Вы тут

Праект Указа «Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны» будзе дапрацаваны


«Лес — наша багацце», — з такога тэзісу пачаў размову Аляксандр Лукашэнка з віцэ-прэм’ерамі Уладзімірам Дворнікам, Юрыем Назаравым, міністрам лясной гаспадаркі Віталём Дрожам і старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанідам Анфімавым. Нагода для сустрэчы — унясенне на разгляд праекта Указа «Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны».


Прэзідэнт заўважыў, што да такога багацця, як лес, ставяцца часам нядбайна. «Я ўпэўнены, калі б да прыроды ставіліся адказна і з павагай, то мы б жылі не толькі значна лепш, але і вірусы б нас не ўзялі. Таму што гэта не толькі багацце, гэта здароўе нашых людзей. Таму што амаль палова тэрыторыі (40 працэнтаў) — гэта лясы і балоты. Балот нямала і, як аказваецца, гэта таксама здраўніца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і адзначыў, што Еўропа нездарма абараняе балоты як крыніцы кіслароду.

Кіраўнік краіны дадаў, што не дрэвы, а балоты — галоўная крыніцы кіслароду. І гэта багацце, па яго словах, у Беларусі ёсць і да яго трэба адносіцца па-чалавечы, шанаваць, берагчы і своечасова аднаўляць.

«Лес паколькі гэта крыніца, рэсурс, сыравіна для шматлікага, — дадаў ён. — Мы шмат зрабілі апошнім часам для таго, каб выкарыстоўваць гэты наш узнаўляльны рэсурс. У нас няма столькі нафты, як, дапусцім, у Расіі, у нас няма прыроднага газу, таму ў нас зямля, рукі людскія і лес — гэта рэсурс, які мы павінны выкарыстоўваць рупліва. І, калі гэта наша багацце, трэба прырастаць лесам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён акрэсліў і тэму размовы, якая гучыць так: «Багацце павінна прырастаць лесам». Але перш за ўсё Прэзідэнта цікавіла цэнаўтварэнне.

«Вы ўносіце праект указа, які ў значнай ступені змяняе парадак рэалізацыі лясных рэсурсаў у Рэспубліцы Беларусь. Якія вы ўносіце прапановы? Я хацеў бы, каб вы іх абгрунтавалі перад тым, як я падпішу гэты ўказ. І адкажыце мне на пытанне, навошта патрэбен гэты ўказ і чаму мы не можам працаваць у той сістэме каардынат, якія сёння ёсць, чаму яе трэба змяняць. Калі мы прыйдзем да агульнага меркавання, і гэта будзе выгада, і лепш для нашай эканомікі, і нашых людзей — мы гэту сістэму ці памяняем, ці падрамантуем і ўдасканалім», — звярнуўся да прысутных беларускі лідар.

Мэта ўсіх новаўвядзенняў, па заўвазе Прэзідэнта, адна — мы не павінны па-варварску ставіцца да лясных рэсурсаў і ўсё павінна быць у плюс для бюджэту краіны.

Віцэ-прэм'ер Юрый Назараў заўважыў, што працаваць у існуючай сістэме нічога не перашкаджае, а новаўвядзенні прапануюць, каб падладзіць іх пад рэаліі жыцця.

Правілы рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку дзейнічаюць з 2007 года, і за гэты час адбыліся пэўныя змены.

Прэзідэнт дадаў: «Вы па знешнім рынку да мяне нават не падыходзьце, на знешні рынак мы правінны прадаваць прадукцыю лясной гаспадаркі з высокім дабаўленым коштам. Каб не атрымалася так, што вы дошку зробіце і прадасце ў Германію, Славакію ці яшчэ куды-небудзь, а яны з гэтай дошкі зробяць мэблю і прададуць нашай краіне. Мы самі павінны рабіць, наколькі гэта магчыма. Я разумею, што мы не ўсё можам перапрацаваць і прадаць гатовае з высокім дабаўленым коштам. Але апошнія выпадкі кажуць пра тое, што многае можам. Аж да таго, што ў Францыю пачалі пастаўляць гатовыя хаты», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У размове з журналістамі віцэ-прэм’ер Юрый Назараў расказаў, што прынята рашэнне дапрацаваць праект указа і далей далажыць Прэзідэнту.

«Увогуле праект указа прадугледжваў некалькі рэчаў. Асноўны блок — упарадкаваць правілы рэалізацыі на ўнутраным рынку, яны дзейнічалі з 2007 года, і, канечне, за такі перыяд часу залішне назапасілася іншых фактараў на нашым унутраным рынку. Мы прапаноўвалі механізм упарадкаваць, але былі не зусім пераканаўчыя», — канстатаваў ён.

Удасканальвання патрабуюць правілы рэалізацыі прадукцыі.

«Як прадаваць, якія аб’ёмы прадаваць, каму прадаваць праз біржу. Даць магчымасць аблвыканкамам прымаць рашэнні на месцах, каб частку рэсурсаў размяркоўваць, мінуючы біржавыя таргі, для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, прадпрымальніцтва і гэтак далей. Прапанавалася карэктыроўка дзеючых правіл з улікам сённяшніх рэалій», — дадаў віцэ-прэм’ер.

Юрый Назараў нагадаў, што прадаваць кругляк на знешнія рынкі без узгаднення з кіраўніком краіны забаронена, але ў гэтым дакуменце размова пра экспарт не ішла.

Дакумент ствараецца ў інтарэсах «Белляспаперапрама» і Міністэрства лясной гаспадаркі, таму на працягу наступнай нядзелі, па словах Юрыя Назарава, магчыма, дакумент будзе дапрацаваны і ўнесены Прэзідэнту.

Марыя Дадалка

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.