Вы тут

Беларусы выступаюць на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту


У Будапешце пачаўся чэмпіянат Еўропы па водных відах спорту. Турнір павінен быў прайсці ў 2020 годзе, але быў перанесены праз пандэмію каранавіруса. З 10 па 23 мая спартсмены разыграюць медалі ў плаванні, сінхронным плаванні, скачках у ваду і плаванні ў адкрытай вадзе. Расказваем, хто з беларусаў выступіць на кантынентальным першынстве.


За два дні турніру ў беларускіх спартсменаў ужо ёсць медаль. Васіліна Хандошка заваявала бронзу ў дысцыпліне «Сола» ў спаборніцтвах па сінхронным плаванні. Яе выступленне з тэхнічнай праграмай суддзі ацанілі на 87,7173 балы. Васіліна — прызёр чэмпіянатаў Еўропы сярод юніёраў 2018 і 2019 гадоў. Яна ж заваявала і першы міжнародны медаль для беларускага сінхроннага плавання — стала прызёрам чэмпіянату міжземнаморскіх краін. Спаборніцтвы па сінхронным плаванні працягнуцца да 14 мая.

Галоўныя надзеі

17 мая пачнуць выступленне плаўцы. Спаборніцтвы па плаванні абяцаюць быць асабліва цікавымі для аматараў. З 1993 году беларуская каманда заваявала на чэмпіянатах Еўропы 24 узнагароды, сярод іх — чатыры залатыя. Сёлета Беларусь прадставяць дзесяць атлетаў.

Лідар беларускай каманды Ілья Шымановіч будзе змагацца за медалі на дыстанцыях 50, 100 і 200 метраў брасам. У канцы красавіка Ілья выйграў чэмпіянат Беларусі на 100 і 200 метрах брасам. Ілья прызнаны лепшым плыўцом Еўропы па выніках 2020 году па версіі аўтарытэтнага парталу swimswam.com. Галоўным дасягненнем 26-гадовага спартсмена ў мінулым годзе стаў новы сусветны рэкорд на дыстанцыі 100 метраў брасам на «кароткай вадзе» з вынікам 55,35 секунд, які ён усталяваў 19 снежня падчас адкрытага чэмпіянату Беларусі. Таксама ў 2020 годзе Ілья Шымановіч пабіў два рэкорды Еўропы ў 25-метровым басейне і аднавіў дзясятак нацыянальных рэкордаў у розных дысцыплінах.

Мікіта Цмыг выступіць на дыстанцыях 50,100 і 200 метраў на спіне. На нядаўнім чэмпіянаце Беларусі Мікіта разам з Аляксандрам Кавалёвым, Рыгорам Пекарскім і Ільёй Цымбалавым сталі бронзавымі прызёрамі ў стартах 4×100 комплексам. Яго зямляк, ураджэнец Магілёўскай вобласці Рыгор Пекарскі ў Будапешце выступіць на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем, праплыве 50 метраў на спіне і 50 м і 100 м батэрфляем. У снежні 2020 году ён перамог на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем на Кубку Сальнікава ў Санкт-Пецярбургу, аднавіўшы нацыянальны рэкорд у гэтай дысцыпліне.

Самы вопытны беларускі плывец Яўген Цуркін выйдзе на старт дыстанцыі 100 метраў вольным стылем і будзе змагацца за медалі на дыстанцыях 50 і 100 метраў батэрфляем. Дарэчы, на 50 метрах батэрфляем ён заваяваў золата чэмпіянату Еўропы 2014 году.

Двухразовы бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы на кароткай вадзе Віктар Стасяловіч заяўлены ў спаборніцтвы на 50 і 100 метрах на спіне. Разам з Ільёй Шымановічам, Арцёмам Мачэкіным і Віктарам Красочка на нядаўнім чэмпіянаце Беларусі ён стаў пераможцам у эстафеце 4×100 метраў вольным стылем. Дарэчы, мінчанін Арцём Мачэкін у Будапешце будзе пераадольваць дыстанцыі ў 50 і 100 метраў вольным стылем.

У жаночых спаборніцтвах чэмпіянату Еўропы галоўнай зоркай турніру стане брэсцкі вундэркінд Настасся Шкурдай. Яна выступіць на дыстанцыях 100 і 200 метраў вольным стылем, 50,100 і 200 метраў на спіне, 50 і 100 метраў батэрфляем. Чэмпіёнка Еўропы 2019 году на нядаўнім чэмпіянаце Беларусі заваявала золата на 100 метрах на спіне, 100 і 50 метрах батэрфляем. На рахунку 18-гадовай спартсменкі дзясяткі нацыянальных рэкордаў і шэраг сусветных.

Чэмпіёнка Беларусі на дыстанцыі 200 метраў комплексам Аліна Змушка ў Будапешце выступіць на дыстанцыі 50 метраў брасам. Пераможцы чэмпіянату Беларусі ў стартах 4×100 метраў комплексам Настасся Каракоўская і Настасся Куляшова таксама будуць прадстаўляць краіну ў Будапешце. Настасся Каракоўская на 50 і 100 метрах вольным стылем, Настасся Куляшова выступіць на дыстанцыях 50 і 100 метраў.

Чэмпіянат Еўропы стане апошняй праверкай сіл спартсменаў перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіа. Як паведамляе Беларуская федэрацыя плавання, сёння алімпійскія ліцэнзіі маюць пяць беларусаў: Ілья Шмыановіч, Настасся Шкурдай, Мікіта Цмыг, Аліна Змушка, Яўген Цуркін. Арцём Мачэкін і Настасся Караўская на алімпіядзе выступяць толькі ў эстафетным плаванні.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.