Вы тут

Адстаяць праўду. Тэма захавання гістарычнай памяці блізкая сучаснай моладзі


Шматлікія спробы фальсіфікацый гістарычных фактаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны, якія асабліва пачашчаюцца напярэдадні памятных для беларускага народа дат, вымушаюць навукоўцаў, журналістаў і грамадскіх дзеячаў рэгулярна звяртацца да мінулага, адстойваць гістарычную праўду. Своеасаблівым адказам псеўдагісторыкам стаў круглы стол «Каб памяталі. Карныя аперацыі нацыстаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усенародная партызанская барацьба. Уклад сучаснай моладзі ў пошукавы рух», які адбыўся ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


Як паведаміў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Беларусі Сяргей ВАРАНОВІЧ, сёлета палявыя работы запланаваны на 147 пошукавых аб'ектах у 48 раёнах усіх абласцей краіны, а таксама ў Мінску і Гродне. «Палявыя пошукавыя работы ўжо праведзены на шасці планавых і трох дадатковых аб'ектах, — удакладніў начальнік упраўлення. — Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам для далейшага перапахавання перададзены астанкі 360 загінулых. За дадзены перыяд выяўлены чатыры ўзнагароды: тры медалі «За адвагу» і адзін «За баявыя заслугі». Устаноўлена пяць імён загінулых. Акрамя таго, сёлета плануецца правядзенне палявых пошукавых работ на сямі аб'ектах, дзе, па папярэдняй інфармацыі, знаходзяцца пахаванні ахвяр генацыду: мясцовага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных».

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства абароны, у палявых пошукавых работах разам з вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна могуць удзельнічаць і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Актыўна да пошукавай работы далучаецца моладзь. Аб тым, што тэма захавання гістарычнай памяці не чужая для сучасных падлеткаў і маладых людзей, сведчыць і шэраг патрыятычных праектаў, рэалізаваных Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

— У прыватнасці, два гады таму мы ініцыявалі праект па стварэнні нацыянальнага альбома памяці «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі», — удакладніў другі сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр ПРОХАРАЎ. — Амаль кожны з членаў нашай арганізацыі сабраў інфармацыю аб сваім дзядулі, прадзядулі, які прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. У выніку найбольш цікавыя фотагісторыі ўвайшлі ў асобнае выданне. Таксама створаны віртуальны фотаальбом, які можна ўвесь час дапаўняць. Актыўна працуем у мемарыяльным комплексе «Трасцянец»: наша задача — узнавіць памяць аб нашых суайчынніках, якія прайшлі праз канцлагер, праз гэтую машыну смерці».

Дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей АЛЕКСАНДРОВІЧ спыніўся на тактыцы і эфектыўнасці партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, каторы раз развеяў многія міфы, звязаныя з партызанамі. Адзін з самых распаўсюджаных — карныя аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў з'яўляліся адказам на антыфашысцкія дзеянні партызан. Аднак апраўдання бесчалавечнасці гітлераўцаў быць не можа. «Калі паглядзець на практыку нямецка-фашысцкіх войскаў, то яшчэ да таго, як партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі набыў масавы характар, карныя аперацыі ўжо ажыццяўляліся: людзей знішчалі альбо па факце іх этнічнай прыналежнасці, як яўрэяў, альбо па той прычыне, што некаму падалося, што яны маюць пэўныя сувязі з партызанамі, — падкрэсліў вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валерый НАДТАЧАЕЎ. — Такі крывавы шлейф за акупантамі цягнецца з самых першых тыдняў Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі чацвёртай залы нашага музея, дзе раскрыта тэма абароны Магілёва, змяшчаецца фотаздымак камандзіра 172-й стралковай дывізіі Міхаіла Раманава. У час прарыву з акружэння генерал-маёр быў паранены. У вёсцы Барсукі хавала Раманава, а таксама аказвала яму медыцынскую дапамогу сям'я Асмалоўскіх. 22 верасня 1941 года, падчас прачэсвання мясцовасці, гітлераўцы даведаліся, што ў хаце Асмалоўскіх хаваецца паранены савецкі афіцэр. Генерала ўзялі ў палон, сям'ю разам з суседзямі (усяго 13 чалавек!) расстралялі. Ніякай сувязі гэтая сям'я з партызанамі не мела...»

«Гэтае мерапрыемства і падобныя, якія апошнім часам праводзяцца, маюць мэту адэкватнай ацэнкі геапалітычных зрухаў, якія цяпер адбываюцца ў свеце, сутнасці глабальнай нестабільнасці і спроб канчатковай ліквідацыі Ялцінска-Патсдамскай сістэмы забеспячэння міжнароднай бяспекі, — зазначыў прафесар кафедры ідэалагічнай работы і сацыяльных навук Ваеннай акадэміі Беларусі Уладзімір МАКАРАЎ. — Пакуль памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, аб Вялікай Перамозе з'яўляецца тым бар'ерам, які не дазваляе здзейсніць бліцкрыг у глабальным маштабе. Уся Беларусь — гэта вялізны помнік. Помнік няскоранаму народу. Хто не памятае свайго мінулага, асуджаны перажыць яго зноў».

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.