Вы тут

Псуюць эмаль і правакуюць карыес? Выраўноўваюць зубы! Стаматолаг — пра папулярныя сёння брэкеты


Вялікая частка людзей мае неідэальныя зубныя рады, а бездакорная ўсмешка — хутчэй, рэдкі падарунак прыроды ці работа артадонта. Выпраўляць прыкус лепш у дзяцінстве, але калі гэты момант упушчаны — не бяда. Сёння мець роўныя зубы даступна многім — стаматалогія валодае самымі рознымі метадамі. Самы, бадай, папулярны з іх — брэкеты. Пра перавагі і недахопы такога лячэння расказала стаматолаг-хірург 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі Вольга Комар.


Калі пачынаць?

— Артадантычнае лячэнне — гэта лячэнне зубасківічных анамалій: парушэнне прыкусу, суадносін верхняй і ніжняй сківіцы, скучанасць зубоў. Артадонты займаюцца выпраўленнем гэтых недахопаў рознымі метадамі. Брэкет-сістэмы — гэта няздымны апаратны метад лячэння, ён часцей прымяняецца ў дарослым узросце, калі ўжо маецца пастаянны прыкус, — кажа ўрач.

— З якога ўзросту можна ставіць брэкеты?

— Можна і падчас змешанага прыкусу, калі малочныя зубы мяняюцца на пастаянныя. У такім выпадку гэта першы этап лячэння. Пры наяўнасці адпаведных праблем яно прымяняецца для таго, каб вызваліць месца зубам, якія рэжуцца, рассунуўшы суседнія. Потым, падчас другога этапу, калі прарэзаліся ўсе зубы, клеяць брэкеты і на ніжні, і на верхні рад, і працягваюць выраўноўванне.

Поўная змена зубоў у норме адбываецца да 12 гадоў. І з гэтага ўзросту можна ставіць брэкет-сістэмы.

Тут трэба разумець, што артадантычнае лячэнне — дастаткова доўгае. І найперш павінен быць матываваны сам пацыент, бо яно не такое і простае. Два гады — гэта сярэдні тэрмін лячэння нават пры нязначнай паталогіі. Некаму для дасягення выніку даводзіцца насіць брэкеты і пяць гадоў. І адказны падыход пацыента вырашае вельмі многае. Калі ён выконвае ўсе рэкамендацыі, лячэнне будзе праходзіць хутчэй. Калі ж своечасова не з'яўляецца на карэкцыю, не выконвае прызначаныя рэкамендацыі, напрыклад, датычныя гумавай цягі (калі паміж сківіцамі надзяваюць гумавыя кольцы для ўзмацнення ціску), належнага эфекту не будзе.

Да чаго рыхтавацца?

— Ці патрабуецца пэўная папярэдняя падрыхтоўка перад устаноўкай брэкетаў?

— Безумоўна. Найперш важна маральна саспець. Плюс падрыхтавацца фінансава, бо гэта не танны метад лячэння. Далей на кансультацыі з урачом вызначаюцца паталогія і яе прычыны. Затым пачынаецца этап абследаванняў. Робіцца 3-D і панарамны здымкі, а таксама тэлерэнтгенаграма. Гэта бакавы здымак чэрапа, які дазваляе высветліць, наколькі правільна размяшчаюцца верхняя і няжняя сківіцы і якім чынам нахілены зубы адносна касцявой тканкі. Пасля здымаюцца адбіткі, урач робіць мадэль і разлікі. Насамрэч у артадонтыі шмат геаметрыі і матэматыкі. Потым складаецца план лячэння, які абмяркоўваецца з пацыентам. Апошні вырашае, на што ён згодны, бо часам патрабуецца яшчэ і хірургічнае ўмяшанне.

Неабходная і падрыхтоўка поласці рота. Яе трэба цалкам прасаніраваць, калі маецца карыес ці перыядантыт. Гігіена — вельмі важны пункт. Калі ў пацыента яна дрэнная, то гэта можна лічыць супрацьпаказаннем. Бо брэкеты — дадатковы пункт захавання зубнога налёту. Пры недастатковай гігіене і схільнасці да карыесу ён утвараецца вакол брэкетаў. І пасля іх зняцця прыдзецца ўсе зубы зверху аднаўляць венірамі — вельмі крыўдны вынік, але такія выпадкі здараюцца. Таму пацыенту дадаткова растлумачаць, як правільна чысціць зубы, на што трэба звяртаць увагу.

Часта перад пастаноўкай брэкетаў патрабуецца выдаліць зубы мудрасці. У адрозненне ад далёкіх продкаў нам не трэба ганяцца за мамантам, таму сківіца ў сучасных людзей змяншаецца. І хоць зубы мудрасці захаваліся, але ім недастаткова месца, гэта своеасаблівы рудымент. У маладых людзей часта сустракаюцца выпадкі, калі тыя або не туды прарэзваюцца, або нахілены, або цалкам не прарэзаліся, але месца ў сківіцы займаюць. А гэта той аб'ём косці, які артадонт можа выкарыстоўваць, каб павялічыць прастору для астатніх зубоў пры іх скучанасці. Выдаліць гэтыя зубы — няпросты працэс і даволі расцягнуты па часе, калі ён выконваецца паэтапна.

І толькі пасля ўсяго гэтага ідзе ўстаноўка брэкетаў. Як кажуць артадонты, у пацыента два святы — устаноўка брэкетаў і іх зняцце.

— З якімі нязручнасцямі і складанасцямі сутыкаецца пацыент падчас нашэння гэтага апарата?

— Першы этап — безумоўна, прывыканне. У роце з'яўляецца дадатковая канструкцыя, і ў першы тыдзень, акрамя пэўнай нязвыкласці, ад гэтага незвычайныя адчуванні — зубы пачынаюць рухацца, і гэта даволі балюча пры надкусванні цвёрдай ежы. Пра такія прадукты, як, напрыклад, шашлык, яблыкі, у першы тыдзень даводзіцца забыць. Брэкеты могуць націраць слізістую, але для гэтага ёсць артадантычны воск. У тых месцах, дзе моцна рэжа і слізістая запаляецца, ім заклейваюцца краі брэкетаў, якія выступаюць. Дыскамфорт прысутнічае тыдзень-два.

Гігіена «звычайных» зубоў таксама павінна быць пільнай, хоць там ніякіх складанасцяў няма. А калі ставяць брэкеты, гігіена мусіць перайсці на новы ўзровень. Акрамя шчоткі і пасты, патрабуюцца дадатковыя сродкі. Важна добра вычышчаць зубы, бо рэшткі ежы забіваюцца пад брэкеты. І няма таго натуральнага ачышчэння, якое прадугледжана прыродай. Многія з тых, хто носіць брэкеты, заўсёды маюць з сабой ёршык і маленькую шчотку. Бо непажадана, каб налет доўга знаходзіўся на зубах, каб потым не ўтварыўся камень. Пасля кожнага прыёму ежы варта хаця б спаласнуць поласць рота.

Асноўная гігіена — раніцай і ўвечары. Увечары гэта ўвогуле цэлы рытуал: пачысціць зубы, брэкеты, прайсціся ёршыкам. Можна выкарыстоўваць ірыгатары — яны выдатна вымываюць рэшткі ежы паміж брэкетам і зубам. Ёсць спецыяльныя монапучковыя шчоткі. Яна з кароткай ручкай і невялікім пучком шчацінак — мабільная і доступ паміж брэкетамі і зубамі з ёй лепшы. Ёсць і спецыяльныя артадантычныя шчоткі з выразам пасярэдзіне. Яна агінае брэкет зверху і знізу для больш якаснага ачышчэння. Можна выкарыстоўваць і ніць, але гэта дастаткова складана з брэкетамі. Вось колькі нюансаў адразу дадаецца. Увечары гэта дастаткова доўгі рытуал — да паўгадзіны.

— Калі пацыент прапускае чарговы візіт да артадонта, так званую карэкцыю, можа атрымаць нечаканы эфект у выглядзе дадатковай шчыліны паміж зубамі?

— Гэта ўжо пра адказнасць самога пацыента. Можа з'явіцца дадатковы прамежак паміж зубамі, бо падчас лячэння яны становяцца рухомыя. У залежнасці ад таго, якая сістэма выбрана, карэкцыя адбываецца раз у чатыры або ў восем тыдняў. Спачатку ставіцца самая лёгкая дуга — адаптацыйны варыянт. Потым яны мяняюцца, узмацняецца іх жорсткасць, шчыльнасць. Калі пацыент пратэрмінаваў чарговы візіт — на ранніх этапах, хутчэй за ўсё, нічога не адбудзецца. Але падчас лячэння, калі дуга становіцца больш цвёрдай, пратэрміноўка можа скончыцца ўскладненнямі і ўрачу давядзецца вяртаць зубы назад. Тут пажадана прыходзіць дакладна па прадпісанні доктара.

— Са зняццем брэкетаў з нязручнасцямі, нарэшце, скончана?

— Пасля артадантычнага лячэння пацыент мусіць ад пяці гадоў да канца жыцця насіць рэтэйнер — апарат, які фіксуе зубы ў правільным становішчы. Яго прыклейваюць знутры, толькі на франтальную групу зубоў, каб пасля лячэння зубы не вярнуліся ў ранейшае становішча. У некаторых выпадках на ноч выкарыстоўваюцца індывідуальныя капы, якія трымаюць зубы ў належным стане. Але рэцыдыў часта здараецца, калі пачынаюць прарэзвацца зубы мудрасці і зрушваюць астатнія. Прычым гэта самыя непрадказальныя зубы, яны могуць прарэзвацца ў любым узросце. Таму важна сачыць за гэтым і своечасова звяртацца да ўрача.

Колькі каштуе?

— Што чакае пацыента, які выбірае лячэнне брэкет-сістэмай, з фінансавага пункту гледжання?

— Варыянтаў аплаты шмат. Можна аплаціць лячэнне разава, можна паступова: спачатку пастаноўку брэкетаў, потым кожную карэкцыю і, нарэшце, зняцце. У плане кошту тут таксама ёсць варыянты. Ёсць розныя віды брэкетаў, і ад гэтага залежыць кошт. У залежнасці ад вытворцы ён таксама вар'іруецца — ад сярэдняга да прэміум-класа. Пастаноўка сістэмы сярэдняга класа каштуе 700—800 рублёў на адну сківіцу, прэміум-класа — 1500—1700 рублёў. Кошт карэкцыі не настолькі значны.

— Да якога ўзросту дарослым можна выпраўляць прыкус такім чынам?

— Чым старэйшы чалавек, тым шчыльней косць і тым складаней ідзе лячэнне. Таму лепш гэта рабіць у маладым узросце, калі косць рухавая і лячэнне будзе больш кароткае. У 40 гадоў нярэдка ўжо маюцца пломбы, каронкі, таму могуць узнікнуць пытанні, ці магчыма ўвогуле артадантычнае лячэнне. Гэта будзе даўжэй і складаней.

Калі дзіця расце, усё рухома. І вельмі важна гэты момант не ўпусціць. Калі праразаюцца пастаянныя зубы не ў той плоскасці, лепш звярнуцца да артадонта, бо лячэнне будзе больш хуткае і простае. У гэты час яшчэ ўсё можна выправіць з дапамогай здымных апаратаў — пласцінак, гэта нашмат танней. І тут справа не толькі ў эстэтыцы, яна — усяго толькі прыемнае дапаўненне. Праблема з прыкусам уплывае на скронева-ніжнесківічны сустаў, які ўдзельнічае ў працэсе жавання. А нашы суставы — складаная структура, і аднавіць іх надзвычай складана.

У савецкія часы на тое, ці роўныя зубы менш звярталі ўвагу, і цяпер да мяне прыходзяць пацыенты нават з галаўным болем. І ён таксама можа быць звязаны з суставам, перанапружаннем мышц, бо наш арганізм — адзіная сістэма. Таму выпраўленне прыкусу — лячэнне «з перспектывай». Зноў-такі з-за няправільнага прыкусу, калі зуб трапляе на зуб, яны сціраюцца, павялічваецца нагрузка на сустаў, агаляецца нерв, з'яўляецца адчувальнасць. Таму лепш гэту праблему вырашыць у самым пачатку.

— Ці можна паставіць брэкеты жанчыне ў дэкрэтным адпачынку, пакуль яна знаходзіцца дома?

— Трэба сказаць, што ў момант цяжарнасці іх непажадана ставіць, бо ідзе гарманальная перабудова, арганізм аслаблены, лячэнне можа пайсці непрадказальна, не даць жаданага выніку і з'явяцца ўскладненні. Праз год ці два пасля нараджэння дзіцяці можна пачынаць артадантычнае лячэнне.

— Якія брэкеты лепш выбраць?

— Ёсць варыянты на любы густ — металічныя, керамічныя. Апошнія менш прыкметныя, але з імі ёсць нюанс: брэкет керамічны, а дуга металічная. І ўзнікае трэнне, працэс лячэння становіцца даўжэйшым. Ёсць брэкеты вестыбулярныя, якія мацуюцца на вонкавай частцы зубоў, а ёсць лінгвальныя — прыклейваюцца з унутранай часткі, яны даражэйшыя, бо не такія заўважныя. З іншага боку, брэкеты цяпер папулярныя. Калі раней яны не вельмі віталіся, то сёння многія студэнткі і нават школьніцы аддаюць перавагу брэкет-сістэмам. І самі апараты змяніліся: не такіх вялікіх памераў, як былі раней, сталі больш дасканалыя. У іх нашэнні сапраўды нічога ганебнага няма, гэта паказчык таго, што чалавек сочыць за сваім здароўем.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.