Вы тут

У баях спазналі радасць перамог


23 лютага штогод у Рэспубліцы Беларусь урачыста адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Гэтае сапраўды ўсенароднае свята вельмі важнае для ўсіх людзей нашай краіны і нясе ў сабе сімвалічнае яднанне мінулага і сучаснасці. У гэты дзень мы віншуем усіх тых, хто прайшоў суровымі франтавымі дарогамі, абараніў нашу свабоду і незалежнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, хто быў прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне ў пасляваенны перыяд, з доблесцю і гонарам выконваў інтэрнацыянальны абавязак, сваёй ратнай працай мацаваў баявую сілу Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. Яркія старонкі ў слаўны летапіс нашай краіны ўпісала 120-я гвардзейская Рагачоўская Чырванасцяжная, ордэнаў Суворава і Кутузава асобная механізаваная брыгада імя Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. З 1945 года злучэнне дыйслацыруецца ў сталічным мікрараёне Уручча. Ужо сама назва і ўзнагароды на Баявым сцягу гэтага сапраўды легендарнага, ардэнаноснага злучэння сведчаць пра многае.


Гісторыя і баявы шлях славутага злучэння падрабязна апісаны ў фундаментальнай працы «Чырванасцяжная Беларуская ваенная акруга», выпушчанай у свет Ваенвыдам у 1983 годзе пад рэдакцыяй вядомага савецкага военачальніка, ураджэнца вёскі Чарэя Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, камандуючага войскамі акругі генерала арміі Яўгена Іваноўскага. З гэтага выдання чытачы даведаюцца, што па загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандавання ў найцяжэйшы перыяд Вялікай Айчыннай вайны — у першым паўгоддзі 1942 года — на базе Першага Омскага ваенна-пяхотнага вучылішча імя М. В. Фрунзэ Сібірскай ваеннай акругі была сфарміравана 308-я стралковая дывізія. Дата ўтварэння дывізіі — 21 сакавіка. Пад камандаваннем прызванага ў шэрагі Чырвонай Арміі ў 1919-м былога начальніка вучылішча палкоўніка Лявонція Гурцьева баявое хрышчэнне байцы і камандзіры атрымалі каля сцен Сталінграда.

Удзельнік гэтай грандыёзнай бітвы, вядомы савецкі пісьменнік Васіль Гросман у нарысе «Напрамак галоўнага ўдару» пісаў: «Аператыўнае аддзяленне падлічыла астранамічную колькасць бомбаў, скінутых немцамі на дывізію. Гэта лічба з чатырма нулямі... Гэтым грукатам можна было аглушыць чалавецтва, гэтым агнём і металам можна было спаліць дзяржаву. Немцы лічылі, што зламаюць маральную сілу сібірскіх палкоў. Яны меркавалі, што перакрылі мяжу супраціўлення чалавечых сэрцаў і нерваў. Але дзіўная справа: людзі не сагнуліся, не звар'яцелі, не страцілі кантроль над сваімі сэрцамі і нервамі, а сталі больш моцнымі і спакойнымі. Гераізм стаў бытам, гераізм стаў стылем дывізіі і яе людзей, гераізм стаў будзённай, штодзённай звычкай. Гераізм усюды і ва ўсім...»

За ўзорнае выкананне баявых заданняў у вялікай бітве на Волзе 308-я дывізія ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, а ўсе ўдзельнікі — медалём «За абарону Сталінграда». 12 ліпеня 1943  года дывізія ўступіла ў бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Курскай дузе. У жніўні-верасні 1943-га вызваляла Бранск, Клімавічы, Касцюковічы. За мужнасць і гераізм, праяўленыя асабовым складам злучэння ў баях на Арлоўскім напрамку, 308-я стралковая дывізія загадам Наркама Абароны СССР № 285 ад 23 верасня 1943 года перайменавана ў 120-ю гвардзейскую стралковую Чырванасцяжную дывізію.

У другой палове лютага 1944-га ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі дывізія фарсіравала Дняпро, ва ўзаемадзеянні з іншымі злучэннямі 3-й арміі прарвала добра ўмацаваную абарону нямецка-фашысцкіх войскаў. Перамяшчэнне савецкіх войскаў да Рагачова адлюстравана ў журнале баявых дзеянняў арміі, дзе адзначана, што, «фарсіраваўшы Дняпро, стралковыя дывізіі ўдарнай групы (120-й гвардзейскай, 5-й, 283-й, 186-й стралковых дывізій) прарвалі абарону праціўніка на ўсю тактычную глыбіню. На другі дзень праціўнік перакінуў рэзервы са Жлобіна і Быхава. Пераадольваючы ўпартае супраціўленне ворага, пяхота прасунулася за суткі на 4-5 км».

Камандуючы 3-й арміяй, генерал Аляксандр Гарбатаў у мемуарах «Гады і войны» ўспамінаў: «За чатыры дні наступальных баёў мы дасягнулі немалых вынікаў. Нашы войскі вызвалілі Рагачоў, перарэзалі важную для праціўніка чыгуначную лінію Жлобін — Магілёў. І нарэшце, мы захапілі плацдарм на рацэ Друць». Асабліва вызначыўся асабовы склад 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якой камандаваў палкоўнік (з чэрвеня 1944 г. — генерал-маёр) Фогель Ян Янавіч, у баях за горад Рагачоў У навукова-папулярным выданні «Гурцьеўцы ад Омска да Берліна» ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, былы міністр абароны СССР, Маршал Савецкага Саюза Дзмітрый Язаў адзначаў: «На поўнач ад Рагачова 120-я гвардзейская стралковая дывізія з баямі прасоўвалася наперад. Да 6 гадзін раніцы цэнтральная частка горада была цалкам вызвалена. Да 9 гадзін 30 хвілін воінамі дывізіі была занята і паўночная частка Рагачова. У вулічных баях праціўнік страціў каля 500 салдат і афіцэраў». Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 26 лютага 1944 года дывізіі прысвоена ганаровае найменне «Рагачоўская».

У Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Багратыён» дывізія ў складзе 1-га Беларускага фронту брала ўдзел у прарыве глыбока эшаланіраванай абароны праціўніка і акружэнні яго буйной групоўкі ў раёне горада Бабруйска і развіцці наступлення ў напрамку Навагрудка, Ваўкавыска. Разам з іншымі злучэннямі 3-й арміі дывізія фарсіравала Бярэзіну, Нёман, Шчару, удзельнічала ў вызваленні больш як 500 населеных пунктаў Беларусі і Польшчы, у тым ліку Бабруйска, Мінска, Ваўкавыска. 27 ліпеня ўдзельнічала ў штурме Беластока. За адзнаку ў гэтых баях ўсе яе палкі былі ўдастоены ганаровага наймення «Беластоцкія». Затым дывізія пераследавала фашысцкія войскі, фарсіравала Одэр, удзельнічала ў акружэнні і поўнай ліквідацыі нямецкіх войскаў на паўднёвым усходзе ад Берліна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны восем вайскоўцаў дывізіі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, пяцёра сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы, ордэнамі і медалямі было ўзнагароджана каля 11 000 салдат, сяржантаў і афіцэраў. Сярод герояў — камандзіры дывізіі генерал-маёр Лявонцій Гурцьеў, генерал-маёр Ян Фогель, палкоўнік Павел Пятроў, старшы лейтэнант Іван Чупілка, старшы лейтэнант Якаў Зайцаў, сяржант Іван Багданаў, яфрэйтар Хасан Мамутаў, радавы Пётр Панамароў.

У 1957 годзе дывізія была ператворана ў мотастралковую. У пасляваенны час за заслугі ў справе абароны Савецкай Радзімы, высокія вынікі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы 120-й гвардзейскай дывізіі прысвоена імя Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, яна ўзнагароджана Памятным Сцягам і Ленінскай юбілейнай Ганаровай граматай ЦК КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР і Савета Міністраў СССР. Тройчы гвардзейцы ўзнагароджваліся пераходным Чырвоным Сцягам Ваеннага Савета Сухапутных войскаў. Двойчы — вымпелам Міністра абароны СССР «За мужнасць і воінскую доблесць». 120-я гвардзейская мотастралковая дывізія брала ўдзел ва ўсіх найбуйнейшых вайсковых вучэннях і манеўрах: «Дняпро», «Нёман», «Дзвіна», «Вясна-75», «Бярэзіна», «Захад-81». У 1982 годзе на базе дывізіі быў утвораны 5-ы гвардзейскі асобны армейскі корпус, прызначаны для дзеянняў у якасці аператыўнай манеўранай групы фронту. У ходзе завяршальнага этапу рэфармавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь 120-я гвардзейская мотастралковая дывізія была перафарміравана ў 120-ю гвардзейскую асобную механізаваную брыгаду. «Бярэзіна-2002», «Шчыт Айчыны — 2004», «Восень-2008», «Захад-2009», «Шчыт Саюза — 2011» — ніводнае з гэтых буйнамаштабных вучэнняў Узброеных Сіл нашай краіны не прайшло без удзелу воінаў-рагачоўцаў.

Мемарыял дывізіі.

На базе брыгады сфарміравана міратворчая рота — адзінае ў Рэспубліцы Беларусь падраздзяленне, прызначанае для выканання задач у ходзе міратворчых аперацый. У канцы кастрычніка 2015 года 120-ю асобную механізаваную брыгаду Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь наведаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Ён азнаёміўся з узорамі мадэрнізаванага ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Падчас наведвання вайсковага стрэльбішча Прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры ваеннай тэхнікі, баявой формы адзення, экіпіроўкі і стралковай зброі. У музеі баявой славы злучэння кіраўнік дзяржавы пакінуў запіс у памятнай кнізе: «Народ Беларусі даверыў нам бяспеку Радзімы, мір і спакой на беларускай зямлі. Апраўдвайце гэты высокі давер сваёй ратнай працай у імя працвітання Айчыны». Высокае воінскае майстэрства, пераемнасць слаўных баявых традыцый франтавікоў прадэманстравалі воіны-рагачоўцы на ваенным парадзе ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі 9 Мая 2020 года ў Мінску.

Сёння ў сталічным мікрараёне Уручча адна з вуліц носіць імя Герояў 120-й дывізіі. У Першамайскім раёне Мінска ў гонар камандзіраў славутай дывізіі Герояў Савецкага Саюза Лявонція Гурцьева і Яна Фогеля названы вуліцы. У сталічных сярэдніх школах № 141 і № 70 імя Л. Гурцьева створаны музеі баявой славы 120-й гвардзейскай дывізіі.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, падпалкоўнік у адстаўцы, ветэран Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.