Вы тут

Ірына Курачкіна — чэмпіёнка Еўропы


Важныя спартыўныя навіны.


1. Падчас першага Нацыянальнага форуму атлетаў адбыліся выбары новага саставу камісіі спартсменаў НАК Беларусі. У камісію ўвайшлі алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Аляксандр Багдановіч, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы Кацярына Галкіна, беларускі хакеіст, памочнік галоўнага трэнера ХК «Дынама-Мінск» Міхаіл Грабоўскі, старшы трэнер нацыянальнай каманды па акадэмічным веславанні, першая двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў гісторыі Рэспублікі Беларусь Кацярына Карстэн, алімпійскі чэмпіён па тэнісе Максім Мірны, алімпійская чэмпіёнка ў лыжнай акрабатыцы (фрыстайл) Ала Цупер.

З 20 прэтэндэнтаў на форуме выбралі шэсць, а яшчэ чатыры будуць названыя паводле выканкама НАК, пасля чаго новы састаў камісіі прагаласуе за кандыдатуру старшыні.

2. У Варшаве прайшоў чэмпіянат Еўропы па барацьбе. На кантынентальным першынстве беларуская каманда заваявала сем медалёў. Ірына Курачкіна (57 кг) заваявала «золата» турніру. Сярэбранымі прызёрамі сталі прадстаўнікі грэка-рымскага стылю Кірыл Маскевіч (87 кг) і Радзік Куліеў (82 кг). Бронзавыя медалі ў актыве Алі Шабанава (86 кг) і Хаджы Раджабава (92 кг), а таксама Веранікі Івановай (62 кг) і Мікалая Стадуба (97 кг).

Сёння беларускія барцы маюць сем ліцэнзій для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Токіа. Наступным важным стартам для спартсменаў стане сусветны алімпійскі адборачны турнір, які пройдзе з 6 да 9 мая ў Балгарыі. На гэтых спаборніцтвах беларусы выступяць у шасці вагавых катэгорыях у вольнай барацьбе, а ў жаночай і грэка-рымскай — у пяці.

3. Беларускія баксёры выйгралі чатыры ўзнагароды на міжнародным турнірны «Кубак губернатара Санкт-Пецярбурга — 2021». Самае паспяховае выступленне паказаў прадстаўнік Гомельскай вобласці Уладзіслаў Смяглікаў (91 кг), які заваяваў «серабро». У гэтай жа катэгорыі бронзавым прызёрам стаў яшчэ адзін беларус Уладзіслаў Брадзецкі. У катэгорыі 63 кілаграмы «бронзу» заваяваў Дзмітрый Асанаў. Сярод баксёраў вагай 75 кілаграмаў бронзавым прызёрам стаў Віталь Бандарэнка.

4. Правы крайні гандбольнай зборнай Беларусі Мікіта Вайлупаў уваходзіць у тройку найлепшых снайпераў адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2022 года. У трох праведзеных паядынках 6-й кваліфікацыйнай групы Мікіта Вайлупаў закінуў 30 мячоў: 14 разоў у вароты Латвіі (39:27), 11 — у італьянскія вароты (37:32) і 5 — у вароты нарвежскай каманды (33:25). Больш за беларуса закінулі толькі Кай Сміт (Нідэрланды) і Андзі Шмід (Швейцарыя), у якіх па 35 дакладных кідкоў.

5. Беларускія плыўцы разыгралі медалі чэмпіянату краіны і ўстанавілі шэраг рэкордаў. Ангеліна Малашчанка двойчы ўстанавіла юніёрскі рэкорд Беларусі на дыстанцыі 50 метраў брасам. У папярэднім заплыве спартсменка прыплыла да фінішу за 31,86 секунды, а ў фінальным — за 31,85 секунды. Іван Буевіч абнавіў юніёрскі рэкорд на дыстанцыі 50 метраў на спіне — 25,52 секунды. Алеся Акінчыц на дыстанцыі 1500 метраў вольным стылем абнавіла ўласны юніёрскі рэкорд — 17.11,54 секунды, а пасля ўстанавіла рэкорд на дыстанцыі 800 метраў вольным стылем (8.53,16 секунды). Жаночы квартэт у складзе Настассі Куляшовай, Аліны Змушкі, Настассі Шкурдай і Настассі Каракоўскай аднавіў рэкорд у камбінаванай эстафеце на дыстанцыі 4х100 метраў — 4.03,61.

На чэмпіянаце Беларусі спартсмены выканалі нарматывы для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Токіа. Аліна Змушка на дыстанцыі 100 метраў брасам абнавіла нацыянальны рэкорд (1.07,01 секунды) і заваявала ліцэнзію на Гульні. Сваю другую пуцёўку ў алімпійскі Токіа заваявала і Настасся Шкурдай, на дыстанцыі 100 метраў на спіне яна паказала найлепшы вынік.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.