Вы тут

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта


Віцебшчына. Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў: Галоўнае – мір!

Па традыцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў прагаласаваў у Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, дзе ён калісьці вучыўся.


І сёлета, як заўсёды, на выбарах, прыйшоў на ўчастак каля васьмі гадзін раніцы, акурат да адкрыцця.

Але прагаласаваў не першы. Да яго з’яўлення свой выбар упершыню ў жыцці зрабіла студэнтка трэцяга курса Ангеліна Семянкевіч. Прывабная дзяўчына пасля гэтага нават разгубілася, калі журналісты літаральна занялі чаргу, каб пагутарыць з ёй.

І ў яе аднакурсніцы Аляксандры Дубінкі было шмат інтэрв’ю, хваляванняў.

Кіраўнік выканаўчай улады Прыдзвінскага краю павіншаваў студэнтак са значнай падзеяй у іх жыцці. Пацікавіўся, чым захапляюцца, мо чагосьці не хапае, каб весела, з карысцю для інтэлекта і здароўя бавіць час. Агучыў прыклады, калі іх равеснікі з’язджалі за акіян «па ўдачу», але вярнуліся на Радзіму. І ўпэўніліся, што тут можна праявіць сабе і дзякуючы ведам, працаздольнасці, прафесійнаму росту, дабіцца многага: дабрабыту, кар’ернага росту...

На развітанне старшыня аблвыканкама падарыў маладым выбаршчыцам сувеніры.

Каментуючы ход выбараў ў Віцебскай вобласці, Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што галоўнае — мірная палітыка. Мы ведаем цану міру, і не хацелі б, каб выбухалі снарады, свісцелі кулі... Наконт узроўню жыцця, многае залежыць ад нас, падкрэсліў губернатар. І выразіў надзею ў тым, што землякі зробяць правільны выбар.

У спіску выбаршчыкаў на гэтым участку 750 грамадзян.

Былі тут і назіральнікі ад місіі СНД: з Пскова. Адзін з іх — Аляксандр Серавін, які займаецца навуковай дзейнасцю ў вобласці паліталогіі. Ён — кіраўнік лабараторыі электроннай электаральнай палітыкі ЛДУ імя Пушкіна. Сказаў, што «ўзяў на аловак» наступнае: людзям з праблемамі зроку прадастаўляецца інфармацыйная магчымасць атрымаць максімум інфармацыі для выбаршчыка. Такога ў Расіі не бачыў. Іншаземец сказаў, што яго калегі-назіральнікі ад місіі таксама працуюць у Оршы і Полацку. Таксама ён падзякаваў за гасціннасць і адзначыў, што яго ўразілі чысціня і прыгажосць Віцебска.

У часовым буфеце ўчастка, як і заўсёды на выбарах, арганізавалі багаты выбар прадукцыі: ад шашлыку да пірагоў. Цэны прыемна радавалі вочы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА


Брэстчына. «Найбольшая актыўнасць была з самага ранку»

На здымку 92-гадовая Ганна Лявоненка

На выбарчым участку № 17 у вёсцы Воўчын Камянецкага раёна зарэгістравана 382 выбаршчыкі з шасці вёсак. Участак размешчаны ў будынку сельсавета. Зранку тут гучыць музыка. Пакрысе падыходзяць людзі.

«Найбольшая актыўнасць была з самага ранку, з васьмі гадзін — гаворыць старшыня камісіі Ігар ДУЛЬКО. — Вясковыя людзі ўстаюць рана: прагаласаваў і пайшоў-паехаў па справах. А тыя, хто ў выхадны дзень нікуды не спяшаецца, ідуць пазней».

Ігар Васілевіч першы раз працуе ў якасці старшыні выбарчай камісіі, таму крыху хвалюецца, хоць усё ідзе тут сваім парадкам. Участак да выбараў падрыхтаваны, аснашчаны сродкамі абароны ад інфекцый. Члены камісіі нагадваюць наведвальнікам аб магчымасці выкарыстання антысептыкаў. Самі працуюць у масках і па жаданні выбаршчыкаў выдаюць маскі ім. Скрыня для бюлетэняў празрыстая. На ўчастку дзяжураць супрацоўнік МНС, міліцыянер, медсястра з амбулаторыі.

Старшыня камісіі паведаміў, што датэрмінова прагаласавала 185 чалавек. 16 грамадзян пакінулі заяўкі аб галасаванні па месцы жыхарства.

Амаль насупраць сельвыканкама размешчаны храм. І як толькі звон апавяшчае завяршэнне службы, актыўнасць выбаршчыкаў узрастае. На ўчастак заходзяць жанчыны ў белых хусцінках. Яно і зразумела: спачатку сілкаванне для душы, а потым — грамадзянскі абавязак. 

Як самага жаданага госця сустракаюць на ўчастку 92-гадовую Ганну Лявоненка. Ганна Іванаўна былая настаўніца. Многія з тых, хто працуюць у гэтым будынку і сядзяць у камісіі — яе вучні. Пенсіянерка расказала, што прыехала сюды за мужам, ветэранам вайны, які шмат гадоў быў дырэктарам школы ў Воўчыне. А сама яна 42 гады адпрацавала на ніве адукацыі. Выкладала, дарэчы, гісторыю і грамадазнаўства. Вось цяпер на прыкладзе работы камісіі можа ўпэўніцца ў якасці і трываласці ведаў, якія дала сваім вучням.

Згадала Ганна Іванаўна, што ў свой час не раз працавала ў камісіях па выбарах розных узроўняў, была і старшынёй камісіі. Пасля галасавання ветэран працы зазірнула ў кабінет да старшыні сельскага Савета Віктара Паляшчука, свайго вучня. Віктар Пятровіч паведаміў карэспандэнту пазней, што Ганна Лявоненка чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Шмат робіць для выхавання маладога пакалення. Яшчэ летась Ганна Іванаўна вельмі цікава выступіла на мерапрыемстве 9 Мая.

Пакуль гаварылі з Ганнай Іванаўнай, якую суправаджала дачка Святлана Міхайлаўна, падышоў маладжавы пенсіяннер Уладзімір Лук’яненка. Сказаў, што на выбары з даўніх часоў ходзіць галасаваць у асноўны дзень, а галасуе, вядома, за светлую будучыню Беларусі, за мір, дабрабыт, росквіт. 

На сельскім выбарчым участку працуюць назіральнікі. Вольга Жыранок падзялілася сваімі ўражаннямі.

«Назіраю не першы дзень за працэсам галасаванння, ніякіх заўваг да камісіі не магу выказаць. Усё праходзіць спакойна, па-дзелавому, у рамках закона», — адзначыла яна. Вольга Дзмітрыеўна вылучана назіральнікам ад раённай арганізацыі прафсаюза аграпрамысловага комплексу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён


Гродзеншчына. «Кандыдат павінен разумець народ, у тым ліку вясковых жыхароў...»

Путрышкі — адна з самых бліжніх да абласнога цэнтра вёсак. Ад Гродна ўсяго кіламетраў пяць-шэсць. Такая блізасць дае магчымасць многім жыхарам вучыцца і працаваць у Гродне. У іх ліку Таццяна Сямёнава, якая прыйшла на выбарчы ўчастак адной з першых. Жанчына доўгі час працавала на прадпремстве «Гродна Азот», зараз на заслужаным адпачынку, займаецца хатняй гаспадаркай. Для яе галоўная каштоўнасць — гэта мір. Яна лічыць, што рэформы павінны адбывацца, але мірным шляхам.

Сям’я Юнцэвічаў прыйшла на ўчастак у поўным складзе. Яўген галасуе ўпершыню. Ён студэнт ГрГУ, але летам займаецца падпрацоўкай. Спяшаліся на працу і бацькі. Ва ўсіх настрой з ранку бадзёры. Па словах маці, кожны сам вызначаўся, за каго аддаць свой голас на выбарах. Сама Ірына жадае сваім дзецям светлай будучыні, каб не было нейкіх ваенных дзеянняў, мірнае неба над галавой. Сын Яўген таксама з гэтым згодны. Яму, як выбаршчыку, які прыйшоў на ўчастак упершыню, уручаны памятны ліст і падарунак. Цікава, што Яўген галасуе на ўчастку, які называецца Маладзёжны.

Старшыня выбарчай камісіі Ірына Тоўкач расказала, што з 880 выбаршчыкаў 388 прагаласавалі датэрмінова. Паралельна праходзяць выезды членаў камісіі на дом. Ужо ахоплена больш за 100 чалавек. Выезды ажыццяўляюцца па меры паступлення зваротаў.

Упершыню галасуе і сын Наталлі і Вадзіма Ярэмічаў. Толькі на суседнім участку № 30. Бацькі сказалі, што ён прыйдзе пазней, затое Ярэмічы прыйшлі з малодшай дачкой і пазітыўным настроем. Выбар рабілі разам, пры гэтым абмеркавалі кожнага кандыдата. Але галасы вырашылі аддаць за таго прэтэндэнта, які можа забяспечыць стабільнасць і парадак. Наталля лічыць важнай умовай для сваіх дзяцей магчымасць сябе рэалізаваць, працаваць і забяспечыць сваю сям’ю. Як гэта зрабілі яны самі.

Напрыклад, Наталля працуе ў мясцовай гаспадарцы інжэнерам-заатэхнікам. Тут сям’я атрымала жыллё як шматдзетная. У дзяцей ёсць магчымасць наведваць спартыўныя школы ў абласным цэнтры.

Жыхарка вёскі Жытомля Ірына Шляга прыйшла на свой выбарчы ўчастак № 8 таксама з ранку. Яна расказала, што асаблівых сумненняў, за каго галасаваць, у яе не было. Кандыдат, якому яна аддала свой голас, мае вопыт работы, разумее народ, у тым ліку і вясковых жыхароў. «Гэта вельмі складаная і адказная работа, — заўважыла Ірына. — Гэта трэба разумець і нашай моладзі. Шмат якія маладыя людзі не могуць самі зрабіць выбар, а вядуцца на розныя заклікі і абяцанні». 

Зараз вёска заўважна аднавілася, людзі тут жывуць ветлівыя і добразычлівыя, кажа суразмоўца. Вядома, працэс старэння не мінае населены пункт, але гэта прыкмета часу. Між тым, моладзь прыходзіць працаваць у гаспадарку. Ірына сама доўгі час працавала ў моцным сельскагаспадарчым кааператыве «Прагрэс-Верцялішкі». Яна лічыць, што ўсё прыходзіць з часам, трэба толькі жыць па сродках.

На выбарчым участку даволі высокая яўка. Амаль палова выбаршчыкаў галасавала датэрмінова. Гэта абумоўлена ходам сельскагаспадарчых работ, патлумачыла старшыня Жытамлянскага ўчастка № 8 Людміла Чыжык. Кожны прыходзіў у вольны ад працы час.

Станіслава Лебядзевіч прыйшла на ўчастак з трыма ўнукамі. Менавіта ў гэты дзень яе сям’я сабралася разам. З кандыдатам Станіслава вызначылася даўно. Яна працуе на ферме чвэрць стагоддзя і бачыць, як мяняюцца ўмовы працы, аплата. Ад гаспадаркі атрымалі кватэру, прыватызавалі. І сын, і дачка таксама засталіся працаваць у сяльгаскааператыве. «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», — лічыць Станіслава.

Пасля працэдуры галасавання жанчына павяла сваіх унукаў у буфет, дзе кожны з іх выбраў сабе пачастунак. На кожным участку ў праграме канцэрт на адкрытай пляцоўцы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА


Міншчына. «Мы галасуем за тое, каб нашым нашчадкам жылося лепш...»

Каля васьмі гадзін раніцы на ганку Бараўлянскага сельскага Савета дэпутатаў пачалі збірацца людзі. Менавіта тут месціцца восьмы Лясны ўчастак для галасавання № 18. Адкрыцця ўчастка чакалі толькі некалькі чалавек. Вядома, іншыя пачалі падцягвацца пазней. У выхадны дзень хочацца больш паспаць, адпачыць перад пачаткам новага працоўнага тыдня.

Першымі заходзяць у залу для галасавання сямейная пара. Як сказалі сужэнцы, лепш раніцай прагаласаваць, а затым заняцца хатнімі справамі.

— Усяго ж у нас выбаршчыкаў 1555, у тым ліку 10 чалавек, якім споўнілася 18. Усе яны атрымаюць віншавальныя паштоўкі і падарункі, — кажа старшыня ўчастковай камісіі Кацярына Хмылкова.

Асобна падарунак Кацярына Рыгораўна ўручыла і юбіляру. Ларысе Генадзьеўне 9 жніўня споўнілася 60 гадоў. Жанчына падзякавала старшыню і членаў выбарчай камісіі за ўвагу.

Галасаванне, як кажуць, ідзе ў штатным рэжыме, спакойна, без ніякіх эксцэсаў. Відаць, што людзі ў прыўзнятым святочным настроі.

— За што вы галасавалі? — цікаўлюся ў мілавіднай жанчыны.

— За стабільнасць, як кажа наш Прэзідэнт, — адказвае Лідзія Каваленка.

— Мне хутка споўніцца восемдзесят гадоў, — уступае ў размову Ганна Іванаўна.

— Чаму ж не выклікалі членаў камісіі на дом? — пытаюся ў яе.

— Навошта людзей турбаваць. Я пакуль яшчэ здольная і сама дабрацца да ўчастка. А галасаваць я буду за дабрабыт, каб ён мацнеў год ад года, каб раслі зарплаты.

— Мы галасуем за тое, каб нашым нашчадкам жылося лепш. Галасуем за росквіт і незалежнасць нашай краіны, — спыняецца побач Іван Аляксандравіч і Ганна Сцяпанаўна. — Мы раніцой нават унукаў разбудзілі, каб яны прыйшлі і аддалі голас за кандыдата, які гарантуе мір беларускаму народу.

На тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета створана 29 выбарчых участкаў. Менавіта ў гэтую кампанію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дадаткова адкрыты сем новых участкаў.

— Гэта звязана перш за ўсё з тым, што кожны год у нас прырост насельніцтва складае каля чатырох тысяч. Сярод іх і людзі, якія дасягаюць 18-гадовага ўзросту, якія маюць права ўдзельнічаць у галасаванні, — канстатуе старшыня Бараўлянскага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Варабей. З гэтых 29 участкаў шэсць закрытыя. Яны размешчаны ва ўстановах аховы здароўя для галасавання хворых, якія знаходзяцца на момант правядзення выбараў на лячэнні. Рэалізаваць сваё права пацыенты могуць у асноўны дзень галасавання 9 жніўня. Дзевяць выбарчых участкаў знаходзяцца ва ўстановах адукацыі. Адзін ўчастак — ва ўстанове культуры. Астатнія — у інтэрнатах, службовых памяшканнях садовых таварыстваў. Мы фарміравалі ўчасткі і падбіралі памяшканні для іх з улікам таго, каб людзям было зручна да іх дабірацца.

Усяго ж на тэрыторыі сельсавета маюць права прыняць удзел у галасаванні больш як 46 тысяч чалавек, у тым 400 маладых людзей, якія дасягнулі 18 гадоў, 10 выбаршчыкаў, што адзначаюць той ці іншы юбілей з Дня нараджэння. Ну, а для тых, хто па стане здароўя не можа з’явіцца на выбарчы ўчастак, члены камісіі выедуць на дом.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Таксама наш фотакарэспандэнт Ганна Занкавіч пабывала на адным з выбарчых участкаў, размешчаным у Вілейцы.


Гомельшчына. «Марым аб тым, каб горад наш квітнеў і далей»

У Гомельскай вобласці за пяць дзён датэрміновага галасавання 54,44% выбаршчыкаў аддалі свае галасы за абраных кандыдатаў. Гомельшчына — лідар сярод рэгіёнаў краіны па актыўнасці людзей падчас датэрміновага галасавання. Сёння, у асноўны дзень выбараў, на участках таксама адзначаецца вельмі актыўная яўка выбаршчыкаў.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей аддаць свой голас за кандыдата прыйшоў на выбарчы ўчастак № 20 Цэнтральнага раёна Гомеля.
Ён размешчаны ў корпусе ГДУ імя Ф. Скарыны.

— Я галасую за ажыццяўленне нашых планаў. Напрыклад, за заканчэнне будаўніцтва двух школ, лячэбнага корпусу абласной сухотнай бальніцы, годнае заканчэнне ўборачнай кампаніі...Таксама галасую за нараджэнне здаровых дзяцей, стварэнне сем’яў, парадак, мір у дамах і на вуліцах, спакой у нашай краіне, — выказаў сваю пазіцыю кіраўнік рэгіёна.

Ён павіншаваў маладых людзей, якія ўпершыню бяруць удзел у выбарах, і ўручыў ім памятныя падарункі. Дарэчы на Гомельшчыне 14 тысяч грамадзян упершыню галасуюць на выбарах. 

У Гомелі ўрач Гомельскай абласной туберкулёзнай бальніцы Яўгенія Жлоба прыйшла на выбарчы ўчастак пры школе № 60 пасля дзяжурства: «Я добра ведаю, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на долю нашай дзяржавы ў апошнія шэсць месяцаў. Мы ўсе аб’ядналіся і справіліся з каранавіруснай інфекцыяй. Вялікая заслуга кожнага чалавека і ўсяго народа разам у тым, што мы можам бяспечна адаць свой голас...Я аддаю свой — за спакой, светлую будучыню квітнеючай Беларусі, за магчымасць жыць і працаваць у сваёй краіне, — падзялілася спецыяліст, маці дваіх дзяцей.

Да выбарчага ўчастка № 6, што размешчаны ў будынку сярэдняй школы № 29 Гомеля, — няспынная плынь людзей. Сярод выбаршчыкаў — сталыя пары сужанцаў, сем’і з дзецьмі, шмат моладзі.

Маладая гамяльчанка Вольга Гатальская апускае бюлетэнь у скрыню, потым, пакідаючы залу для галасавання, з задавальненнем затрымліваецца, каб сказаць некалькі слоў аб удзеле ў выбарах. Кажа, што вельмі расхвалявалася, бо для яе ўсё гэта вельмі сур’ёзна і адказна: «Я прыйшла аддаць свой голас за развіццё, я асабіста за тое, каб ў нашай краіне нешта змянілася».

Маці дваіх дзяцей, а цяпер і шчаслівая бабуля Наталля Мікалаеўна Кончыц прывяла на выбары ўсю сваю вялікую сям’ю: «Марым аб тым, каб горад наш квітнеў і далей, каб жылося добра. Марым аб шчаслівай будучыні для нашых дзяцей, за тое і галасуем», — дзеліцца меркаваннем гамяльчанка, для якой браць удзел у выбарах сямейная традыцыя.
Актыўны ўдзельнік усіх патрыятычных мерапрыестваў у абласным цэнтры і Гомельскай вобласці, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Іванавіч Піменаў на выбарчым участку № 6 пры сярэдняй школе № 29 Гомеля сёлета ў якасці назіральніка. Арганізацыю галасавання ацэньвае «на выдатна»: «Вельмі строга ўсё і дакладна згодна з пратаколам. Што тычыцца маёй асабістай пазіцыі, то я — шчыры і нязменны прыхільнік нашага Прэзідэнта», — зазначае 94-гадовы гамельчанін, які, дарэчы, былы выдатны спартсмен і нават у падтрыманні здаровага ладу жыцця таксама арынтуецца на кіраўніка дзяржавы.

Між тым, асабліва для выбаршчыкаў сталага ўзросту, на ўчастках для галасавання акцэнтуецца ўвага на ўжыванні ахоўных сродкаў. Усіх папярэджваюць аб пажаданым захаванні сацыяльнай дыстанцыі. Гэта адзначае і назіральнік на выбарчым участку пры сярэдняй школе № 29 — Ігар Ціток. Малады чалавек — электраманцёр на прадпрыемстве ААТ «Карал», дагэтуль двойчы назіральнік на выбарах дэпутатаў, на выбарах Прэзідэнта — дэбют: «Вельмі высокая яўка выбаршчкаў была на датэрміновым галасаванні. У асноўны дзень — таксама шматлюдна. Ідуць галасаваць і сталыя людзі, і моладзь», — зазначае Ігар Ціток і акцэнтуе ўвагу на тое, што наладжана дзяжурства спецыялістаў-медыкаў, перад пачаткам работы ў назіральнікаў і членаў выбарчай камісіі вымяраюць тэмпературу, у кабінках для галасавання сваечасова праводзіцца апрацоўка паверхняў.

У Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафадукацыі, дзе размясціўся ўчастак № 41, першыя галасуючыя прыйшлі яшчэ да адкрыцця. Пажылыя сужэнцы Васіль і Вера Дзмітрачэнкі першыя апусцілі бюлетэні ў скрыню для галасавання: «Унутраны будзільнік спрацаваў — трэба збірацца галасаваць! Прыйшлі першыя — у 07:30 ужо стаялі на прыступках. Ды хіба гэта рана?», — прызналіся пенсіянеры.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара


«Прагаласаваў за тое, каб у нашай краіны была мірная і шчаслівая будучыня»

У Магілёве з самай раніцы актыўна ішло галасаванне. Прыходзілі цэлымі сем’ямі. Людзей забяспечвалі аднаразовымі пальчаткамі, медыцынскімі маскамі, антысептыкам. Працавалі буфеты і ярмаркі.

— Настрой святочны. Прагаласаваў за тое, каб у нашай краіны была мірная і шчаслівая будучыня. Гэта каштуе дорага, — падзяліўся ўражаннем ваенны камісар Магілёўскай вобласці, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Аляксандр Гарошкін, які прыйшоў на выбарчы ўчастак № 76 пасля 10 гадзін раніцы.

Дарэчы, як адзначалі члены гэтай выбарчай камісіі., першыя наведвальнікі прыйшлі загадзя і чакалі, пакуль адкрыюцца ўчасткі, каб прагаласаваць хутчэй. Нават чарга ўтварылася.

Выбары сталі знакавай падзеяй і для 100-гадовай магіляўчанкі Матроны Каленька, якая галасавала на даму за тое, каб яе дзеці і ўнукі жылі ў квітнеючай краіне. Да яе завіталі члены ўчастковай камісіі з выбарчага ўчастка № 76, які размешчаны ў Доме ветэранаў.

Матрона Герасімаўна — паважаны чалавек. Пасля вайны прыйшла працаваць медсястрой у радзільнае аддзяленне і шчыравала там да 70 гадоў. Узнагароджана ганаровымі граматамі. Яна маці траіх дзяцей, бабуля для 5 унукаў і 9 праўнукаў.

Шматдзетныя бацькі-магіляўчане Дзмітрый і Наталля Гурэевы прыйшлі галасаваць з двухгадовай Сафіяй і 4-х гадовай Насценькай. Дома са сваякамі засталіся іх астатнія трое дзетак.

— Сёння для нас падвойнае свята — дзень выбараў і дзень нараджэння ў 7-гадовай дачкі Паліны. Таму 9 жніўня для нас знакавы дзень, — кажа матуля. — У нас вялікая сям’я. Мару, каб дзеткі выраслі добрымі людзьмі і мы ганарыліся імі.

Пра тое, што ўдзел у выбарах — святы абавязак для кожнага, не раз паўтаралі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Так, Герасім Бераснёў прыйшоў галасаваць разам са сваёй другой палавінкай.

— Мы пралівалі кроў на вайне. Як ніхто іншы ведаем цану міру. Яго варта захаваць у нашай роднай Беларусі. Сёння мы выбіраем гаспадара для краіны. Варта зрабіць правільны выбар, — падкрэсліў ветэран.

Таццяна МАЛІНІНА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.