Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Настасся Шкурдай устанавіла чарговы рэкорд.

У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Плыўчыха Настасся Шкурдай пабіла свой рэкорд на дыстанцыі 100 м на спіне ў чацвёрты дзень Кубка і першынства Беларусі па плаванні. Яна паказала час 59,08 сек. Папярэдні вынік складаў 1 хв. 0,59 сек. Другое месца на гэтай дыстанцыі заняла Настасся Куляшова — 1 хв. 2,34 сек. Замкнула тройку лідараў Таццяна Кляцова (1 хв. 3,61 сек.).

Кубак і першынства Беларусі па плаванні сабралі 340 спартсменаў. У спаборніцтвах удзельнічалі і лідары нацыянальнай каманды Беларусі. Асноўныя задачы, якія ставіў трэнерскі склад на спаборніцтвы, — паглядзець фізічную форму спартсменаў і зразумець, да чаго каманда падыходзіць пад канец года. Нагадаем, у беларускіх плыўцоў ужо ёсць пяць алімпійскіх ліцэнзій: Ільі Шымановіча, Мікіты Цмыга, Настассі Шкурдай, а таксама ў камбінаванай мужчынскай і змешанай эстафетах. У планах — завая-ваць яшчэ ад трох да пяці пуцёвак на Гульні.


2. Завяршыліся матчы 18-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» і мінскае «Дынама» згулялі ўнічыю 0:0, з такім жа лікам завяршыўся і матч гродзенскага «Нёмана» з салігорскім «Шахцёрам».

Вынікі іншых сустрэч гэтага тура: «Мінск» — «Энергетык-БДУ» — 2:1, «Віцебск» — «Смалявічы» — 1:0, «Гарадзея» — «Белшына» (Бабруйск) — 2:1, «Слуцк» — «Іслач» — 2:1, «Рух» (Брэст) — БАТЭ — 0:3. Матч «Славія» (Мазыр) — «Дынама» (Брэст) перанесены на пазнейшы тэрмін.

Турнірнае становішча: БАТЭ — 34 ачкі (18 матчаў), «Шахцёр» — 34 (18), «Нёман» — 31 (17), «Энергетык-БДУ» — 29 (18), «Тарпеда-БелАЗ» — 27 (18), «Дынама» (Мінск) — 27 (18), «Дынама» (Брэст) — 26 (16), «Віцебск» — 26 (18), «Рух» — 25 (18), «Іслач» — 23 (18), «Славія» — 22 (17), «Слуцк» — 21 (17), «Гарадзея» — 19 (18), «Мінск» — 18 (16), «Смалявічы» — 14 (17), «Белшына» — 10 (18).

Спіс найлепшых бамбардзіраў узначальвае Джасурбек Яхшыбоеў («Шахцёр»), які забіў дзесяць мячоў. Наступны тур пройдзе з 24 да 26 ліпеня.


3. У чэмпіянаце Беларусі па пляжным футболе вызначыліся ўсе саіскальнікі ўзнагарод. У вырашальнай серыі за «золата», як і год таму, сустрэнуцца дзеючы чэмпіён краіны «Гроднааблспорт» і «Кіраўск-СДЮШАР». У паўфінальных матчах 13-га нацыянальнага першынства ў Кіраўску гаспадары двойчы перайгралі «Шчучын» — 4:0 і 6:4. Гродзенская каманда не пакінула шанцаў сапернікам з «Брэста» — 4:0 і 9:3. Няўдачнікі паўфінальных баталій праз тыдзень паспрачаюцца за бронзавыя медалі.

Заключны тур чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе, пасля якога вызначацца прызёры, пройдзе 25—26 ліпеня ў Шчучыне.

Нагадаем, самым тытулаваным беларускім клубам з'яўляецца барысаўскі БАТЭ: ён сем разоў станавіўся чэмпіёнам краіны. У двух папярэдніх першынствах запар «золата» заваяваў «Гродна-аблспорт». Таксама два тытулы ў актыве мінскай каманды «Пасат-Пласт», адзін раз чэмпіёнам станавіўся светлагорскі ЦКК.


4. На пасяджэнні 136-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта зацверджаны расклад на будучыя летнія Гульні XXXІІ Алімпіяды ў Токіа. Прадстаўнікі арганізацыйнага камітэта «Токіа-2020» у сваім дакладзе адзначылі высокую гатоўнасць да правядзення Гульняў, нягледзячы на абставіны, якія вымусілі перанесці іх з 2020-га на 2021 год. Японскі бок таксама змог пацвердзіць выкарыстанне падчас спаборніцтваў усіх 43 аб'ектаў, якія былі арандаваны для стартаў у 2020-м. Найбольшыя цяжкасці выклікала Алімпійская вёска, кватэры ў якой на 2021 год былі прададзеныя. Прэзідэнт МАК Томас Бах выказаў падзяку арганізатарам за іх намаганні ў падрыхтоўцы. «Алімпійская вёска — сэрца Алімпійскіх гульняў, а месца правядзення — душа Гульняў. Атлеты з усяго свету зноў будуць жыць разам пад адным дахам у Алімпійскай вёсцы, разам абедаць, разам святкаваць, разам абмяркоўваць старты. Зробленая за апошні час работа — сведчанне паспяховай працы аргкамітэта і спецгрупы МАК. Нам удасца правесці яркія і запамінальныя Гульні», — заявіў прэзідэнт МАК.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Усё хутчэй і хутчэй

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Святлодыёды са шматслойнымі нанаплёнкамі, якія мяняюць колер у залежнасці ад часу сутак і падстройваюцца пад біярытм чалавека...

Спорт

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

«У юбілейны сезон хацелася сур'ёзна адзначыць дзень нараджэння. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы».

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў.