Вы тут

Рэспубліканскі суботнік прайшоў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі


Качанава: Cуботнік — чарговая магчымасць унесці свой уклад у добраўпарадкаванне краіны

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, работнікі сакратарыята і члены прэзідыума сумесна з кіраўніцтвам адміністрацыі, жыхарамі і работнікамі прадпрыемстваў Маскоўскага раёна падчас рэспубліканскага суботніка заклалі алею на плошчы Багушэвіча ў Мінску, перадае БЕЛТА.

Сёння тут з’явілася 31 маладое дрэва. У іх ліку яблыня ягадная, арэх маньчжурскі і чаромха Віргінскіх.

«Традыцыйна ў нашай краіне праходзіць суботнік і традыцыйна мы ўсе разам прымаем удзел — высаджваем дрэвы, хмызнякі, лес для таго, каб зрабіць нашу краіну яшчэ больш прыгожай, камфортнай, утульнай. Хоць яна ў нас такая і ёсць — выдатная. Кожны раз я думаю аб тым, што такая калектыўная праца аб’ядноўвае людзей. Ты іх бачыш абсалютна з другога боку, чым у рабочай абстаноўцы, — радасных, вясёлых. Людзі працуюць з задавальненнем і я думаю, што вось гэтыя дрэвы, якія мы сёння пасадзілі, прыжывуцца, будуць расці доўга і будуць радаваць жыхароў горада. а ў нас будуць добрыя ўспаміны пра гэта, — сказала Наталля Качанава. — У Год народнага адзінства я для сябе раблю чарговую выснову — мы павінны быць разам, а разам нам усё пад сілу. Захаваць прыгожую, утульную, камфортную краіну для нашых дзяцей, унукаў, для наступных пакаленняў. Мы робім гэта па волі сэрца, па волі душы, каб унесці свой уклад у добраўпарадкаванне краіны».

Спікер падкрэсліла, што чысціня і парадак сталі брэндам Беларусі. «Кожны для сябе выбірае нейкі аб’ём работ — пасадзіць дрэва, дапамагчы ў рэканструкцыі або рамонце нейкага аб’екта. Сёння многія высаджваюць дрэвы. Прэзідэнт шмат разоў нам казаў пра тое, што трэба рабіць нашу краіну зялёнай. І, вядома, гэта справа рук нашых людзей. Нават вось гэтыя лес, якія ёсць у нас. Гэта таксама шматгадовая традыцыя разам высаджваць лес і гэта дае вось такія вынікі. Калі наша краіна дагледжаная, зялёная, што можа быць лепш», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы таксама не ўпершыню прымае ўдзел у суботніку. «Чалавек па жыцці павінен зрабіць тры рэчы — стварыць сям’ю, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва. Гэта значыць абазначыць сябе па жыцці. Дрэва — гэта аснова нашага жыцця. Вось уявіце, пройдзе 20-30 гадоў, можна прыйсці і паглядзець, што ты зрабіў. І добрая традыцыя, калі людзі сем’ямі прыходзяць і садзяць дрэвы. Потым прыводзяць сваіх унукаў. Уявіце, калі кожны год мы пасадзім па дзясятку дрэў, наколькі будзе зелянейшая наша планета. Таму гэта вельмі добрая традыцыя для жыцця і для будучыні», — сказаў сенатар.

«На мой погляд, абыякавым нельга быць наогул ва ўсіх адносінах. Тым больш калі праходзяць такія масавыя мерапрыемствы, у прыватнасці суботнікі, — дадаў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка. — Мы ж усё гэта робім для сябе, прыхарошваем нашы вуліцы, горада, пасёлкі . Кожны ўносіць свой пасільны ўклад. Я заўсёды марыў, каб не толькі ў суботнікі, а ў прынцыпе раз на тыдзень усе дружна выходзілі, высаджвалі дрэвы і наводзілі парадак на тэрыторыі каля дома, пад’езда, на лесвічнай пляцоўцы. Нас практычна 10 млн, уяўляеце, калі ўсе дружна выйшлі б з маленькімі дзецьмі, якія б таксама дапамагалі, вучыліся. Такія мерапрыемствы — гэта далучэнне да агульнага. гэта важна».

Фота БЕЛТА


Алею клёнаў заклалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Лошыцкім парку

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сумесна з дэпутатамі і адміністрацыяй Ленінскага раёна Мінска падчас рэспубліканскага суботніка заклалі алею клёнаў у Лошыцкім парку, паведамляе БЕЛТА.

«Суботнік — гэта важнае і знакавае мерапрыемства. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў штогод прымаюць самы актыўны ўдзел, у тым ліку і сёння працуюць у розных рэгіёнах Беларусі. Група дэпутатаў ад горада Мінска працавала ў Лошыцкім парку. Гэта месца, якое захоўвае памяць пра воінаў Савецкай арміі, партызанах, мірных жыхарах горада, якія загінулі пры яго вызваленьні ў 1944 годзе. Гэта важна, што сёння мы знаходзімся менавіта тут і закладваем памятную алею з шарападобных клёнаў. Я думаю, што гэтая алея будзе добрай памяццю і ўдзячнасцю тым людзям, якія зрабілі ўсё, каб беларусы жылі ў спакойнай, мірнай і паспяховай краіне», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Як адзначыў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Пётр Шостак, сёння Ленінскі раён адзначае 70-годдзе з дня ўтварэння. «Алея ў Лошыцкім парку закладзена ў гонар Года народнага адзінства. І яна будзе так звацца — Алея адзінства. Вядома, для нас гэта вельмі знамянальна, што менавіта ў гэты дзень і ў гэтым месцы з’явілася гэтая алея, — дадаў ён. — Увесь гэты тыдзень у нас праходзілі святочныя мерапрыемствы. Мы дзякавалі нашых жыхароў, работнікаў прадпрыемстваў за іх уклад у развіццё Ленінскага раёна. А сёння ў цэнтры Лошыцкага парку пройдзе свята, у якім могуць паўдзельнічаць усе жыхары горада».

Фота БЕЛТА


Суботнікі носяць стваральны характар — Сергеенка

Суботнікі носяць стваральны характар. Такое меркаванне выказаў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, перадае БЕЛТА.

«Сёння па ўсёй Беларусі працуюць людзі ўсіх узростаў: хтосьці добраўпарадкоўвае помнікі, магілы, хтосьці — тэрыторыі медыцынскіх устаноў, спартыўных комплексаў, іншыя наводзяць парадак у населеных пунктах, вёсках. Мы праехалі па вуліцах Лагойска — працуюць усе, людзі займаюцца добраўпарадкаваннем роднага горада. На прыкладзе такіх месцаў, як Лагойск, відаць, як прыгажэе з кожным годам уся наша краіна, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства. Акрамя таго, ты разумееш, што прыносіш рэальную карысць сваёй краіне».

Падчас рэспубліканскага суботніка з удзелам супрацоўнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта на тэрыторыі Лагойскага лясгаса пасаджаны лясныя культуры на плошчы 1,7 га. «Мы таксама паглядзелі, як арганізавана тут работа, як растуць саджанцы, як дзейнічае тэхніка і чаго каштуе праца лесаруба і работніка лясгаса», — распавёў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Сергеенка падкрэсліў, што лясная прамысловасць — адзін з перспектыўных напрамкаў развіцця краіны. «Сёння ў Беларусі амаль 41% лясоў. Таму трэба падтрымліваць іх у належным стане, неабходна развіваць нашы лясныя ўгоддзі, займацца пасадкай новага лесу. Беларусь — гэта лёгкія Еўропы. Мала таго, што лес — месца, дзе можна правесці час, але гэта яшчэ і стратэгічны матэрыял. Гэта праца на экспарт, гэта зарабленне сродкаў у бюджэт краіны», — дадаў ён.

«Мне падабаецца такі суботнік. Сёння падыходзячае для працы надвор’е: не горача і не холадна, — падзяліўся ўражаннямі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. — Лес — наша багацце, і мы робім добрую справу, працягваем прытрымлівацца добрай традыцыі. Для пасадкі лесу выкарыстоўваем сістэмны падыход, ужываем сучасныя тэхналогіі і садзім саджанцы. Думаю, будзе выдатны вынік».

Паводле слоў першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Валянціна Шатраўкі, у мінулым годзе на гэтым участку лесу былі праведзены рубкі галоўнага карыстання. «Лес дасягнуў сваёй спеласці, мы сабралі ўраджай. Адпаведна, адразу пасля рубкі аднаўляем гэты ўчастак, — распавёў ён. — Мы вырошчваем каля 23 млн пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, што дазваляе пакрываць ляснымі культурамі плошчу ў 6-6,5 тыс. га. Для гэтага выкарыстоўваюцца пасадкавыя трубы патыпуткі. Гэта тэхналогія, якая ўжываецца па ўсім свеце, якая дазваляе забяспечыць стопрацэнтную прыжывальнасць высаджаных дрэў».


Дрэвы для дзяцей і ўнукаў

Мінпрыроды і Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зрабілі ўнёсак у экарух «Разам за чыстую і зялёную краіну!»

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык 17 красавіка працаваў у горадзе Іўе Гродзенскай вобласці. Ён браў удзел у закладцы сада Сяброўства з алеямі Адзінства і Гасціннасці. Выбар месца для гэтых адметных зялёных аб’ектаў невыпадковы: у Іўі ўсталяваны манумент у гонар сяброўства чатырох канфесій — католікаў, праваслаўных, іўдзеяў і мусульман, тут таксама дзейнічае Музей нацыянальных культур.

У Год народнага адзінства пасадка дрэў стане адным з сімвалаў яднання ўсіх жыхароў Беларусі на карысць нашай краіны і нагадае нам, што прырода ў нас адна. У будучым высаджаныя дрэвы не толькі будуць нагадваць аб добрай традыцыі праводзіць суботнікі, але і стануць сімвалам клопату аб навакольным асяроддзі і прыгажосці роднага края, — адзначыў міністр.

Сад Сяброўства, утвораны больш чым са 125 дрэў і кустоў, з’явіўся на тэрыторыі Іўеўскіх яслей-сада — пачатковай школы побач з аўтаматычнай метэаралагічнай станцыяй. Алею Адзінства заклалі разам праваслаўныя і каталіцкія святары, імам мусульманскай суполкі, прадстаўнікі Мінпрыроды і мясцовай улады. Алею Памяці і Славы пасадзілі ветэраны і моладзь, алею Сям’і — шматдзетныя бацькі са сваімі сынамі і дочкамі, а алею Разумнікаў і Разумніц — лепшыя вучні школ раёна.

Падчас рэспубліканскага суботніка цэнтральны апарат Мінпрыроды на чале з намеснікам міністра Аляксандрам Корбутам аб’яднаўся з калектывам Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і здзейсніў «працоўны дэсант» у Кастрычніцкім раёне сталіцы. На азялененай тэрыторыі ў межах жылых дамоў па вуліцы Асаналіева і Паўднёвай магістралі яны высадзілі 70 маладзенькіх клёнаў вастралістых. Гэтыя дрэвы будуць выконваць не толькі дэкаратыўную, але і ахоўную функцыю, часткова паглынаючы шум ад аўтатрасы і чыгункі. Узрост саджанцаў — чатыры гады, яны вырашчаны ў гадавальніку УП «Броўкі», якое належыць да ВКУП «Мінскзелянбуд».

Мінпрыроды штогод удзельнічае ў веснавых і восеньскіх акцыях азелянення, — сказаў Аляксандр Корбут. — Паводле нашых даных, паспяхова прыжываюцца 90 % саджанцаў, і гэта вельмі добры паказчык. Запрашаем усіх у Год народнага адзінства далучыцца да добрай справы: пасадка дрэў і кустоў у рамках экаруху «Разам за чыстую і зялёную краіну!» прадоўжыцца да 15 мая.

Пакуль танюткія саджанцы выцягнуцца ўверх, набяруцца моцы і стануць прыгожымі дрэвамі, міне гадоў дваццаць. А гэта значыць, што пад імі будуць з асалодай шпацыраваць нашы пасталелыя нашчадкі. Удзел у азеляненні — высакародны ўнёсак у будучыню роднай краіны.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара і Мінпрыроды


Вузкая вуліца становіцца праспектам

Кіраўнікі ўлады Прыдзвінскага краю: старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета Уладзімір Цярэнцьеў, а таксама памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч падчас суботніку працуюць на рэканструкцыі вуліцы Гагарына ў Віцебску. Яны займаюцца пасадкай дрэў.

Здача вуліцы ў эксплуатацыю пасля маштабных перамен запланавана да пачатку юбілейнага XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Вуліца размешчана ў паўночнай частцы горада і з’яўляецца адной з «брам» горада.

У 2005 годзе тут пачалі рэканструкцыю. Але зрабілі тады гэта толькі на двух кіламетрах. Потым для працягу работ не маглі больш знайсці фінансаванне.

15 ліпеня 2020 года падчас адкрыцця пасля рэканструкцыі пуцеправода «Полацкі» ў Віцебску Аляксандр Лукашэнка сказаў, што зэканомленыя грошы можна накіраваць на далейшае развіццё дарожна-транспартнай інфраструктуры. Ён падтрымаў рэалізацыю праекта рэканструкцыі вуліцы Гагарына.

На аб’екце выконваюцца работы па пракладцы новых і пераўладкаванні існуючых інжынерных сетак сувязі, газазабеспячэння, бытавой каналізацыі, водазабеспячэння, электразабеспячэння, вонкавага асвятлення, аб’ектаў светлафорнага рэгулявання і ліўневай каналізацыі з устаноўкай ачышчальных збудаванняў.

Прадугледжана арганізацыя трохпалоснага дарожнага руху ў абодвух напрамках. Гэта ўдвая больш, чым было.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, каментуючы ход суботніка прадстаўнікам СМІ, сказаў, што рэканструкцыя вуліцы Гагарына будзе весціся кругласутачна.

А калі і на гэтым аб’екце будуць зэканомленыя грошы, пасля дазволу кіраўніка дзяржавы яны могуць быць далей выкарыстаны таксама для паляпшэння дарожнага палатна на аб’екце, які будзе вызначаны.

Пастаўлена задача з часам прывесці ў парадак жыллё на Гагарына (актыўна вуліцу пачалі забудоўваць у пасляваенныя гады) і аб’екты грамадскага прызначэння. Дзеля гэтага будзе распрацавана асобная праграма па добраўпарадкаванні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА


На рэспубліканскі суботнік на Брэстчыне выйшлі больш за 350 тысяч чалавек

З ранку працоўны дэсант кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама накіраваўся на будаўнічую пляцоўку медыцынскага комплексу ў зарэчным мікрараёне абласнога цэнтра. У цэнтры, дзе размесцяцца дарослая і дзіцячая паліклінікі на 500 і 600 наведванняў за змену адпаведна, а таксама жаночая кансультацыя на 190 прыёмаў у дзень, будаўнічыя работы ўступаюць у завяршаючую стадыю. Увод у строй аб’екта чакаецца ў снежні, таму дапамога яшчэ адной працоўнай брыгады аказалася дарэчы.

— Хочам зарабіць, як мінімум, адзін мільён рублёў — сказаў журналістам старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. — Часткова грошы пойдуць на добраўпарадкаванне помнікаў, астатнія на барацьбу з пандэміяй.

Супрацоўнікі аблвыканкама працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі медцэнтра, пасадзілі дрэвы каля аднаго з карпусоў установы. Яшчэ адзін дэсант з аблвыканкама наводзіў парадак на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Тым часам прадстаўнікі гарвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам РАГАЧУКОМ шчыравалі на добраўпарадкаванні вуліцы Зубачова ў раёне Брэсцкай крэпасці, а таксама ў парку Тысячагоддзя.

Не застаўся без увагі гарадской вертыкалі сквер па вуліцы Валгаградскай. Летась менавіта па ініцыятыве і з удзелам кіраўніка гарвыканкама гэтую тэрыторыю з пусткі ператварылі ў сквер. Цяпер сюды прыйшлі супрацоўнікі адміністрацыі Маскоўскага раёна, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб дагледзець дрэвы, ачысціць тэрыторыю, на месцы тых раслін, што не прыжыліся, пасадзіць новыя. Падтрымала калег і адміністрацыя Ленінскага раёна, яе работнікі пасадзілі дрэвы па вуліцы Машэнскага ў мікрараёне Бярозаўка. Дэпутаты гарадскога Савета, супрацоўнікі Брэсцкага аддзялення чыгункі і Белнафтахіма садзілі дрэвы па вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці.

У Баранавічах асноўныя работы па добраўпарадкаванні прайшлі ў гэты дзень у Парку культуры і адпачынку. У Пінску працавалі на набярэжнай ракі Піна. Работнікі Бярозаўскага райвыканкама акрамя іншых аб’ектаў прыводзілі ў парадак Вайцешынскую сельскую бібліятэку. Моладзь Іванаўскага раёна праявіла ініцыятыву па расчыстцы меліярацыйнага канала па вуліцы Будаўнікоў у Іванаве. Хлопцы і дзяўчаты таксама прыбралі смецце ў акрузе вакол канала.

У мемарыяльны комплекс партызанскай славы ва ўрочышчы «Хаваншчына» прыехалі з Івацэвіцкага райвыканкама. Пасля навядзення парадку ўдзельнікі суботніка ўшанавалі памяць герояў вайны. А кіраўніцтва Кобрынскага раёна шчыравала на ферме «Рыбна» ААТ «Кісялёўцы». Вялікі дэсант з райцэнтра працаваў на тэрыторыі гістарычнага аб’екта — былой сядзібе Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна.

Усяго ў гэты дзень на суботнік выйшла больш як 350 тысяч чалавек. Абсалютная большасць іх працуе на свежым паветры.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ


У Магілёўскай вобласці стала больш дрэў і прыгажосці

У рэспубліканскім суботніку прымае ўдзел болей чым 250 тысяч жыхароў Прыдняпроўскага краю.

Адной з асноўных пляцовак рэспубліканскага суботніка ў Магілёве стала тэрыторыя фізкультурна-спартыўнага комплексу на вуліцы Фаціна. Па даручэнні Прэзідэнта гэты аб’ект атрымаў стабільнае фінансаванне і яго будаўніцтва вядзецца апераджальнымі тэмпамі. Практычна за год ён быў напалову пабудаваны і часткова здадзены ў эксплуатацыю. Сёння тут ужо працуюць некаторыя секцыі. Будаўніцтва між тым працягваецца. Унікальнасць аб’екта ў тым, што тут будуць функцыянаваць два басейны даўжынёй 25 і 50 метраў. Апошні самы вялікі ў вобласці. Гэта, мяркуюць спецыялісты, дасць магчымасць рыхтаваць будучых чэмпіёнаў па плаванні і прымаць спаборніцтвы сусветнага ўзроўню.

— Сёння мы займаемся добраўпарадкаваннем тэрыторыі гэтага цудоўнага аб’екта, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — Насельніцтва Магілёўскай вобласці вельмі актыўна адгукнулася на заклік ударна папрацаваць. На суботнік выйшлі тысячы людзей. Трэба прывесці ў парадак аб’екты сацыяльнай сферы, культурна-гістарычнай спадчыны, воінскай славы, зрабіць свае населеныя пункты больш прыгожымі і дагледжанымі. Нехта сёння працуе на рабочых месцах і гэтым таксама ўносіць уклад у агульную скарбонку. Плануем запрацаваць каля мільёна рублёў, 50% якіх пойдуць на падтрымку медыцынскай базы Магілёўскай вобласці, закупку медпрэпаратаў і інструментаў. Частка запрацаваных на суботніку сродкаў будзе накіравана на добраўпарадкаванне мемарыяльнага комплексу «Усакіна» ў Клічаўскім раёне. Прыемна, што людзі працуюць з энтузіязмам, з усмешкай на вуснах. Мы — разам і гэта гучыць як дэвіз на карысць нашага адзінства. Мы моцныя ў сяброўстве і непераможныя ў справах. Хочацца, каб наш народ быў адзіны ва ўсім, і ніхто яго не змог расхістаць. Мы прыбіраем наш агульны дом, каб ён быў дагледжаны, утульны для пражывання беларусаў і ўражваў нашых гасцей.

У пасадцы маладых дрэўцаў прыняў удзел Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк.

— Добрае сонечнае надвор’е, цудоўны настрой, уражанні толькі станоўчыя, — падзяліўся ён з журналістамі. — Любая праца і тым больш такая, якая прыносіць задавальненне і карысць, радуе. Гэта хрысціянскія традыцыі. Калі чалавек нешта робіць сваімі рукамі, ён гэта больш цэніць. Вось я пасадзіў некалькі туй і цяпер буду назіраць за тым, як яны растуць. Магілёў прыгожы горад, ён вельмі дынамічна развіваецца. І тыя аб’екты, якія адкрываюцца, упрыгожваюць яго яшчэ больш.

То, што сумесная праца вельмі яднае людзей, перакананы і намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

— Гэта не проста даніна павагі, а парыў душы ўсіх, хто сюды прыйшоў, — адзначыў ён. — У суровых буднях мы часта наракаем на тое, што дзесьці разбіты асфальт, дзесьці зламанае дрэва. А што перашкаджае выйсці разам з сям’ёй і навесці прыгажосць? Суботнік — гэта разрыў спажывецкага кола і магчымасць нешта зрабіць не толькі для сябе. Гэты аб’ект стане цэнтрам культурнага, спартыўнага і грамадскага жыцця. Першая чарга, якая была здадзена, паказвае, наколькі комплекс запатрабаваны. Ён для ўсіх узростаў, для дарослых і дзяцей — усе знойдуць тут свой інтарэс. Гатоўнасць аб’екта ўжо высокая, фінансаванне забяспечана цалкам. Тут вельмі важная была падтрымка кіраўніка дзяржавы і той кумулятыўны эфект, які мы атрымалі, дазволіў выцягнуць аб’ект. Гэта як суботнік, дзе мы агульнымі сіламі вырашаем адну задачу.

Наводзіць прыгажосць на прылягаючай тэрыторыі фізкультурна-спартыўнага комплексу дапамагалі дэпутаты аблсавета і Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь — Ірына Раінчык, Ігар Марзалюк і Вольга Петрашова.

— Традыцыйна прымаем удзел разам з органамі мясцовага самакіравання, — адзначыла намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. — Разумеем, што сённяшні дзень — гэта дзень агульнай працы на карысць роднага Магілёва і вобласці. Мы саджаем дрэвы, наводзім парадак на дваравых тэрыторыях, воінскіх пахаваннях. Робім усё для таго, каб Прыдняпроўскі край стаў яшчэ больш прыгожым. Важна, што ў суботніку прымаюць удзел не толькі працоўныя калектывы, але і насельніцтва.

Не менш актыўна кіпела работа і на іншых пляцоўках Магілёва. Сіламі работнікаў Магілёўскага гарвыканкама наведзены парадак у раёне Палаца культуры вобласці і пасаджаны дрэвы ў Пячэрскім лесапарку. На тэрыторыі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы з’явілася алея з дубкоў і рабін, пасаджаная маладымі спецыялістамі. Побач з імі шчыравалі галоўны ўрач дзіцячай абласной бальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Каско і старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя, дэпутат Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Віктар Суслаў.

Наогул работы па навядзенні парадку вядуцца ў Магілёўскай вобласці з 22 сакавіка. У рамках месячніка добраўпарадкоўваюцца двары, плошчы, скверы, вуліцы, воінскія пахаванні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Жыхары Гомельшчыны далучыліся да правядзення рэспубліканскага суботніка

У рэгіёне працоўныя дэсанты добраўпарадкоўваюць вуліцы гарадоў, пасёлкаў і вёсак, наводзяць парадак у парках і скверах, высякаюць хмызнякі, прыбіраюць тэрыторыі вытворчых прадпрыемстваў, высаджваюць дрэвы.

Так, ў Гомелі падчас рэспубліканскага суботніка супрацоўнікі абласнога аб’яднання прафсаюзаў высадзілі алею з 60 клёнаў.

— Рэспубліканскі суботнік — прыклад згуртаванасці людзей. Гэта яшчэ адна магчымасць, зрабіць наш рэгіён чысцей і прыгажэй. Мы вырашылі аказаць дапамогу і пасадзіць кляновыя алеі разам з жыхарамі Цэнтральнага раёна Гомеля, — адзначыў старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў. Між тым прафсаюзны актыў Гомельшчыны падчас рэспубліканскага суботніка добраўпарадкоўвае мемарыяльныя комплексы, помнікі, месцы баявой і воінскай славы, а таксама наводзіць парадак у населеных пунктах вобласці, на тэрыторыях дзіцячых аздараўленчых лагераў.

Калектыў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама заняты на добраўпарадкаванні тэрыторыі панскай сядзібы ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёна. Так, працоўны дэсант паставіў перад сабой задачу — ачысціць тэрыторыю помніка архітэктуры ад расліннага смецця, скласці дровы, нарыхтаваныя для ацяплення. Вельмі важна, што такім чынам гамяльчане ўносяць свой уклад у справу захавання гісторыка-культурнай спадчыны Веткаўскага края. 

У сваю чаргу на Брагіншчыне жыхары раёна актыўна наводзяць парадак на вуліцах — ачышчаюць тратуары і абочыны дарог, фарбуюць агароджы, беляць бардзюры. У раённым цэнтры да правядзення рэспубліканскага суботніка прымеркавалі закладку новай алеі ў скверы памяці ахвяр катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У Калінкавіцкім раёне па традыцыі ўсе працоўныя калектывы праводзяць суботнік на тэрыторыі сваіх населеных пунктаў. У цэнтры увагі — таксама наведзенне парадку каля памятных мемарыялаў. Як удакладніў старшыня Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Замосцік, значная работа па добраўпарадкаванні ўжо праведзена на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў раёна. Работнікі жыллёва-камунальных службаў, сельгаспрадпрыемстваў, супрацоўнікі сельсаветаў, арганізацый і прадпрыемстваў далучыліся да навядзення парадаку на тэрыторыях грамадзянскіх могілак. Акрамя таго, жыхары раёна актыўна прабіраюцца і каля сваіх домаўладанняў — збіраюць смецце, рамантуюць агароджы. Таксама актыўна добраўпарадкоўваюць і азеляняюць свой гарод ў дзень рэспубліканскага суботніка жыхары Жлобіна. Маладыя дрэўцы ўжо высадзілі ў розных кутках горада, у тым ліку і на дваровых тэрыторыях.

Між тым жыхары Мазыршчыны праводзяць суботнік на дваровых тэрыторыях маладых мікрараёнаў актыўнай жыллёвай забудовы. Сімвалічна, што ў гэты дзень ў сем’і мазыран прыйшла важная навіна — у адным з маладых мікрараёнаў райцэнтра свае дзверы расчыніў новы яслі-сад на 330 месцаў. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Асаблівая ўвага — помнікам загінуўшым падчас вайны

Сёння ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці і горадзе Жодзіна прайшлі суботнікі, у якіх прынялі ўдзел сотні тысяч людзей розных узростаў і прафесій — студэнты, школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, мясцовых уладаў. Хтосьці, у адпаведнасці з рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, працаваў на рабочых месцах, а нехта наводзіў парадак у парках, скверах, месцах баявой і воінскай славы, на брацкіх магілах, каля помнікаў загінуўшым падчас Вялікай Айчынннай вайны, гісторыка-культурных помнікаў. Дадам, што сёлета асаблівая ўвага была нададзена воінскім пахаванням, пахаванням мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны.

Супрацоўнікі Мінаблвыканкама на чале з яго старшынёй Аляксандрам Турчыным падчас Рэспубліканскага суботніка працавалі ў Бярэзінскім раёне, дзе добраўпарадкоўвалі тэрыторыю каля помніка чырвонаармейцам. Менавіта тут, на беразе ракі Беразіна, непадалёку ад вёскі Міраслаўка, у 1941 годзе, на самым пачатку вайны, трынаццаць воінаў прынялі на сябе ўдар нямецкіх захопнікаў.

За помнікам карпатліва даглядаюць мясцовыя ўлады, школьнікі. Аднак вясной, калі сышоў снег, неабходна было навесці тут ідэальны парадак. Удзельнікі суботніка добраўпарадкавалі ўчастак лесу, які ўшчыльную падыходзіць да помніка, абрэзалі кусты, прыбралі лісце. А сам помнік атынкавалі з дапамогай нацягнутай спецыяльнай сеткі. Пасля таго, як тынкоўка падсохне, яго пафарбуюць. Агароджу таксама прывялі ў належны выгляд.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што нашчадкі павінны памятаць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Хоць гэты абеліск знаходзіцца далёка ад бойкіх дарог, а людзі прыходзяць сюды нячаста, каб ускласці кветкі, тым не менш кожны з помнікаў павінен быць дагледжаны.

Дэпутаты Мінскага абласнога Савета, а таксама Смалявіцкага раёна разам са старшынёй аблсавета Наталляй Якубіцкай добраўпарадкавалі тэрыторыю каля помніка ў вёсцы Прылепы Смалявіцкага раёна. Ён быў устаноўлены ў гонар 60 байцоў і 245 жыхароў вёсак на тэрыторыі калгаса імя У. І. Леніна, якія загінулі падчас вайны.

Палова грашовых сродкаў, заробленых на суботніку ў Мінскай вобласці, будзе накіравана ў галіну аховы здароўя на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў, у тым ліку на закупку абсталявання і часткова — на вакцынацыю ад каранавіруса. Астатнія пойдуць на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, мясцін баявой і воінскай славы Вялікай Айчыннай.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Каля 300 тысяч жыхароў Гродзеншчыны  прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку

Работы вяліся на будаўнічых аб’ектах, воінскіх мемарыялах, лясных масівах

Гродзенскія ўлады ўнеслі сваю працоўную лепту на добраўпарадкаванні і будаўніцтве анкадыспансера, які будуецца ў Гродне. Гэта самая масштабная медыцынская будоўля ў вобласці.

Дарэчы, першая чарга дыспансера ў складзе рыдыёлагічнага корпуса і ўсіх неабходных аб’ектаў інфраструктуры будзе ўведзена ў эксплуатацыю ўжо ў гэтым годзе. Завяршыць будаўніцтва планецца ў 2025 годзе. Старшыя Гродзенскага аблснога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік пастаянна трымае гэты аб’ект пад кантролем, і падчас суботніка разам з абласнымі чыноўнікамі прыняў удзел у будаўнічых работах.

Анкадыспансер – значны і неабходны для рэгіёна. Вельмі важна ўкласці часцінку сваёй працы ў будаўніцтва гэтага ўнікальнага аб’екта. Увядзенне яго ў эксплуатацыю палепшыць магчымасці нашых урачоў-анколагаў. Будоўля ідзе па плану, фінансаванне забяспечваецца ў поўным аб’ёме, - паведаміў кіраўнік рэгіёна.

Падчас суботніка міністр абароны Віктар Хрэнін займаўся навядзеннем парадку на мемарыяльным комплексе ў Гродне. Яго прыезд сюды невыпадковы, міністр абароны нарадзіўся на Гродзеншчыне, тут ён праходзіў службу. У дзень суботніка ваеннаслужачыя Гродзенскага гарнізона заняліся добраўпарадкавннем тэрыторыі мемарыяльнага комплекса – падграбалі лісце, рабілі пасадкі кустоў і дрэў. Як паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства абароны,  афіцэры, ветэраны Узброеных Сіл, курсанты, сувораўцы, усе ваеннаслужачыя прынялі актыўны ўдзел у суботніку на мемарыяльных комплексах, на месцах воінскіх пахаванняў.

А вось прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама на чале з выконваючым абавязкі начальніка Аляксандрам Шастайла сваю працоўную вахту правялі на пасадцы леса. Таксама супрацоўнікі УУС аднавілі помнік загінуўшым міліцыянерам і мемарыяльную дошку.

Актыў абласной арганізацыі БРСМ з задорам займаўся ачысткай леса ад буралома ва ўрочышчы Форт. Увогуле, зараз дапамога рабят вельмі дарэчы, бо ў лесе вельмі шмат паваленых і зламаных дрэў, хмызняку, і работнікі леса не спраўляюцца з яго ачысткай. Таму суботнік, відавочна, палепшыць стан лясных масіваў у межах горада.

Не засталася без увагі прыбярэжная тэрыторыя. На Неманскіх узгорках наводзілі парадак работнікі культуры. Супрацоўнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі замкаў.

Падчас суботніка вобласць мяркуе зарабіць 750 тысяч рублёў. Палова гэтых сродкаў будзе накіравана ў рэспубліканскі бюджэт на ахову здароўя, у тым ліку для закупкі вакцыны ад каранавіруса. Другая палова застанецца ў бюджэце вобласці. Гэтыя сродкі плануецца накіраваць на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю гісторыка-культурных аб’ектаў, мемарыяльных комплексаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: grodnonews

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.