Вы тут

Выстаўка «Каноны творчасці» — значная частка гэтага святкавання юбілею БДАМ


Ужо 75 гадоў мінула з таго часу, як у лістападзе першыя студэнты прыйшлі ў Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут. Тады пачалася гісторыя сучаснай Акадэміі мастацтваў, якая з восені 2020 года адзначае свой юбілей. Выставачны праект «Каноны творчасці», які адкрыўся ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, — значная частка гэтага святкавання.

Галоўная ідэя юбілейнай экспазіцыі — прадстаўленне творчых амплуа выкладчыкаў і супрацоўнікаў навучальнай установы. Сярод іх — Уладзімір Слабодчыкаў, Віктар Барабанцаў, Міхаіл Баразна, Канстанцін Касцючэнка, Уладзімір Масленікаў і многія іншыя. Перад арганізатарамі стаяла нялёгкая задача — вылучыць найлепшых сярод найлепшых. Ім давялося абраць работы тых, чыя творчасць найбольш выразна адлюстроўвае і сённяшні стан беларускага выяўленчага мастацтва, графікі і скульптуры, і тэндэнцыі іх развіцця.


Найлепшы паказчык для акадэміі

Гісторыя навучальнай установы пачынаецца ў пасляваенны час, калі ў 1945 годзе распараджэннем Саўнаркама СССР, Саўнаркама БССР і Камітэта па справах мастацтваў быў заснаваны Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут. У 1953 годзе яго перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У 1991 годзе інстытут рэарганізавалі ў Беларускую акадэмію мастацтваў, у 2001-м ёй была прысвоена сучасная назва. Сёння гэта прэстыжная вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, вядучая ў сферы прафесійнага мастацтва — тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, кіна-, тэлемастацтва і дызайну.

У розныя гады акадэмію ўзначальвалі мастакі Віталь Цвірка, Павел Масленікаў і Васіль Шаранговіч, тэатразнаўцы Эльвіра Герасімовіч і Рычард Смольскі, іншыя выбітныя дзеячы культуры і мастацтва. З 2010 года рэктар БДАМ — кандыдат мастацтвазнаўства, мастацкі крытык, фотамастак Міхаіл Баразна.

— Восенню мінулага года мы арганізавалі праграму святкавання 75-годдзя акадэміі, якая расцягнулася на ўвесь навучальны год. А гэты праект з’яўляецца завяршальным этапам святкавання, — падкрэсліў кіраўнік БДАМ падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі. — Я ў гэтай выстаўцы бачу адзінства, дух вельмі розных людзей, з рознымі падыходамі, творчымі метадамі, імкненнем да часам зусім процілеглых тэндэнцый у мастацтве. І гэта ўсё — сённяшняя акадэмія. Тут займаюцца справай, якая вучыць маладых людзей любіць Радзіму і мастацтва. І гэты сінтэз непадзельны.

На адкрыцці выстаўкі гучала мноства віншаванняў з юбілеем, у тым ліку ад Міністэрства культуры і Беларускага саюза мастакоў. Было зачытана віншаванне ад рэктара Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі імя С. Герасімава Уладзіміра Малышава.

— Сёння ў грамадстве адбываецца пераасэнсаванне таго, што такое інфармацыя. Якая гэта інфармацыя — залежыць ад тонкасці, ад тых пасылаў, якія закладвае культура, мастацтва, тое, што дае акадэмія. За гэтай філасофіяй — наша штодзённае жыццё, уменне фарміраваць сваю будучыню, выхоўваць моладзь, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі.

Сярод выкладчыкаў і выпускнікоў акадэміі — дзеячы мастацтваў, вядомыя як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Многія з іх маюць вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды нашай і іншых краін, зарэкамендавалі сябе ў прэстыжных сусветных конкурсах і выставачных праектах. Экспазіцыя «Каноны творчасці» прадстаўлена шырокім дыяпазонам традыцыйных і сучасных відаў, жанраў, кірункаў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва.

— Цэлых 75 гадоў жыве Акадэмія мастацтваў. Наперадзе ў яе вялікая будучыня, але ўжо цяпер можна падводзіць пэўныя вынікі: колькі зроблена, колькі выпускнікоў было, колькі работ створана ў якасці дыпломаў. І колькі людзей, якія некалі маладымі вучыліся ў акадэміі, а цяпер адбыліся і сталі вядомымі ва ўсім свеце мастакамі. Я думаю, што гэта найлепшы паказчык для БДАМ. Цяперашняя выстаўка рознабаковая: наша мастацтва не мае нейкай адзінай плыні. Яно свабоднае, — падкрэсліла падчас адкрыцця першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.

На выстаўцы дэманструюцца жывапіс, графіка і скульптура такіх творцаў, як Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Зінкевіч, Уладзімір Слабодчыкаў, Віктар Барабанцаў, Міхаіл Баразна, Канстанцін Касцючэнка, Валерый Славук, Юрый Хілько, Уладзімір Масленікаў, Усевалад Свентахоўскі, Аляксандра Дзятлава, Ганна Конанава, Міхаіл Шыкаў, Іван Конан, Леў Талбузін, Лізавета Пастушэнка, Вольга Мельнік-Малахава, Алеся Скорабагатая, Антон Вырва і іншых. Арганізатары ўлічылі магчымасці выставачнай залы і падбіралі работы так, каб яны ўпісваліся ў прастору. Як правіла, дэманструюцца творы выкладчыкаў, выкананыя за апошнія 5-6 гадоў.

Стваральнікі экспазіцыі падкрэслілі, што першапачаткова планавалі правесці больш буйную выстаўку, але праз пандэмію ўнеслі карэктывы.

Панарама пошукаў і вынікаў

Пры ўваходзе ў выставачную залу кідаецца ў вочы адна акалічнасць: не зусім удала глядзяцца карціны, якія размешчаны па баках шкляной перагародкі. Сапраўды, гэта дазволіла павялічыць колькасць экспанатаў, але глядач не павінен бачыць на фоне адваротны бок палатна.

Адразу ўвагу гледача, у тым ліку дзякуючы маштабу, перахопліваюць дзве работы — амаль фатаграфічны «Погляд» (2019) Дарыны Даўгадзілінай і «Мая акадэмія» (2020) Уладзіміра Тоўсціка, дзе адлюстраваны многія дзеячы ўстановы. Стыль народнага мастака Беларусі даволі пазнавальны, яго запамінальныя аптымістычныя палотны вылучаюцца яскравай колеравай гамай. Дамінанта — жоўты колер, сонечны, празрысты, радасны, таму напрошваецца зразумелая метафара пра таленты, якія дзеляцца сваім святлом… Тэме акадэміі і звязаных з ёй асоб таксама прысвечана даволі вялікае па памеры палатно Ганны Конанавай «Партрэт Эльвіры Пятроўны Герасімовіч — удзельніка працоўнага фронту, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, рэктара Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1968—1984)» (2020). Гераіня на ім адлюстравана тыпова: у ролі кіраўніка, настаўніка сядзіць за сталом, на якім ляжыць паперка, і трымае ў правай руцэ ручку, быццам вось-вось збіраецца нешта напісаць, прытым погляд яе звернуты не на гэтыя прадметы, а на гледача. Стварыць не самы арыгінальны вобраз жанчыны-легенды — ідэя сумніўная. Магчыма, мастачка імкнулася паказаць Эльвіру Герасімовіч такой, якой яе запомнілі сучаснікі-студэнты, у росквіце творчых і фізічных сіл, бо гераіня сядзіць быццам у квецені. Працягвае адну са знакавых тэм выстаўкі работа Уладзіміра Масленікава «Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, мастак Т. М. Паражняк» (2015). Партрэт славутага творцы і выкладчыка Беларускага тэатральнамастацкага інстытута з-за знешняй прастаты і пэўнай непрыкметнасці не адразу звяртае на сябе ўвагу, але сапраўды варты яе. Напэўна, ён удаўся ў тым ліку таму, што быў створаны яшчэ пры жыцці Тараса Паражняка: псіхалогія асобы, выказаная ў поглядзе, паставе, падкрэсліваецца фонам, выбарам колераў: шэра-блакітнага, зялёнага, карычневага.

Традыцыйны жанр нацюрморта, які ўсё радзей дэманструецца на выстаўках, у Галерэі Міхаіла Савіцкага прадстаўлены некалькімі творамі, у тым ліку невялічкай па памеры работай «Першая раса» (2018) Юрыя Падоліна. Мастак сканцэнтраваўся на прадмеце і сімволіцы дэталяў, таму не акружыў кветкі ў расе іншымі аб’ектамі, не дадаў святла — яны нібы пад замком. Адваротнае зрабіла ў нацюрморце «У пошуках святла» (2021) Дарына Даўгадзіліна, не меней сканцэнтраваўшыся на рэчах — падсвечніку і свечцы, старых кнігах і паперцы, ракавінцы і абрусе. Чырвоны колер, ключавы для абедзвюх работ, выконвае зусім іншую ролю. Асноўнае адрозненне паміж палотнамі — у пачуццёвасці, уласцівай твору Юрыя Падоліна.

Шырока на юбілейнай выстаўцы прадстаўлены пейзажы аўтараў Віктара Барабанцава, Уладзіміра Масленікава, Юрыя Падоліна… Вылучаецца ў гэтым шэрагу Віктар Нямцоў, чые работы, між іншым, па некалькіх прычынах (у іх ліку колеравыя рашэнні) нагадваюць творы Леаніда Шчамялёва. У адным з іх — «Прылукі. Вадзяны млын графа Чапскага» (2015) — нават можна знайсці адсылкі да палатна народнага мастака «Белае сонца блакітнай зімы» (2003). Між тым згадванне такіх асацыяцый не адмаўляе самабытнасці, ды і ўсе разумеюць, як цяжка знайсці сябе і сваю плынь у мастацтве. Дарэчы, Віктар Нямцоў даўно захапляецца млынамі. Да іх творца ставіцца як да помнікаў мінулага, матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Ён малюе старыя ветракі, будынкі якіх выраблялі з дрэва, каменя, цэглы, вывучае гісторыю кожнага, знаходзіць былыя выявы млыноў у кнігах, архівах. У выніку майстру ўдаецца ўпісаць іх у сучасныя пейзажы, якія называе гістарычнай маляўнічай рэканструкцыяй. Своеасаблівай фіксацыяй таго, што пакінула мінулае, займаецца Міхаіл Баразна. Яго знакамітая фотаработа «Навагрудак» 2008 года — гэта думкі і пра былое, і пра будучыню, такую ж таямнічую, як гісторыя.

Сапраўднае ўпрыгажэнне выстаўкі — скульптурныя кампазіцыі Уладзіміра Слабодчыкава («Афрадыта», 2002), Канстанціна Касцючэнкі («Геаметрычная прагрэсія», 2021), Аляксандра Фінскага («Ляснік дзядзька Янка», 2020), Арцёма Мядзведзева («Святло месяца. Алегорыя прасторы і часу», 2013), якія прыцягва юць не толькі сваёй шчырасцю, адчуваннем герояў, але і загадкавасцю. Асаблівая ў экспазіцыі работа «Мацярынства» (2018) Уладзіміра Слабодчыкава, якая праз простыя змест і форму здолела паказаць асноўныя прыкметы гэтай тэматыкі, перадаць адчуванне роднасці і вечнай неадрыўнасці.

Многія работы гледачу даўно вядомыя. Напрыклад, трыпціх Алеся Багданава «Дыялог з будучым геніем» (2019) з часу стварэння выстаўляўся некалькі разоў. Не патрабуюць прадстаўлення і многія іншыя імёны: Алесі Скарабагатай, Рамана Сустава, Паўла Татарнікава, Юрыя Алісевіча, Валерыя Славука… Але выстаўка — прысвячэнне акадэміі. Завітаць на яе трэба ўжо для таго, каб зразумець, наколькі гарманічна ў айчынным мастацтве суіснуюць розныя эстэтычныя канцэпцыі і творчыя кірункі, якія веды знакамітыя жывапісцы, скульптары, графікі перадаюць сваім вучням, на што скіраваны іх думкі — як творцаў, як настаўнікаў, як грамадзян. Наведаць экспазіцыю «Каноны творчасці» можна да 20 чэрвеня. Арганізатары праекта — Міністэрства культуры, Мінскі гарвыканкам, Музей гісторыі горада Мінска і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара і Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.