Вы тут

Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі: Мы плануем правесці Мінскі паўмарафон з маштабам


Да легендарнага Мінскага паўмарафона засталося 100 дзён. У мінулым годзе галоўная бегавая падзея была перанесена, і ад таго спартыўнае свята сёлета яшчэ больш доўгачаканае і адметнае. І пакуль арганізатары актыўна рыхтуюцца (дарэчы ужо прадставілі майкі — хутка ўсе ўбачаць і медалі), удзельнікі рэгіструюцца ці раздумваюць.


Хто хоць раз не збіраўся з панядзелка пачаць бегаць і калісьці прабегчы паўмарафон? Але зацыклівацца на адным паўмарафоне не варта. Амаль кожны месяц Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі праводзіць забегі, у якіх праверыць свае сілы могуць самыя розныя бегуны. На 2021 год федэрацыяй запланавана аж 18 забегаў. Гэта значыць, што бег становіцца ўсё больш папулярным сярод беларусаў. Як ніхто іншы, аб гэтым ведае Вераніка Грэсь. Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі не толькі арганізоўвае забегі, але і сама ў іх удзельнічае. І заклікае ўсіх палюбіць бег.

— Вераніка, з кожным годам федэрацыя лёгкай атлетыкі праводзіць усё больш масавых забегаў, адпаведна, людзям гэта цікава. Наколькі ў нашай краіне развіта бегавая культура?

— Ва ўсім свеце развіццё бегавой культуры пачалося шмат гадоў таму, і з кожным годам яна становіцца ўсё больш папулярнай і ў Беларусі, чаму мы вельмі рады. Колькасць удзельнікаў нашых забегаў павялічваецца, мы праводзім больш стартаў. Нешта прыдумваем самі, нешта бяром у іншых краін. Нядаўна мы праводзілі забег «Бярэзіна-Трэйл» і спынілі рэгістрацыю дзесьці за два тыдні да старту, таму што слоты закончыліся. І пасля да нас звярталася шмат людзей, якія хацелі паўдзельнічаць, але не паспелі зарэгістравацца. А мы нічым не маглі ім дапамагчы, бо ў нас усё было разлічана на 200 чалавек. Мы былі шчыра рады, што гэтая любоў да бегу дайшла і да рэгіёнаў — «Бярэзіна-Трэйл» праходзіў не ў Мінску, а ў Барысаве. І акрамя нашай федэрацыі, забегі праводзяць і прыватныя арганізацыі, што вельмі радуе, паколькі наша мэта — зрабіць людзей здаровымі і далучыць да здаровага ладу жыцця. Так бегавая культура і фарміруецца.

— На вопыт якіх краін варта раўняцца пры фарміраванні бегавой культуры?

— Я думаю, на краіны Еўропы — там шмат выдатных гонак высокага ўзроўню. На ўвесь свет вядомыя марафоны ў Бостане і Нью-Ёрку. У Кітаі шмат людзей бегае, у іх гэта ўжо як рэлігія. Японцы любяць бегаць. І ўжо ў Беларусі ёсць людзі, якія ўдзельнічаюць у кожным забегу, выязджаюць на замежныя старты. З кожным годам да нас прыязджае ўсё больш замежнікаў. Многія з іх любяць наш Мінскі паўмарафон — прыгожая траса, цэнтр горада, мы бясплатна робім для іх візы. І на нашым паўмарафоне ёсць адчуванне свята. У свеце большасць забегаў — не ўсе, але многія — як звычайныя спаборніцтвы, а ў нас такі спартыўны фестываль у Дзень горада.

— У вашым календары ёсць забегі, якія сёлета праходзяць упершыню?

— Так, у Стоўбцах 20 чэрвеня пройдзе забег «Шляхам Якуба Коласа» па родных мясцінах пісьменніка. Потым у Мінску пройдзе ультрамарафон — 100 кіламетраў ноччу з фінішам на стадыёне «Дынама». І на канец лета — пачатак восені запланавана яшчэ адно бегавое мерапрыемства, першы падобны старт у гісторыі беларускага бегу. Пакуль не буду раскрываць інтрыгу.

— Як узнікае ідэя праводзіць забегі ў неспартыўных, а гістарычных мясцінах?

— Я хацела б адзначыць нашага спецыяліста Сяргея Зыкава, ідэйнага натхняльніка ўсіх забегаў. Дзякуючы яго фантазіі, крэатыўнасці, хобі, у тым ліку звязаным з гісторыяй, у нас ёсць такія цікавыя мерапрыемствы. Яны не толькі пра спорт. Я ў мінулым годзе ездзіла ў Мядзел. Мабыць, ніколі б проста так туды не даехала. А так паехала на забег, абышла ўвесь горад, палюбавалася на азёры — прырода проста неверагодная! Так і сумяшчаецца прыемнае з карысным: людзі бегаюць, даведваюцца пра гісторыю горада, вывучаюць сваю краіну. У гэтым і была наша мэта праводзіць забегі ў невялікіх гарадах, каб людзі знаёміліся з Беларуссю.

— А ўмовы для бегу ў такіх маленькіх гарадах ёсць?

— Дык у гэтым жа і прыгода — бегчы не проста па роўным асфальце, а па палях, лясах, узгорках. Гэта ж трэйл. Я не скажу, што ў нас вельмі цяжкія трэйлавыя гонкі. Нармальныя перашкоды, але дастаткова таго, каб усё ўбачыць і адчуць новыя эмоцыі. Я ўдзельнічала ў такім забегу ў Капылі. Цяжкавата: трэба было і па гразі, і па пашах, і праз стагі пералазіць. Усё ідзе ад такога віду лёгкай атлетыкі, як крос, які праходзіць не па роўнай трасе, а па перасечанай мясцовасці. І ў масавых забегах мы проста дадаём перашкод для антуражу. Ва ўсім свеце гэта распаўсюджана, людзі нават па гарах бегаюць. А мы выкарыстоўваем асаблівасці беларускай прыроды.

— Асаблівая методыка падрыхтоўкі да такіх забегаў патрэбная?

— Галоўнае — агульная падрыхтоўка, як да звычайнага забегу. Але падчас бегу з перашкодамі трэба правільна дыхаць, таму што перашкода збівае нармальны рытм дыхання і пасля трэба яго вярнуць. Калі нешта прыходзіцца несці, то варта дадаць сілавыя практыкаванні. Але галоўнае — агульная фізічная падрыхтоўка.

— Вераніка, у 2020 годзе Мінскі паўмарафон быў адменены. Як прайшоў год без галоўнай бегавой падзеі краіны?

— Мінскі паўмарафон для арганізатараў — як дзіця: ты яго выношваеш, ім жывеш, рыхтуешся да яго, а ў мінулым годзе яно «не нарадзілася»... Таму зараз мы з надзеяй чакаем паўмарафону ў 2021 годзе. Рэгістрацыя не спынялася. Усе слоты з 2020 года захаваліся, і людзі працягваюць рэгістравацца. На 2021-ы ў нас ліміт — 42 тысячы ўдзельнікаў, і мы іх чакаем. Асноўны паток рэгіструецца ў жніўні—верасні, таму слоты яшчэ ёсць. Мы плануем правесці Мінскі паўмарафон з маштабам
і гатовыя гэта зрабіць. Але паглядзім, што будзе бліжэй да 12 верасня. Дарэчы, слоты нашага паўмарафону каштуюць танней, чым у Еўропе. Калі ўзяць Лонданскі паўмарафон, то там слот каштуе 80—100 фунтаў. У нас пачынаецца ад 40 рублёў, гэта прыкладна 20 долараў, розніца істотная. Ды і ў нас лёгка зарэгістравацца — у Бостане, Нью-Ёрку ідзе розыгрыш слотаў, адбіраюць удзельнікаў. А ў Мінску прабегчы па прыгожай трасе можа любы ахвотны.

— Сярэбраны лэйбл Міжнароднай асацыяцыі лёгкай атлетыкі ў Мінскага паўмарафону застанецца?

— Канешне, і ў гэтым годзе мы будзем яго пацвярджаць. На шчасце, Міжнародная асацыяцыя лёгкай атлетыкі сёлета зрабіла больш лёгкімі ўмовы для пацвярджэння статусу. Гэта датычыцца прадстаўніцтва замежных атлетаў, і нам будзе дастаткова прадставіць сваіх дзяўчат, вельмі добрая марафонская каманда, будзе выступаць у паўмарафоне. Мы  хацелі б і залаты лэйбл атрымаць, але пакуль гэта вельмі дорага. Трэба заплаціць уступны ўзнос, падняць прызавы фонд і выканаць вельмі шмат патрабаванняў. Таму пакуль, мабыць, не варта. Магчыма, што ў перспектыве атрымаецца, калі мы вырасцем у нешта больш якаснае і яркае.

— У Мінску можа калі-небудзь прайсці марафон?

— Мы б вельмі гэтага хацелі, але тады прыйдзецца перакрываць горад не на 3,5 гадзіны, а на значна большы час. На марафон закладваецца каля 7,5 гадзіны, бо бегуны ж розныя. І калі рабіць нават адну «пятлю», то трэба перакрываць увесь горад. А калі дзве «пятлі» — то ўвесь горад разам з цэнтрам. Але хачу сказаць, што ў лістападзе ў Мінску адбудзецца ультрамарафон па веладарожцы, у мінулым годзе ён прайшоў дастаткова паспяхова. Але гэта не масавы забег. Спадзяюся, што ў найбліжэйшыя гады ў нас усё ж адбудзецца і марафон. Мы ўжо бачым людзей, гатовых прабегчы і 42 кіламетры, але культура бегу толькі фарміруецца. Таму трэба некалькі гадоў пачакаць.

— Вераніка, ты не толькі арганізатар забегаў, але і іх удзельнік. Як пачаліся твае стасункі з бегам?

— Я ніколі не магла ўявіць, што буду працаваць у спорце і тым больш ім займацца, хацела быць адвакатам. Але ў 2018 годзе амаль выпадкова трапіла на работу ў Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі на пасаду юрыста. Займалася сваімі юрыдычнымі справамі, а фізкультура для мяне заўсёды была заняткам, да якога не ставілася сур'ёзна. Паўмарафон 2019 года стаў першым, дзе я была арганізатарам, і для мяне былі загадкай заўвагі ад бегуноў. А потым з'явілася звычайнае дзявочае жаданне прывесці фігуру ў парадак, і я палічыла, што дапаможа мне ў гэтым бег. Пачала рыхтавацца да «Прыгожага забегу» ў сакавіку і захапілася бегам. А потым купіла сабе правільныя красоўкі, узяла ногі ў рукі і адбегала амаль усе нашы старты і многія іншыя. Гэта карысна не толькі для майго арганізма, але і для працы. Я знутры заўважаю моманты, якія можна ўдасканаліць, прымяніць у сваіх забегах ці адмяніць.

— Што ты можаш парэкамендаваць тым, хто плануе выйсці на прабежку «з панядзелка»?

— Я раю перанесці панядзелак на сёння. Ёсць лайфхак: расказаць аб сваіх планах у сацыяльных сетках — падмануць людзей будзе сорамна. Ці можна ўзяць каго-небудзь за кампанію. У нас працуе бегавы клуб Follow Mіnsk, дзе можна знайсці аднадумцаў і бясплатна атрымаць парады трэнера (для пачынаючых бегуноў гэта вельмі важна). Трэніроўкі праходзяць кожную сераду ў парку Перамогі. Можна паставіць сабе мэту, напрыклад, бегаць два месяцы, а потым купіць сабе нешта, што даўно хацелася. І галоўная парада — не раздумваць, а абуваць красоўкі і бегчы: пасля гэтага першага кроку лягчэй рабіць астатнія.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.