Вы тут

​ Як гэта - выхоўваць семярых сыноў? Расказала маці-выхавальніца дзіцячай вёскі


Вікторыя Кузьміна, маці-выхавальніца дзіцячай вёскі «Вытокі»:

— Я выхоўваю семярых хлопчыкаў: трох маіх біялагічных сыноў, 13-гадовага Радзівона, Рамана 9 гадоў і Аляксандра 8 гадоў. І чатырох прыёмных. Хлопцы, якія засталіся без апекі бацькоў, рознага ўзросту: старэйшаму, Уладзіміру, 17 гадоў, Якаву — 16, таксама з намі сямігадовы Аляксандр і шасцігадовы Максім. Маці-выхавальніцай я працую 10 гадоў, і столькі ж часу са мной Валодзя і Яша. Тры дзіцяці ўжо выраслі і не жывуць з намі — гэта мае «выпускнікі».

Вядома, з хлапчукамі бывае складана. Але дзякуючы маім выдатным сябрам, дасведчаным псіхолагам дзіцячай вёскі «Вытокі» я спраўляюся. Ды і старэйшыя хлопцы, Уладзімір і Якаў, актыўна дапамагаюць у выхаванні малодшых, іх прыклад, словы і справы маюць вялікую вагу і значэнне. Дапусцім, заняткі спортам: старэйшыя хлопчыкі любяць футбол, адцісканні, і тыя, каму ад шасці да дзевяці, таксама стараюцца не адставаць. Валодзя з Яшам настаўляюць і ў бытавых пытаннях: «Ложак трэба засцілаць вось так. Мама не нянька, ты павінен умець паклапаціцца пра сябе сам». А якія пірагі мы пячэм разам — пальчыкі абліжаш! Мае хлапчукі ўсё ўмеюць самі: і прыбраць у доме могуць, і гатуюць смачныя стравы. Гэта і ёсць агульны побыт сям’і, дзе кожны па сваіх сілах робіць нешта для дабра ўсіх. Разам працуем на агародзе, разам фарбуем дрэвы, робім прыборку і гатуем абед. Сямейныя каштоўнасці фарміруюцца праз супрацоўніцтва. Я заахвочваю ў дзецях ініцыятыву.

Магу з асабістага досведу сцвярджаць: пры ўсіх тых добрых умовах, якія ствараюцца ў нас у дзіцячых дамах, толькі сям’я паўнавартасна рыхтуе да дарослага жыцця, адаптуе да грамадства. Найлепшы прытулак ці інтэрнат гэтага не здолеюць. Калі ты кругласуткава знаходзішся побач з дзіцём, працэс навучання і выхавання не спыняецца ніколі. Клопат, ласка, добрае слова і эмацыйная падтрымка патрэбны хлопчыкам і дзяўчаткам увесь час, а не толькі некалькі гадзін у дзень. Як узаемадзейнічаць з людзьмі, арганізаваць свой побыт, набыць іншыя неабходныя навыкі? На ўсе гэтыя пытанні адкажа толькі сям’я. Мы нават у садок аддаём дзяцей на паўдня: навучаем у садку, выхоўваем дома. Псіхолагі пацвердзяць: нават калі ты не займаешся з дзіцём, яно назірае за табой і несвядома капіруе твае паводзіны. Так закладваецца характар, сцэнар будучага жыцця — і важна, каб гэтыя працэсы не далі збою! Нават пірог сумесна спячы — гэта вельмі шмат значыць. А ў дзіцячым доме дзеці атрымліваюць усё гатовае: згатаваную ежу, памытае і папрасаванае адзенне. Яны не бачаць, як купляюцца прадукты, варыцца суп ці пячэцца пірог.

Але гэта не азначае, што ў сям’і вас не чакае ніякіх цяжкасцей. Калі вы прымаеце адказнае рашэнне ўзяць дзіця з дзіцячага дома, то падрыхтуйцеся да гэтага кроку — не толькі маральна і псіхалагічна, але і фізічна, бо дзеці патрабуюць шмат сіл. Заручыцеся падтрымкай з боку лекараў і псіхолагаў, а таксама родных і блізкіх людзей. Прайдзіце спецыяльную падрыхтоўку. І памятайце, што дзіця — гэта асоба са сваім характарам і сваім мінулым, часта не бясхмарным. Часам спачатку ўсё ідзе гладка, а потым хлопчык ці дзяўчынка пачынаюць расці, узнікаюць праблемныя пытанні. Трэба быць мудрымі і цярплівымі, мець сяброў і спецыялістаў, якія дапамогуць вам парадай і справай.

Перад тым, як узяць дзіця ў сям’ю, пазнаёмцеся з ім. Гучыць банальна, але на самой справе гэта важна. З выгляду ўсе дзеці прыгожыя і кранальныя, але бывае так, што менавіта з гэтым дзіцём вам цяжка будзе сысціся характарамі. Спачатку трэба пасябраваць з маленькім чалавекам, і толькі потым пачынайце яго ці яе выхоўваць, навучаць. Таму што, калі паміж вамі не будзе сяброўства, цёплых і шчырых адносін, паўплываць на паводзіны дзіцяці вы не зможаце. Ласка, сардэчнасць — на першым месцы. Будзьце гатовыя да таго, што дзіця будзе пастаянна правяраць, ці прымаеце вы яго такім, якое яно ёсць. Ці любіце яго, калі яно плача, нервуецца, робіць нешта не тое: ламае цацкі, кажа вам крыўдныя словы. Калі ўсё добра, любіць дзіця нескладана. А калі з’яўляецца праблема, трэба паказаць свайму выхаванцу, што вы яго прымаеце безумоўна.

Усё роўна, у якім узросце адбылася ў дзіцяці драма, — усе дзеці, якія спазналі няшчасце са сваімі біялагічнымі бацькамі, траўмаваныя. Гэта трэба ўлічваць. Бываюць неўсвядомленыя ўчынкі і паводзінныя рэакцыі, дзіця само не разумее, чаму плача або капрызіць. Дарослы павінен мець цвёрдую вытрымку, мудрасць і, вядома, падтрымку з боку педагогаў і псіхолагаў, а таксама ўнутраны стрыжань і пазітыўную ўстаноўку: «усё атрымаецца, я дапамагу дзіцёнку і ён (яна) будзе шчаслівы».

Не саромейцеся прасіць парады ў спецыялістаў. Ваша задача — накіраваць характар, здольнасці дзіцяці ў добрае рэчышча, дапамагчы яму ўсвядоміць сямейныя каштоўнасці, сфарміраваць маральныя прынцыпы. Вядома, гэта складаны, доўгі працэс, справа нават не пяці, а часам сямі-дзесяці гадоў. Я гэта бачу па сваіх выхаванцах, у якіх стараюся ўкладаць шмат добрага і разумнага, і вынікі з’яўляюцца не адразу. Лягчэй, калі дзіця з маленства жыло ў нядрэнных умовах. А калі спазнала цяжкі досвед, калі ўжо сфарміраваны негатыўныя звычкі, уздзейнічаць на іх бывае цяжка. Што ў такіх выпадках раблю? Стараюся наладзіць адносіны, падказаць, калі просіць парады — дапамагчы. Навязваць сваю волю сілай не мае сэнсу, бо асоба фарміруецца ў раннім дзяцінстве. Змяніць асобу немагчыма, але можна ўплываць на дзіця праз супрацоўніцтва, сяброўства і прыняцце.

Максім

Вясёлы, абаяльны, усмешлівы, гаваркі, любіць увагу і актыўныя гульні. Дапытлівасць гэтага шасцігадовага хлопчыка не ведае межаў: Максім хоча ўсё ведаць, усім цікавіцца і задае шмат пытанняў. Ласкавы і прыязны, ён ахвотна ідзе на кантакт, гатовы пагаварыць на любую тэму. З задавальненнем гуляе з іншымі дзецьмі, шчыры і адкрыты з дарослымі. Жыццярадасны і рухавы, не любіць доўга сядзець на адным месцы. Займаецца спортам, ахвотна катаецца на самакаце, ровары, гуляе ў футбол, зімой — у снежкі. Сабраць што-небудзь з дэталей канструктара, пакорпацца ў пясочніцы разам з іншымі дзецьмі — таксама ўваходзіць у кола яго захапленняў.

Цяпер Максім жыве ў дзіцячай вёсцы «Вытокі» разам з іншымі рабятамі. Калі знойдзецца сям’я, гатовая ўзяць яго пад апеку, каб займацца яго усебаковым развіццём, хлопчыку гэта пойдзе толькі на карысць.

Аляксандр

Сямігадовы Саша — спакойны, прыязны, разумны і старанны. Камунікабельны і вясёлы. Любіць актыўныя і пазнавальныя гульні. Ахвотна і з канструктарам павозіцца, і за мячом пабегае, і ў альбоме намалюе карцінку. Саша добры хлопчык, гатовы клапаціцца пра іншых і дзяліцца з імі прысмакамі і цацкамі. Любіць жывёл. У верасні ён пойдзе ў першы клас, а пакуль вучыцца лічыць і чытаць. Кемлівы і цікаўны, схоплівае веды на ляту, мае добрую памяць. Уразлівы і эмацыйны, Саша доўга памятае добрыя моманты жыцця: паездкі, сямейныя святы. А яшчэ ахвотна і без напамінкаў дапаможа маме — падмяце, прыбярэ рэчы на месцы. І вельмі любіць слухаць казкі!

У дзіцячай вёсцы «Вытокі» забяспечваецца паўнавартаснае яго выхаванне. Але здольны хлопчык зможа дасягнуць большых поспехаў, калі знойдзецца сям’я, гатовая аддаваць яму шмат часу і падтрымліваць на жыццёвым шляху.

 

ДУА «Дзіцячая вёска «Вытокі»

Тэл. 8 (017) 505-56-59


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Загаловак у газеце: «Калі ўсё добра, любіць нескладана»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.