Вы тут

Конкурс «Жанчына года — 2020» аб’явіў пераможцаў


Паспяховыя, актыўныя, неабыякавыя — усё гэта пра беларусак, якія прыйшлі 20 сакавіка на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў XIII рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2020».


Конкурс штогод праводзіцца грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын». Яго мэта — заахвочванне беларусак, якія дабіліся выдатных поспехаў у розных сферах дзейнасці на працягу 2020 года. Асноўная задача конкурсу — дэманстрацыя ролі жанчын у сучасным грамадстве, іх ролі ў сацыяльна-эканамічным і гуманітарна-культурным развіцці краіны, фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму, здаровай нацыі, выхаванне дзяцей.

Старшыня БСЖ, першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан, прывітала гасцей:

— Фінал XIII рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2020» — гэта не толькі добрая традыцыя, але і штогадовая магчымасць ушаноўваць — без перабольшання — лепшых жанчын Беларусі. Мы павінны захаваць гэтую пераемнасць пакаленняў. Унутры кожнай з нас б’ецца неабыякавае сэрца беларускай жанчыны, і гэта важна паказаць усяму свету.

Акрамя таго яна адзначыла, што мінулы год стаў годам выпрабаванняў:

— Таму, калі мы распрацоўвалі намінацыі, увялі новыя: «Жанчына-легенда», «Актыўная грамадзянская пазіцыя» і «Сэрца аддаю людзям». У апошняй пяць з сямі намінантак — прадстаўніцы медыцынскай сферы. Яны прынялі на сябе сур’ёзны выклік і выстаялі. У асобе гэтых намінантак хочацца падзякаваць ўсім жанчынам-медыкам, якія з гонарам выконваюць свой абавязак.

На цырымоніі традыцыйна узнагароджваюць пераможцаў у розных намінацыях. Першай стала «Паспяховы кіраўнік». У ёй адзначылі кіраўніц, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё вытворчасці прадукцыі і паслуг, асобаснага і прафесійнага патэнцыялу жанчын, якія стварылі спрыяльныя ўмовы працы і ўнеслі ўклад у развіццё жаночага руху ў рэгіёне. З прывітальным словам да намінанткаў звярнуўся намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка:

— Гэтае мерапрыемства прымушае задумацца ўсіх мужчын, як нам пашанцавала жыць і працаваць з вамі ў адной краіне. Няпростыя выпрабаванні выпадаюць сёння на жаночыя плечы. Але вы з годнасцю і гонарам гэта пераадольваеце. Мы ганарымся вамі і дзякуем за гэта.

У намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» ўзнагародзілі кіраўніц арганізацыйных структур ГА «БСЖ», якія прымаюць удзел у фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму, якія адстойваюць ідэалы і прынцыпы дзяржаўнай палітыкі, развіваюць жаночы рух. Актыўных жанчын павіншаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч:

— Для мяне вялікі гонар ўзнагароджваць пераможцаў у самай патрыятычнай намінацыі. Бурныя падзеі 2020 году сапраўды падштурхнулі многіх жанчын да спраў і ўчынкаў, якія далі магчымасць Беларусі застацца мірнай, чыстай і любімай. Вы даказалі, што любая пандэмія і грамадскія катаклізмы саступаюць перад вашай ўпартасцю, чалавекалюбствам, глыбінным матчыным жаданнем засцерагчы, зберагчы, захаваць. У аснове патрыятызму — шчырая любоў да роднай зямлі. А калі беларуская жанчына любіць — гэта, як вядома, назаўжды.

«Сэрца аддаю людзям» — намінацыя, у якой выступілі жанчыны-педагогі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, жанчыны, якія працуюць у праваахоўных органах Беларусі і праявілі свае асабістыя і прафесійныя якасці ў абароне інтарэсаў дзяржавы і грамадства, а таксама жанчыны-работнікі сістэмы аховы здароўя, якія заслужылі прызнанне і павагу калег і пацыентаў. З уручэннем узнагарод і прывітаннем гасцей выступіў Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч. Ён выказаў захапленне канкурсанткамі і адзначыў, што ў розных сацыяльных сферах з’яўляецца ўсё больш жанчын, што не можа не радаваць. А таксама дадаў:

— У сістэме аховы здароўя мы рэдка бачым вашы твары, таму што яны схаваныя за медыцынскімі маскамі. Але мы бачым вочы, якія свецяцца і адлюстроўваюць, як шмат вы робіце ад сэрца.

«Матчына слава» — намінацыя, у якой узнагародзілі шматдзетных маці (у тым ліку тых, што выхоўваюць прыёмных дзяцей), маці, якія выхавалі дзяцей, што дабіліся значных дасягненняў на міжнародным узроўні. З прывітальным словам выступіў Міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён адзначыў, што любоў маці здольная тварыць цуды.

Пераможцы ў намінацыі «Гаспадыня сяла» — гэта жанчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё малой Радзімы, сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі, аграэкатурызму, сацыяльнай інфраструктуры і мясцовага самакіравання. Іх павіншаваў генеральны дырэктар УП «Агракамбінат Ждановічы» Рыгор Чуйко. Даўні сябар Беларускага саюза жанчын нагадаў пра важнасць працы ў аграсферы: «Калі не будзе хлеба на стале, то і ўсяго астатняга не будзе».

«Духоўнасць і культура» — намінацыя, у якой ўзнагародзілі жанчын, што ўнеслі значны ўклад у развіццё духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства і ажыццяўляюць дабрачынную, у тым ліку валанцёрскую дзейнасць. Узнагароды ўручыў Міністр інфармацыі Ігар Луцкі. Ён падзякаваў жанчынам за іх дзейнасць у сферы культуры.

Узнагароды ў намінацыі «Жанчына-легенда» атрымала ігумення Гаўрыіла са Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Гродне. Яна падзякавала за высокую ацэнку сваёй дзейнасці і нагадала, што Вялікі пост пачаўся з Прабачальнай нядзелі. Ігумення заклікала не трымаць крыўдаў, умець дараваць, а таксама адкрыць сваё сэрца для ўнутраных пераменаў.

У конкурсу ёсць свая гісторыя, традыцыі і развіццё. Нязменным застаецца адно — павышэнне сацыяльнага статусу жанчын і прыцягненне ўвагі да значнасці іх ролі ў жыцці грамадства і краіны. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 365 жанчын, 47 з якіх сталі пераможцамі. Фіналы абласных тураў праходзілі ў рэгіёнах з удзелам кіраўніцтва рэгіёнаў і жаночага актыву.

 

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.