахаладжэння адносін Бруселя Кіеў дае сам. У апошні час ён занадта часта патрабаваў ад ваеннага блока «выканаць абяцанні» і паскорыць працэс прыняцця краіны ў НАТА. Пры гэтым тон заяў цалкам мог раздражняць Брусель, які, як відаць, ніяк не лічыць Украіну «роўным партнёрам», заўважыла ТАСС.

Дэградацыя «абаронкі»

У офісе прэзідэнта Украіны сцвярджаюць, што нацыянальныя сілы ператварыліся «ў адну з наймацнейшых армій у Еўропе». Аднак, як мяркуюць эксперты, асяроддзе Зяленскага і ён сам неадэкватна ацэньваюць рэальную сітуацыю з баяздольнасцю войска краіны.

Болевым пунктам, як і раней, застаецца нацыянальны ваенна-прамысловы комплекс (ВПК), ён дэградуе, паясніў у гутарцы з rt.com дырэктар Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў МДІМА Аляксей Падбярозкін. На яго думку, прадпрыемствы Украіны няздольныя выпускаць для войска па-сапраўднаму сучаснае ўзбраенне. У сувязі з гэтым імкненне Кіева любой цаной захаваць высокі ўзровень ваенных выдаткаў не прывядзе да якаснага абнаўлення Узброеных сіл, перакананы эксперт.

«Пасля распаду СССР украінцам дасталася выдатная частка савецкага ваенна-прамысловага комплексу. Але 30 гадоў безгаспадарчасці, крадзяжу і продажаў зброі па танных расцэнках за мяжу прывялі да сумных наступстваў. Кіеў збіраецца нейкім чынам аднавіць ранейшы патэнцыял, але як гэта зрабіць, я не вельмі ўяўляю», — заўважыў Аляксей Падбярозкін.

Пры гэтым заява Пентагона аб тым, што Украіне неабходна рэфармаваць абаронны сектар і ВПК, сведчыць аб тым, што Вашынгтону патрэбна чарговая краіна, якая ў адпаведнасці са стандартамі НАТА будзе закупляць амерыканскую зброю, адзначыў у размове з rt.com старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў ІСЭМА РАН Уладзімір Аленчанка. «ЗША падганяюць Украіну, каб яна хутчэй прымала нормы НАТА, рэфармавала Узброеныя Сілы па стандартах альянсу і ўзводзіла інфраструктуру. Мэта гэтага ў тым, каб у Вашынгтона з'явіўся новы пакупнік амерыканскай зброі ў выглядзе Кіева», — адзначыў эксперт.

Каментуючы выдзяленне Украіне новага пакета ваеннай дапамогі, Уладзімір Аленчанка растлумачыў, што Пентагон перадае Кіеву патрыманыя амерыканскія катары, якія не моцна паўплываюць на абараназдольнасць Узброеных Сіл. «Гэта распаўсюджаная практыка сярод краін НАТА, яны паступаюць так у адносінах да тых, хто збіраецца стаць сябрам альянсу. Наўрад ці гэта павысіць абараназдольнасць УСУ, паколькі ЗША проста зарабляюць на Украіне, падаграваюць яе апетыт да ўступлення ў НАТА, пераконваюць, што такія здзелкі павышаюць яе рух у бок альянсу. Але на самай справе гэта ўмелая рэалізацыя заляжалага тавару з боку Вашынгтона, інакш гэтыя катары трэба было б утылізаваць, што каштуе дорага», — адзначыў эксперт.

Чорная дзірка

Варта адзначыць, што ў Кіеве лічаць матэрыяльную і тэхнічную дапамогу ад блока НАТА, вядучай краінай якога з'яўляюцца ЗША, прыярытэтнай для Узброеных Сіл Украіны. Прынамсі, пра гэта заявіў начальнік Генеральнага штаба УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Карняйчук. «Гэтая дапамога заключаецца як у выдзяленні сродкаў у бюджэт фондаў, якія ў далейшым выкарыстоўваюцца пры закупцы абсталявання для надзённых патрэб украінскай арміі, прафесійнай падрыхтоўкі персаналу, рэабілітацыі параненых вайскоўцаў, так і ў выдзяленні саюзнікамі маштабнай кансультацыйна-дарадчай дапамогі», — заявіў ён.

Дырэктар Інстытута міратворчых ініцыятыў і канфлікталогіі Дзяніс Дзянісаў лічыць, што, вылучаючы падобныя траншы, Вашынгтон усё больш актыўна прывязвае Кіеў да сябе. «ЗША ўліваюць сродкі ва Украіну, каб уцягнуць дзяржаву ў эканамічную, палітычную і ваенную арбіту свайго ўплыву», — падкрэсліў эксперт.

Палітолаг Аляксандр Асафаў, у сваю чаргу, адзначыў: новы транш ваеннай дапамогі для Украіны азначае, што адміністрацыя Байдэна будзе больш актыўна выкарыстоўваць Кіеў у сваіх мэтах. «Магчыма, сёлета дапамога ЗША застанецца на цырыманіяльным узроўні, а на працягу наступнага года будзе больш разгорнутая, дапоўненая іншымі ўзбраеннямі і вялікімі сродкамі», — растлумачыў палітолаг.

З іншага боку, прывязка траншу да рэформаў ваеннага сектара сведчыць аб тым, што Вашынгтон разглядае дадзеную сферу ва Украіне як глыбока карумпаваную, адзначыў Асафаў. «ЗША ведаюць, што ваенны сектар Украіны — «чорная дзірка», але яны гатовыя заплюшчыць на гэта вочы, таму што з дапамогай фінансавых уліванняў Вашынгтон стварае запазычанасці ў Кіева. Для Пентагона ваенная рэформа ва Украіне важная толькі з пункту гледжання пераходу на заходнія стандарты, што створыць новы рынак спажывання ўстарэлага і ўжыванага ўзбраення па натаўскіх узорах. Да таго часу, пакуль гэтыя рэформы не будуць праведзены, Украіна не зможа ў дастатковым аб'ёме набываць у крэдыт гэтае ўзбраенне», — заўважыў эксперт.

Пад прыкрыццём вучэнняў

Пастаўка ўзбраення адбываецца і пад прыкрыццём вучэнняў НАТА, сцвярджаюць эксперты. Напрыклад, перакіданне мяркуецца ажыццявіць падчас Sea Breeze, якія плануюць правесці з 28 чэрвеня да 10 ліпеня. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расіі генерал-маёр Ігар Канашэнкаў.

Асноўныя ўдзельнікі маштабных вучэнняў — Украіна, ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Румынія, Балгарыя, Грэцыя, Турцыя, Латвія і краіны-партнёры. У ім будзе задзейнічана каля чатырох тысяч вайскоўцаў, 40 баявых караблёў, катараў і дапаможных суднаў, 30 адзінак авіяцыйнай тэхнікі і больш за 100 адзінак аўтамабіляў і бранятэхнікі. Варта згадаць, што ўсё гэта адбываецца на фоне найбуйнейшых за апошнія 30 гадоў вучэнняў заходняй кааліцыі Defender Europe — 2021, у якіх «шырокім фронтам» — на тэрыторыі ад Чорнага, Балтыйскага да Баранцава мора — «ваюе» каля 30 тысяч салдат, задзейнічаны сотні баявых машын, у тым ліку стратэгічная авіяцыя ЗША.

І яшчэ. Напярэдадні Sea Breeze генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага саюза Ёнс Столтэнберг з борта найсучаснейшага брытанскага авіяносца Queen Elіzabeth заявіў, што на маючым адбыцца саміце альянсу ў чэрвені краіны ваеннага блока «абмяркуюць шэраг пытанняў, у тым ліку далейшыя дзеянні ў Афганістане, а таксама развіццё падзей у Беларусі і ва Украіне».

Даслоўна

Мілітарызацыя на фоне інфармацыйнай агрэсіі

Сёння ў абстаноўцы вакол нашай краіны пераважаюць цэнтрабежныя працэсы. Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі Віктар ХРЭНІН падчас выступлення ў Авальнай зале Дома ўрада.

«Яны характарызуюцца мілітарызацыяй сумежных дзяржаў на фоне маштабнай інфармацыйнай агрэсіі. Асноўныя прычыны — імкненне Паўночнаатлантычнага альянсу і Еўрапейскага саюза бесперашкодна дыктаваць сваю волю. Прамымі наступствамі дадзеных працэсаў з'яўляюцца высокая інтэнсіўнасць разведвальнай дзейнасці і мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл краін — членаў НАТА, нарошчванне замежнай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі сумежных з намі дзяржаў, рост ваенных выдаткаў», — адзначыў Віктар Хрэнін.

Як заўважыў міністр, украінскае кіраўніцтва з 2019 года рэалізоўвае мерапрыемствы па разгортванні дадатковых вайсковых фарміраванняў да Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. У мэтах дэманстрацыі гатоўнасці ўвайсці ў еўрапейскую сям'ю Кіеў прадастаўляе паветраную прастору для авіяцыі НАТА, палёты якой займелі рэгулярны характар.

Кіраўнік ваеннага ведамства дадаў, што градус напружанасці вакол нашай краіны пастаянна ўзрастае. «Ствараюцца ўмовы для безумоўнага ваеннага дамінавання ў адносінах да Беларусі. Усё вышэйпералічанае з'яўляецца нічым іншым, як мерамі своечасовай падрыхтоўкі да вядзення ваенных дзеянняў. Гэтыя дзеянні выклікаюць у нас неспакой і заклапочанасць, што патрабуе прыняцця мер у адказ», — канстатаваў Віктар Хрэнін.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.