Вы тут

Штогод у органы дзяржаўнага кіравання звяртаецца каля мільёна чалавек


Такая лічба прагучала падчас семінара «Звароты грамадзян і юрыдычных асоб. Заканадаўства і практыка прымянення», які прайшоў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з удзелам парламентарыяў і прадстаўнікоў дзяржкіравання.


Па словах спікера ніжняй палаты парламента Уладзіміра АНДРЭЙЧАНКІ, для парламентарыяў работа з насельніцтвам мае асаблівае значэнне, яны заўсёды знаходзяцца ў эпіцэнтры грамадскага жыцця ў сваіх выбарчых акругах. Так, за мінулы год дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў праведзена больш за пяць з паловай тысяч сустрэч у працоўных калектывах, арганізавана звыш дзвюх тысяч асабістых прыёмаў, прынята больш за восем тысяч чалавек, разгледжана больш чым дзесяць тысяч зваротаў.

«І гэта толькі ў акругах. Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў за гэты ж час разгледжана больш за тры тысячы зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Часцей за ўсё звароты датычацца якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, стану дарог, праблем банкаўскага і паштовага абслугоўвання на вёсцы. Грамадзян хвалююць пытанні росту цэн на тавары першай неабходнасці і лекі. Таму дэпутатам і ў далейшым неабходна працягваць маніторынг цэнаўтварэння», — звярнуў увагу старшыня ніжняй палаты парламента.

Ён адзначыў, што семінар дасць старт сур'ёзнай прафесійнай дыскусіі аб перспектывах удасканалення прававой базы. Згодна з планам законапраектнай дзейнасці, у бягучым годзе прадугледжана ўнясенне змяненняў у Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». «Варта сказаць, што мы не першы раз звяртаемся да гэтай тэмы. Дэпутацкі корпус актыўна абмяркоўвае актуальныя пытанні дзеючага заканадаўства ў рамках «круглых сталоў», рабочых сустрэч з прадстаўнікамі розных дзяржаўных органаў. Для парламентарыяў работа з насельніцтвам мае асаблівае значэнне, а ў яе аснове заўсёды быў, ёсць і будзе клопат пра чалавека», — канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка.

У мерапрыемстве, акрамя дэпутатаў, узялі ўдзел члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Канстытуцыйнага суда, кафедры дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, выканаўчых і распарадчых органаў. Да ўдзелу запрошаны прадстаўнікі ведамстваў Гродзенскай і Віцебскай абласцей.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Грыгорый ШЛЫК расказаў: штогод у органы дзяржаўнага кіравання звяртаецца каля мільёна грамадзян.

«Тут я не хачу казаць пра нейкае сацыяльнае ўтрыманства, «прафесійных» скаржнікаў — не яны робяць надвор'е і не пра іх размова. Трэба казаць пра тых асоб, што з надзеяй і верай у сумленнасць прыходзяць у кабінеты рознага ўзроўню. Мы лічым, што ступень даверу паміж насельніцтвам і ўладай павінна захоўвацца і павышаецца», — адзначыў Грыгорый Шлык.

Ён дадае, што час патрабуе больш высокага ўзроўню ўзаемадзеяння дзяржавы і народа, заснаванага на інфармацыйных тэхналогіях. На думку Грыгорыя Шлыка, звароты грамадзян — лакмусавая паперка настрояў у грамадстве.

«Мінулы год быў няпросты для ўсіх, але ў прынцыпе нічога не змянілася ў плане пошты, што прыходзіла ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Тэмы зваротаў, як правіла, датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, выплаты пенсій, сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, будаўніцтва жылля. Адзінае, з'явілася новая тэндэнцыя — насельніцтва стала больш палітычна актыўнае. То-бок падымаліся не толькі пытанні жыццязабеспячэння, але і далейшага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны», — канстатаваў Грыгорый Шлык.

Ірына ДАЎГАЛА, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, падкрэсліла, што ў Беларусі створана шырокая сетка суб'ектаў дзяржаўнай улады, якія прымаюць людзей са зваротамі.

«На мой погляд, рашэнні тады будуць успрымацца людзьмі, калі кожны дзяржорган і кожны чалавек з дзяржорганаў, якія вядуць прыём грамадзян і разглядаюць звароты людзей, будуць разглядаць іх як свае ўласныя», — сцвярджае дэпутат.

Валянціна РАЖАНЕЦ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, расказала, што ў лістападзе 2021 года да дэпутатаў павінен паступіць абноўлены праект закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», і семінар быў стартавай пляцоўкай для гэтай дзейнасці.

«Я думаю, што з развіццём лічбавых тэхналогій значна пашыраюцца магчымасці грамадзян, якія жывуць у Беларусі, звяртацца ў дзяржорганы, да дэпутатаў, у грамадскія арганізацыя рознымі спосабамі, таму зваротаў шмат. Гэта добра, бо мы бачым увесь спектр пытанняў, што ёсць у рэгіёнах, і для іх эфектыўнага вырашэння, натуральна, трэба ведаць іх глыбіню і тонкасці», — сказала Валянціна Ражанец.

Яна звярнула ўвагу, што ў абноўлены нарматыўна-прававы акт магчыма ўнесці змяненні наконт атрымання электронных зваротаў, таксама неабходна папрацаваць над кнігай заўваг і прапаноў, удакладніць спосабы яе вядзення, запаўнення.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.