Вы тут

Золата палёў на поўначы краіны


Сёлета ў Прыдзвінскім краі плошча жніва павялічылася ў параўнанні з мінулым годам прыкладна на 10 %. Збожжавыя і зернебабовыя ўбіралі на 390 тысячах гектараў. Па папярэдніх ацэнках, агульная вага залатога ўраджаю Віцебшчыны можа дасягнуць каля 1,1 мільёна тон (разам з прыватным, фермерскім збожжам).


Асаблівасць сёлетняй «бітвы за ўраджай» — у вялікай падтрымцы з боку дзяржавы (Указ Прэзідэнта № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці» ад 25 лютага 2020 года). Праект указа абмяркоўваўся ў Віцебску мінулай восенню. Ён даў магчымасць працаваць у новых умовах, у тым ліку фінансавых, тэхнічных, па-іншаму весці кадравую работу, замацоўваючы людзей у глыбінцы дадатковымі «бонусамі».

У Прыдзвінні, нагадаю, стварылі сем аграпрамысловых холдынгаў, якія аб'ядноўваюць каля 110 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў (усіх іх — парадку 240). Новыя ўмовы дзейнасці дазваляюць і больш рацыянальна ажыццяўляць уборку ўраджаю.

Паводле слоў намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыса Яфрэмава, добрай дапамогай сталі сто новых камбайнаў беларускай вытворчасці. Камбайны гэтыя, набытыя ў лізінг, былі тут неабходныя, напэўна, як ні ў адной іншай вобласці Беларусі. Справа ў тым, што парк гэтых сельскагаспадарчых машын на Віцебшчыне, мякка кажучы, адстаў ад патрэб часу. Каля паловы з прыблізна 1370 «крэйсераў палёў» даўно трэба было спісаць, бо яны і тэхналагічна, і маральна састарэлі... І таму ў некаторых гаспадарках на камбайн падчас бягучага жніва прыходзілася да 350 га — параўнальна вялікая плошча, і адпаведна, нагрузка на механізатараў.

Надвор'е, на жаль, не вельмі паспрыяла аграрыям. Як падкрэсліў Барыс Яфрэмаў, яно не парадавала земляробаў стабільнасцю. З-за практычна трохтыднёвых дажджоў не змаглі намалаціць мільён тон збожжавых яшчэ ў жніўні, хоць гэта было рэальна.

У Пастаўскім і Верхнядзвінскім раёнах жніво завяршылі першымі, у Віцебскім і Аршанскім раёнах рэкорд па намалоце — прыкладна па сто тысяч тон збожжа. Дарэчы, Аршаншчына, дзе працягваецца паскоранае развіццё згодна з адпаведным прэзідэнцкім указам, традыцыйна радуе добрым караваем. Сярэдняя ўраджайнасць на палях вобласці, як агучыў віцэ-губернатар, пад 31,5 ц/га.

Канчатковая ж мэта — каб алгарытм «ад поля да прылаўка» быў цалкам эфектыўны. Пры змяншэнні выдаткаў, выключэнні лішніх кіраўнічых звенняў і пасрэднікаў становіцца больш прывабнай цана прадукцыі, пры гэтым паляпшаецца яе якасць і канкурэнтаздольнасць, ёсць магчымасць цэнтралізавана павялічваць экспарт.

Ужо дакладна вядома, што абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020» пройдзе ў Віцебску і Віцебскім раёне 26 і 27 верасня. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў анансаваў, што гэта будзе вельмі маштабнае свята, аналагаў якому раней не было. Абласны цэнтр актыўна рыхтуюць да яго правядзення — горад прыгажэе на вачах. Сярод новых аб'ектаў — гіганцкая арка ў прывакзальным скверы Кірава, якому надаюць новае жыццё. У папярэдняй праграме свята аграрыяў — шэсце ўдзельнікаў жніва, цырымонія ўзнагароджання ў Летнім амфітэатры, які ўмяшчае больш за 6,2 тысячы чалавек. А на падворках раёнаў, сельсаветаў пад адкрытым небам рыхтуюцца кулінарныя і канцэртныя сюрпрызы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.