Вы тут

Супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме


Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан наведаў Беларусь з афіцыйным візітам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан падчас сустрэчы ў Мінску

Перш за ўсё трэба адзначыць, што афіцыйных візітаў у Беларусь кіраўнікоў такога ўзроўню з Венгрыі да гэтага часу не было. Тым больш значны цяперашні прыезд у Мінск аўтарытэтнага не толькі венгерскага, але і еўрапейскага палітыка.

У Палацы Незалежнасці прайшла сустрэча Прэзідэнта Беларусі з Прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. Агульны характар перамоў, іх важнасць выразна адлюстроўваюць словы Аляксандра Лукашэнкі:

— Венгрыя з’яўляецца самым блізкім для Беларусі партнёрам у Еўрасаюзе. Як ніхто іншы, разумее нас і спрыяе паглыбленню нашых адносін з Еўрапейскім саюзам.

На думку Прэзідэнта Беларусі ў цяперашніх рэаліях такі візіт, без перабольшвання, набывае асаблівы сэнс:

— Вы адкрываеце ўсім у свеце старыя-новыя маршруты пасля гэтай страшнай, як нам здавалася, эпідэміі.

Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку Віктару Орбану за тое, што адкрыццё гэтых маршрутаў ён пачаў менавіта з Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама высока ацаніў эканамічныя магчымасці Венгрыі як партнёра:

— Гэта краіна з найвышэйшым узроўнем развіцця і ў сілу гэтага з велізарным патэнцыялам. Узровень нашых гандлёва-эканамічных, ды і палітычных адносін абсалютна не адпавядае таму, што мы можам. Таваразварот у 255 мільёнаў долараў — гэта не той таваразварот, які павінен быць паміж Венгрыяй і Беларуссю.

А з гэтага вынікае, што трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб пашырыць таваразварот не толькі паміж дзвюма краінамі, але і паміж дзвюма магутнымі эканамічнымі арганізацыямі. З аднаго боку — Еўрапейскім саюзам, з другога — Еўразійскім эканамічным саюзам. У сувязі з чым Аляксандр Лукашэнка запэўніў госця:

— Я хачу, каб вы ведалі, што мы гатовыя да гэтага, па-першае. А па-другое, калі мы пра што дамовімся, Беларусь свята будзе выконваць гэтыя дамоўленасці.

Віктар Орбан, у сваю чаргу, падзякаваў беларускаму Прэзідэнту за магчымасць наведаць нашу краіну.

— Для мяне вялікі гонар, што я магу быць першым Прэм’ер-міністрам Венгрыі, які наносіць афіцыйны візіт на вашу радзіму. Калі я задумаўся пра свае замежныя паездкі пасля пандэміі (куды найперш паехаць), я падумаў: паедзем туды, куды мы ўжо даўно абяцалі. Гэтым візітам мы вам абавязаныя ўжо даўно.

Кіраўнік урада Венгрыі нагадаў пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам на мяжы 1990-х і 2000-х гадоў у Стамбуле:

— І там нам пашчасціла пагаварыць. Так што ў мяне вельмі прыемныя асабістыя ўспаміны.

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Віктар Орбан падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Венгрыяй няма ніякіх неўрэгуляваных пытанняў:

— Мы не памятаем, каб Беларусь калі-небудзь непаважліва паставілася да Венгрыі, і не памятаем такога, каб мы вам не аддалі даніну павагі. Гэта значыць, у прынцыпе ўсё добра, але, на жаль, вы маеце рацыю, што мы вельмі мала з гэтага атрымалі.

Прэм’ер-міністр таксама адзначыў, што Беларусь — развітая краіна, якая можа ганарыцца сваімі дасягненнямі ў прамысловасці і вытворчасці прадуктаў харчавання, поспехамі ў сферы культуры і спорту:

— Я вельмі спадзяюся, што цяперашняя сустрэча стане значным крокам наперад. Я прыехаў са шчырымі намерамі аб супрацоўніцтве.

Пазней, падводзячы вынікі перамоваў у зносінах з журналістамі, Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз засяродзіў увагу на важнасці і каштоўнасці прыезду венгерскага Прэм’ер-міністра менавіта цяпер:

— Гэта смелы крок у няпростай псіхалагічнай і медыцынскай сітуацыі (імя якой пандэмія), які дазволіў нам з вамі перапыніць так званы міжнародны каранцін і адрадзіць фармат жывых зносін паміж еўрапейскімі дзяржавамі.

Размову, якая адбылася ў Мінску, Кіраўнік дзяржавы назваў вельмі канструктыўнай, якая «засведчыла, што беларуска-венгерскае супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме»:

— Мы адкрыта і змястоўна абмеркавалі розныя тэмы двухбаковага парадку дня і сітуацыю ў свеце. Адзначылі падабенства поглядаў па многіх актуальных праблемах.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў значнае паляпшэнне дыялога па лініі Беларусь — ЕС. Паводле яго слоў, адносіны сталі больш прагматычнымі, раўнапраўнымі і, самае галоўнае, прадуктыўнымі:

— Вялікая заслуга ў гэтым нашых сяброў з Будапешта і асабіста Віктара Орбана.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на неабходнасці развіваць дыялог на розных пляцоўках і ў розных фарматах. У прыватнасці, падкрэсліў, што дзве краіны зацікаўленыя ў развіцці «Усходняга партнёрства» як стваральнай ініцыятывы, арыентаванай на эканамічны рост:

— Прычым ініцыятывы, якая не ўшчамляе нічыіх інтарэсаў. Венгрыя займае канструктыўную пазіцыю і ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу, адносіны з якім у нас становяцца ўсё больш давяральнымі. Беларусь гатовая да далейшага развіцця дыялогу ва ўзаемапаважлівым ключы, на раўнапраўнай аснове.

Аляксандр Лукашэнка і Віктар Орбан таксама абмяняліся меркаваннямі адносна ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны.

— Тлеючы там канфлікт з’яўляецца дэстабілізуючым фактарам еўрапейскай бяспекі і выклікам для ўсяго рэгіёну, — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Венгрыя для Беларусі — блізкая краіна геаграфічна, гістарычна і культурна. Зрэшты, у апошні час паступальна развіваецца і эканамічнае ўзаемадзеянне:

— Многія венгерскія брэнды шырока вядомыя ў нашай рэспубліцы. Пастаўлена задача зрабіць так, каб і брэнд «Зроблена ў Беларусі» стаў не менш папулярным у Венгрыі. Эканамічныя сувязі дзвюх краін паступальна развіваюцца. Адным з прыкладаў эфектыўнага супрацоўніцтва ў прамысловасці можна назваць праект беларуска-венгерска-швейцарскай кааперацыі па вытворчасці электрацягнікоў «Штадлер». Мы паставілі ў Венгрыю вырабленыя ў Беларусі саставы, першыя з якіх ужо пратэставаныя і хутка выйдуць на лінію.

Прэзідэнт асабліва адзначыў: Беларусь і Венгрыя пацвярджаюць, што не прымаюць спробаў аказання ціску звонку:

— Нашы краіны сутыкнуліся з абсалютна беспрэцэдэнтнымі ды нахабнымі спробамі процідзеяння рэалізацыі суверэннага права на развіццё мірных ядзерных праграм. Мы дамовіліся, што разам будзем даваць на іх адэкватны, але жорсткі адказ. Беларускі бок не дапусціць, каб хтосьці звонку спрабаваў уплываць на нашу энергетычную палітыку. Разам з тым мы гарантуем, што гэтая палітыка будзе арыентаваная на максімальную бяспеку, адкрытасць і празрыстасць. Больш таго, мы будзем рабіць усё, каб не толькі палітыка, але і новая атамная станцыя ў Беларусі працавалі не толькі на Беларусь, але на ўсе зацікаўленыя краіны. Мы гатовыя прыняць экспертаў МАГАТЭ, ЕС, іншых міжнародных структур, каб яны пераканаліся ў тым, што атамная электрастанцыя ў Астраўцы не пагражае ні самім беларусам, ні нашым суседзям.

Бакі пацвердзілі зацікаўленасць у абмене досведам у ядзерна-энергетычнай сферы, эксплуатацыі АЭС, бяспечнага абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам.

— Перакананы, што ў беларуска-венгерскага супрацоўніцтва ва ўсіх без выключэння галінах вялікая будучыня, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — Для сумеснага пераадолення выклікаў, якія стаяць перад нашымі эканомікамі, нам трэба максімальна скаардынаваць намаганні там, дзе гэта будзе неабходна.

Віктар Орбан, каментуючы вынікі сустрэчы ў Мінску, салідарна казаў пра тое, што Венгрыя падтрымлівае развіццё ініцыятывы «Усходняе партнёрства», удзельніцай якой з’яўляецца і Беларусь.

— Для Еўрасаюза наступіў момант адмяніць існуючыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. А пасля пандэміі пачнецца новы від супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, — заявіў Віктар Орбан і нагадаў, што будаваць партнёрства з санкцыямі немагчыма. Пры гэтым венгерскі Прэм’ер-міністр адзначыў важнасць супрацоўніцтва і ў рамках ЕС — ЕАЭС.

Так, адна з тэм, якая таксама была прадметам абмеркавання ў Мінску, — урэгуляванне канфлікту ва Украіне. На гэты конт Кіраўнік венгерскага ўрада заўважыў:

— Мы абмеркавалі мінскія пагадненні. Я лічу, што іх рэалізацыя з’яўляецца адзінай надзеяй на вырашэнне сітуацыі ва Украіне. Упэўнены, што Беларусь адыгрывае вельмі важную ролю ва ўрэгуляванні ўкраінскага пытання.

Падтрымлівае Будапешт і пазіцыю Мінска адносна развіцця ядзернай энергетыкі:

— Нашы краіны вырашылі стварыць цеснае супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергіі. Мы назіраем за праектам у Астраўцы. І паколькі наша атамная электрастанцыя «Пакш‑2» будуецца па аналагічным праекце, думаю, што мы зможам падзяліцца адзін з адным досведам, інфармацыяй і ведамі.

Безумоўна, на перамовах у Мінску асобным, вельмі важкім блокам ішлі эканамічныя дамоўленасці. Віктар Орбан адзначыў, што ў венгерскім «Эксімбанку» будзе адкрытая крэдытная лінія на 40 мільёнаў еўра для фінансавання супрацоўніцтва кампаній Беларусі ды Венгрыі. Акрамя таго, паведаміў, што авіякампанія Wіzzaіr запусціць рэйс паміж Мінскам і Будапештам.

Тое, што эканамічныя пытанні былі асноўнымі падчас сустрэчы, пацвердзіў і Аляксандр Лукашэнкі. Аб арыенцірах узаемадзеяння ў сферы эканомікі Кіраўнік дзяржавы сказаў:

— Калі б мы ў бліжэйшыя два-тры гады дасягнулі паўмільярднага таваразвароту, а гэта зусім невялікі паказчык у росце, то было б нядрэнна. Мы завоблачныя лічбы не ставім. Пакуль нам трэба дасягнуць 500 мільёнаў еўра, і будзем лічыць, што першы этап нашых інтэнсіўных кантактаў прынясе поспех.

Падарунак венгерскаму Прэм’еру ад Прэзідэнта Беларусі ш

Што тычыцца канкрэтных напрамкаў узаемадзеяння, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што гэта вызначае Урад, але некалькі важных тэм усё ж назваў:

— Мы вельмі зацікаўлены ў вашых будаўніках. У вашых фармацэўтах, якія вырабляюць вельмі добрыя лекі і прэпараты.

Немалыя перспектывы Аляксандр Лукашэнка бачыць для супрацоўніцтва ў аграрнай галіне. У цэлым жа перспектывы ён пазначыў так:

— Мы па ўсіх напрамках гатовыя з вамі супрацоўнічаць… Сфер вельмі шмат.

Віктар Орбан пагадзіўся, што цяперашні ўзровень таваразвароту не адпавядае патэнцыялу дзвюх краін:

— Я ўпэўнены, што мы можам дасягнуць таваразвароту ў 500 мільёнаў еўра. І можна адзначыць, што нават гэтая лічба мне здаецца нізкай.

Завяршыліся перамовы традыцыйным для такіх мерапрыемстваў абменам падарункамі. Аляксандр Лукашэнка падарыў Віктару Орбану імянную майку зборнай Беларусі па футболе. Майка з нумарам 2 — менавіта пад ім перыядычна гуляе Віктар Орбан.

— З нашым гербам. Можа, калі-небудзь паспрабуеце, — выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы.

Вядома, што футбол — асноўнае захапленне венгерскага Прэм’ер-міністра. Адначасова з палітычнай дзейнасцю ён гуляў у клубе трэцяга футбольнага дывізіёна «Фельчут», а ў 2004 годзе нават замяняў трэнера.

Яшчэ адзін падарунак венгерскаму госцю — кніга «Спадчына Беларусі».

— Гэтая кніга вам, каб вы лепш ведалі культуру Беларусі, — пажадаў Прэзідэнт.

Віктар Орбан на гэта заўважыў, што яго жонка неаднаразова бывала ў Беларусі. Працавала тут з хрысціянскай дабрачыннай арганізацыяй:

— У іх былі розныя праграмы. Вельмі шмат добрага мне распавядала.

Кіраўнік дзяржавы таксама падарыў Прэм’ер-міністру эксклюзіўны набор шакаладу «Прэзідэнт».

У сваю чаргу Віктар Орбан паднёс Аляксандру Лукашэнку парцалянавы сервіз ручной работы.

Напрыканцы Прэм’ер-міністр Венгрыі пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Палаца Незалежнасці.

Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз падзякаваў за візіт высокаму госцю і запэўніў:

— Ведайце, і вы ведаеце гэта, што вы заўсёды ў Беларусі добры і жаданы госць. Мы заўсёды гатовыя вас тут сустракаць.

Васіль Харытонаў

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.