Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы падвялі вынікі анлайн-конкурсу «О, Беларусь, мая шыпшына»


Урачыстая цырымонія падвядзення вынікаў рэспубліканскага анлайн-конкурсу чытальнікаў «О, Беларусь, мая шыпшына», прымеркаванага да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, прайшла ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Арганізатары і партнёры праекта павіншавалі пераможцаў у асноўных катэгорыях і ўручылі памятныя дыпломы і прызы. Сярод партнёраў — часопісы «Маладосць» і «Бярозка», Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі фонд культуры, а таксама народны тэатр «Жывое слова».


Конкурс чытальнікаў праходзіў з 1 кастрычніка па 15 лістапада 2020 года. У ім паўдзельнічала 880 аматараў творчасці Уладзіміра Дубоўкі, у тым ліку з-за мяжы, ва ўзросце ад 5 да 85 гадоў. Ідэя атрымала шырокі рэзананс, актыўна пашыралася ў сацсетках і на YouTube-канале.

— Гэты праект стаў вельмі важнай з’явай для нашай бібліятэкі, — адзначыў Алесь Суша, намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі. — Мне здаецца правільным, калі аб’ядноўваюцца намаганні бібліятэкараў, музейшчыкаў, архівістаў, выдаўцоў, літаратараў, крытыкаў, бо менавіта так мы можам папулярызаваць нашу культуру, вартыя ўвагі дасягненні, якія маем. «Маладняк», безумоўна, такім з’яўляецца, а імя Уладзіміра Дубоўкі ў кантэксце святочных мерапрыемстваў займае асаблівае месца, бо яго творчасць і сёння працягвае нас натхняць.

У склад журы конкурсу ўвайшлі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама запрошаныя ўдзельнікі праекта: Ірына Багдановіч, паэтэса, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Аксана Данільчык, паэтэса, перакладчык, кандыдат філалагічных навук; Алеся Сівохіна, аўтар і выканаўца, рэжысёр, мастацкі кіраўнік народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова». Алесь Суша падкрэсліў: экспертам было складана не толькі аб’ектыўна ацаніць, але нават цалкам вывучыць усе работы. У выніку пераможцамі сталі 59 удзельнікаў у 28 намінацыях. Прыз глядацкіх сімпатый — за найбольшую колькасць «падабаек» у конкурснай групе на Facebook — атрымалі Іван Скарабагатаў і Эліна Рогалева, вучні Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі.

Дарэчы, конкурс чытальнікаў «О, Беларусь, мая шыпшына» з’яўляецца часткай праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», прымеркаванага да 100-годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Ён рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі гісторыі Беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і выдавецкім домам «Звязда».

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.