Вы тут

Колькасць людзей з недыягнаставаным ВІЧ павялічваецца


Хоць лічба новых выпадкаў у Беларусі, Расіі і Украіне змяншаецца.

Згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на планеце з ВІЧ жыве больш за 38 мільёнаў чалавек. За апошнія 30 гадоў каля 33 мільёнаў памерла ад СНІДу. У Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе старэйшых за 35 гадоў. Пераважае гетэрасексуальны шлях перадачы ВІЧ. На 1 лістапада 2020 года ў Беларусі было выяўлена 22 792 чалавекі з ВІЧ-інфекцыяй. «Ацэначная» колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ у нашай краіне, складае 28 тысяч чалавек.


У Еўрапейскім рэгіёне працягвае расці колькасць новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Каля 79 % новых выпадкаў летась прыпадала на яго ўсходнюю частку, а гэта краіны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Такія звесткі паведаміў каардынатар праграм па інфекцыйных хваробах краінавага офіса СААЗ у Беларусі Вячаслаў Гранькоў. Яшчэ адна праблема — павялічваецца колькасць асоб, якія жывуць з недыягнаставаным ВІЧ. І большая іх частка таксама жыве ва ўсходняй частцы Еўрапейскага рэгіёна. А позняя дыягностыка патрабуе амаль у чатыры разы больш затрат, чым калі інфекцыя выяўлена своечасова.

Эксперт адзначыў і пазітыўную тэндэнцыю ў Еўрапейскім рэгіёне: адбываецца скарачэнне тэмпаў росту новых выпадкаў і стабілізацыя эпідэміялагічнага працэсу ў Расіі і Украіне. Гэта таксама ўплывае і на сітуацыю ў нашай краіне, паколькі мы з'яўляемся найбліжэйшымі суседзямі.

Дзякуючы сумесным намаганням міжнародных, нацыянальных і няўрадавых арганізацый колькасць новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў свеце з кожным годам зніжаецца. Спецыялісты мяркуюць, што гэта звязана з павелічэннем ахопу колькасці хворых эфектыўным лячэннем — антырэтравіруснай тэрапіяй.

Паводле слоў дацэнта кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалая Галабародзькі, у 2020 годзе ў Беларусі таксама адзначаецца зніжэнне новых выпадкаў ВІЧ у параўнанні з мінулым годам амаль на трэць.

— У 2020 годзе ўвага ўсяго свету прыкавана да пандэміі COVІD-19 і яе ўплыву на жыццё і дабрабыт людзей. І гэтыя падзеі яшчэ раз паказалі, наколькі цесна наша здароўе звязана з іншымі важнымі пытаннямі — правамі чалавека, гендарнай роўнасцю і сацыяльнай абаронай. COVІD-19 прадэманстраваў, што падчас любой пандэміі бяспека ўсіх залежыць ад бяспекі кожнага, — кажа выконваючы абавязкі загадчыка аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Сергеенка. — Каб дасягнуць поспеху, неабходна аказваць дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Выкараненне стыгмы і дыскрымінацыі, прымяненне падыходаў, заснаваных на правах чалавека і гендарнай роўнасці, — вось галоўныя ўмовы спынення ў свеце пандэмій ВІЧ і COVІD-19.

У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці добраахвотнае тэсціраванне на ВІЧ, у тым ліку ананімнае, можна ў любой лячэбнай установе, у якой маецца працэдурны кабінет. Таксама ў краіне на базе грамадскіх некамерцыйных арганізацый функцыянуюць ананімна-кансультацыйныя пункты, якія аказваюць паслугі па кансультаванні і тэсціраванні на ВІЧ-інфекцыю для найбольш уразлівых да ВІЧ-інфекцыі груп насельніцтва (спажыўцы ін'екцыйных наркотыкаў, жанчыны секс-бізнесу, мужчыны, якія ўступаюць у сексуальныя адносіны з мужчынамі).

Усе ВІЧ-пазітыўныя пацыенты ў Беларусі, якія знаходзяцца на дыспансерным назіранні, атрымліваюць лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі бясплатна. Колькасць такіх пацыентаў на сёння складае каля 19 тысяч чалавек. Своечасова пачаўшы лячэнне і прытрымліваючыся ўсіх указанняў урача, людзі з ВІЧ могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё. Па якасці жыцця ВІЧ-пазітыўныя пацыенты, дзякуючы гэтым лекавым прэпаратам, амаль нічым не адрозніваюцца ад здаровых людзей.

Разам з тым, па словах Вячаслава Гранькова, сёння для таго, каб паставіць дыягназ, неабходна зрабіць тры тэсты. Актуальным застаецца пытанне паскарэння тэрмінаў пастаноўкі дыягназу, і ўжо вядзецца работа над змяненнем існуючага алгарытму дыягностыкі. Чакаецца, што новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць у 2021 годзе.

Тэст на ВІЧ і вірусныя гепатыты — бясплатна і ананімна

У працэдурным кабінеце аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў ГУ РЦГЭіГЗ (Мінск, вул. Клары Цэткін, 4, працэдурны кабінет № 301, 3-і паверх) у перыяд з 20 лістапада да 24 снежня 2020 года можна прайсці добраахвотнае бясплатнае ананімнае экспрэс-тэсціраванне на ВІЧ па сліне і экспрэс-тэсціраванне на вірусныя гепатыты В і С па крыві, атрымаць кансультацыю ўрача-эпідэміёлага і псіхолага па пытаннях, што датычацца ВІЧ-інфекцыі, а таксама інфармацыйна-асветніцкія матэрыялы, сродкі індывідуальнай аховы (прэзерватывы).

Час забору крыві для экспрэс-тэсціравання з 11.00 да 13.00 і з 14.00 да 15.00.

Прайсці тэсціраванне можна па папярэднім запісе па тэлефоне +375 17 321 22 68.

  • Вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) — інфекцыя, якую выклікаюць рэтравірусы двух тыпаў, што жывуць у пэўных клетках крыві, разбураюць іх і выклікаюць паступовае аслабленне імуннай сістэмы. Пры адсутнасці лячэння імунная сістэма прыгнятаецца. Пакуль зусім не перастае змагацца з небяспечнымі для жыцця інфекцыямі і хваробамі.

Алена КРАВЕЦ

Фота: flickr.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.