Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя спартыўныя навіны ў краіне і свеце.


1. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі абыграла хакеістаў Мінскай вобласці з лікам 8:4 у другім паядынку фінальнай серыі і стала пераможцам XІІІ Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Нагадаем, у першым матчы фінальнай серыі да дзвюх перамог лядовая дружына кіраўніка дзяржавы выйграла — 7:3.

Па выніках турніру былі вызначаны найлепшыя гульцы па амплуа: варатар — Сяргей Рагоўскі (Мінская вобласць), абаронца — Андрэй Башко (каманда Прэзідэнта), нападаючы — Андрэй Рашчынскі (Мінская вобласць). Найлепшым бамбардзірам стаў капітан каманды кіраўніка дзяржавы Алег Антоненка, у актыве якога 19 балаў (7 шайбаў + 12 перадач). Другі бамбардзірскі паказчык у Мікалая Лукашэнкі — 17 (8 + 9).

У матчы за «бронзу» цяперашняга турніру каманда Брэсцкай вобласці адолела хакеістаў Гродзенскага рэгіёна з лікам 7:3.

Каманда Прэзідэнта 11-ы раз выйграла спаборніцтвы сярод аматарскіх камандаў, па адным тытуле ў хакеістаў Гомельскай і Мінскай абласцей.


2. У чэмпіянаце краіны па футболе адбыліся матчы 4-га тура. Брэсцкае «Дынама» атрымала валявую перамогу над «Іслаччу» — 3:1, «Нёман» (Гродна) і «Белшына» (Бабруйск) згулялі ўнічыю 1:1, з такім жа вынікам скончыўся матч «Слуцка» і «Віцебска». «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) перайграў «Энергетык-БДУ» (Мінск) — 2:0, «Гарадзея» з мінімальным лікам адолела «Дынама» (Мінск) — 1:0, «Мінск» саступіў БАТЭ (Барысаў) — 0:3, а матч «Смалявіч» і «Шахцёра» (Салігорск) скончыўся з лікам 0:0.

У заключным паядынку ў панядзелак мазырская «Славія» згуляла з брэсцкім «Рухам».

Становішча ў лідзіруючай групе цяпер такое: «Тарпеда-БелАЗ», «Энергетык-БДУ» — па 9 ачкоў, «Слуцк», «Віцебск», «Дынама» (Брэст) — па 7, БАТЭ, «Славія», «Іслач», «Гарадзея», «Мінск» — па 6.

Бамбардзірскую гонку ўзначальвае ўзбекскі форвард «Энергетыка-БДУ» Джасурбек Яхшыбаеў, на рахунку якога тры галы.


3. Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы пройдзе 15—24 ліпеня 2022 года ў штаце Арэгон (ЗША), паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Новыя даты сусветнага форуму вызначаны з-за пераносу Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Токіа на 2021 год. Першапачаткова чэмпіянат павінен быў адбыцца 6—15 жніўня 2021 года.

Савет Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі зацвердзіў новыя даты пасля актыўных абмеркаванняў з зацікаўленымі бакамі. У іх ліку былі арганізатары двух іншых буйных чэмпіянатаў, якія павінны адбыцца ў ліпені—жніўні 2022 года: Гульняў Садружнасці ў Бірмінгеме і чэмпіянату Еўропы па летніх відах спорту ў Мюнхене.


4. Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах у інтэрв'ю нямецкаму выданню Frankfurter Allgemeіne Zeіtung расказаў пра кошт пераносу на 2021 год Гульняў XXXІІ Алімпіяды ў Токіа. Паводле яго слоў, змены абернуцца для МАК стратай некалькіх соцень мільёнаў долараў. «У сітуацыі, якая склалася з-за распаўсюджвання інфекцыі, самае простае рашэнне — адмова ад Гульняў, але гэта разбурыла б мару тысяч атлетаў, балельшчыкаў, таму старты перанесены на год, што пацягне за сабой дадатковыя выдаткі з боку МАК і аргкамітэта Гульняў», — адзначыў ён.

Раней выканаўчы дырэктар МАК Крыстоф Дубі расказаў СМІ, што дадатковыя выдаткі на правядзенне Алімпійскіх гульняў падзеляць паміж сабой Міжнародны алімпійскі камітэт і аргкамітэт.

Як паведамлялася, апошні каштарыс расходаў на правядзенне Гульняў быў апублікавана ў снежні 2019 года. Згодна з ім арганізатары павялічылі першапачатковую лічбу да $12,6 млрд. Па папярэдніх прагнозах, агульны кошт пераносу Алімпійскіх гульняў у Токіа з 2020 на 2021 год складзе прыблізна $2,7 млрд.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.