Вы тут

Для добрых стартаў. У Мінску з'явілася яшчэ адна ўнікальная спартыўная пляцоўка


Яна размясцілася ў Партызанскім раёне сталіцы па вуліцы Ваўпшасава і ўжо паспела прыцягнуць мноства аматараў як зімовых, так і летніх відаў спорту. Месца лыжаролернай трасы было вызначана тут яшчэ ў 2013 годзе, а ўчора адбылося яе ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі, побач з трасай з'явіліся два новыя спартыўныя аб'екты: пляцоўка з вулічнымі трэнажорамі і пляцоўка для стральбы. Паспрабаваць сябе тут ужо можа любы ахвотны.


У рамках цырымоніі адкрыцця новага аб'екта сталіцы прайшлі паказальныя выступленні ролераў дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Вікторыя» і адкрытая трэніроўка спартсменаў установы «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па лыжных відах спорту» галоўнага ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама.

Даўжыня ўсяго маршруту лыжаролернай трасы складае два з паловай кіламетры і ўяўляе сабой паласу для каньковага ходу з лыжнёй для класічнага ходу побач. Шырыня яе складае 4-5 метраў. Здзейсніць шпацыр па трасе тут можна не толькі днём, але і ўвечары — для зручнасці ўздоўж дарожкі ўстаноўлены асвятляльныя мачты, таксама ёсць пункт пракату спартыўнага інвентару.

— Партызанскі раён з'яўляецца самым маладым у горадзе, але сёння тут 342 аб'екты для заняткаў спортам, — расказаў кіраўнік Адміністрацыі Партызанскага раёна Валерый ВАРАНІЦКІ. — Яшчэ адзін з іх — гэта дарожка, рэканструяваная для катання на ролікавых каньках, яна прыстасаваная для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пабудаваны сучасныя раздзявальні, пункт пракату і цір. Я спадзяюся, што жыхары раёна і горада ацэняць гэты аб'ект, і на ім вырастуць годныя людзі і добрыя спартсмены.

Дзякуючы рэканструкцыі аб'ект абзавёўся адкрытым стрэльбішчам на 16 установак, дзе змогуць трэніравацца юныя біятланісты. Мадэрнізаваны пункт пракату: тут замянілі мэблю і абсталяванне, зрабілі ўчастак для сушкі і захоўвання абутку з ролікавымі канькамі і лыжамі, рабочыя месцы для рамонту лыжаў і ролікаў. Арганізавана зона захоўвання рэчаў наведвальнікаў, якія прыйдуць на трасу са сваім інвентаром.

— Перш за ўсё я хачу выказаць шчырую падзяку Адміністрацыі Партызанскага раёна за гэтую трасу для катання на ролікавых каньках. Я ведаю, якой працы патрабавала яе будаўніцтва. Спадзяёмся, гэта ацэняць жыхары горада і асабліва маладое пакаленне, прадстаўнікі якога хутка ўвойдуць у лік нашых лыжнікаў і біятланістаў, — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі біятлона, заслужаны трэнер Беларусі па біятлоне Андрыян ЦЫБУЛЬСКІ.

Адзначым, што маса новых спартыўных аб'ектаў з'яўляецца па ўсёй краіне. Напрыклад, на гэтым тыдні ў Навагрудку адкрыўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Лідар». Цяпер там ёсць спартыўная зала з трыбунамі на 750 глядацкіх месцаў, 25-метровы басейн, зала барацьбы, трэнажорная і фітнес-залы, памяшканні для заняткаў лёгкай атлетыкай, настольным тэнісам, а таксама кафэ. Побач размешчаны дзве пляцоўкі для гульні ў пляжны футбол і валейбол, варкаўт-комплекс, абсталяваны пляж і аўтастаянка. Забяспечана даступнасць для асоб з інваліднасцю: ёсць ліфт, у басейне — спецыяльны пад'ёмнік, маюцца сродкі візуальнай і тактыльнай інфармацыі. Адзначым, што комплекс прызначаны не толькі для юных атлетаў: тут можа займацца любы ахвотны. Гараджане даўно марылі аб сучасным аб'екце для заняткаў фізкультурай і спортам.

«Штогод мы адкрываем некалькі такіх спартыўных збудаванняў. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці ў пачатку гэтага года аналагічны комплекс пачаў працаваць у Астраўцы, — адзначыў на адкрыцці аб'екта ў Навагрудку міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук. — У планах — будаўніцтва ФАКа ў Слоніме. Да канца ліпеня скончыцца рэканструкцыя плавальнага басейна ў Смаргоні. Пастаўлена задача, каб у кожным раённым цэнтры былі падобныя аб'екты, і мы паступова рухаемся да вызначаных мэт».

Таксама на гэтым тыдні ўрачыста адкрылі новую футбольную пляцоўку ў Дуброўне, яна размешчана ў густанаселеным мікрараёне горада, памер поля складае 20 на 40 метраў. Яго з'яўленне будзе спрыяць развіццю футбола — вядучага ў раёне віду спорту.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.