Вы тут

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі?


У Сяргея Сiўца новая пасада

Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па заканадаўстве i дзяржаўным будаўнiцтве Сяргей Сiвец абраны намеснiкам старшынi Пастаяннай камiсii Мiжпарламенцкай Асамблеi дзяржаў СНД па прававых пытаннях. Такое рашэнне прынята падчас пасяджэння гэтай камiсii, якая прайшла ў рэжыме вiдэаканферэнцыi.

Па словах сенатара, прадстаўнiкi Беларусi ўнеслi шэраг прапаноў да палажэння аб пастаянных камiсiях Мiжпарламенцкай Асамблеi. Сяргей Сiвец адзначыў, што ўдзел груп мiжнародных назiральнiкаў ад МПА СНД у манiторынгу выбараў — вельмi важны кiрунак дзейнасцi Асамблеi, якi актыўна падтрымлiваецца Беларуссю. На яго погляд, трэба правесцi экспертызу дакументаў, якiя рэгламентуюць работу дзеючага на пляцоўцы МПА СНД iнстытута манiторынгу, вывучыць прапанову Асамблеi аб стварэннi навукова-кансультатыўнага савета.


А шчасце побач

Член Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы, дырэктар Мiнскага навукова-практычнага цэнтра хiрургii, транспланталогii i гематалогii Алег Румо выступiў з лекцыяй па гiсторыi транспланталогii для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта.

Сенатар падрабязна апiсаў этапы развiцця гэтага кiрунку ў Беларусi i планы калег на найблiжэйшую перспектыву. Ён падкрэслiў, што сучасная транспланталогiя — гэта ў абсалютнай большасцi выпадкаў шанц на працяг жыцця для чалавека, якi праз тыя цi iншыя абставiны трапiў пад удар. I калi ёсць спосаб перамагчы цяжкую хваробу, яго трэба выкарыстоўваць, таму што няма большай радасцi для доктара, чым здаровы пацыент. Плюс — значны эканамiчны эфект i прэстыж краiны ў цэлым.

Пасля лекцыi Алег Румо адказаў на пытаннi студэнтаў. У ходзе размовы, у прыватнасцi, ён адзначыў: калi вы ўкладзяце ў сваю справу ўсю душу, будзеце шчаслiвымi людзьмi.


Для зручнасцi насельнiцтва

Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце i фiнансах Таццяна Рунец прыняла ўдзел у пасяджэннях адмiнiстрацый Савецкага i Партызанскага раёнаў Мiнска.

У Савецкiм раёне сенатар звярнула ўвагу на недапушчальнасць фармiравання запазычанасцi па заработнай плаце ў арганiзацыях усiх форм уласнасцi. Былi абмеркаваны прычыны ўзнiкнення такой запазычанасцi. Таццяна Рунец падкрэслiла неабходнасць актывiзаваць работу з аб'ектамi нерухомасцi, якiя выведзены з эканамiчнага абароту або неэфектыўна выкарыстоўваюцца.

У Партызанскiм раёне абмяркоўвалiся пытаннi фармiравання складскiх запасаў гатовай прадукцыi i стратных прадпрыемстваў, сiтуацыя i перспектывы работы асобных аб'ектаў рознiчнага гандлю, напрыклад, латкоў з плодаагароднiннай прадукцыяй. На думку сенатара, варта захаваць такiя аб'екты для зручнасцi насельнiцтва.


З газам жыць весялей

Член Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы, генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па палiве i газiфiкацыi «Белпалiвагаз» Аляксей Кушнарэнка прыняў удзел у цырымонii ўрачыстага пуску прыроднага газу ў аграгарадку Iскра Бялынiцкага раёна.

Там работнiкi газавай службы за тры месяцы пабудавалi амаль 14 км газаправода, што дазволiла падвесцi газ у аграгарадкi Iскра i Ланькаў.

Падчас цырымонii сенатар адзначыў, што газiфiкацыя жылля павышае ўзровень камфортнасцi жыцця ў вёсцы i спрыяе сацыяльна-эканамiчнаму развiццю рэгiёнаў. Ён нагадаў, што газiфiкацыя сельскай мясцовасцi праводзiцца пры iстотнай падтрымцы дзяржавы.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.