Вы тут

Прэзідэнт: Трэба ў найменшай ступені залежаць ад нафтавых гульняў найбуйнейшых дзяржаў


Сёння ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт правёў нараду аб рабоце нафтаперапрацоўчага комплексу краіны. Прэзідэнту далажылі аб пастаўках нафты.


«Няма неабходнасці характарызаваць сітуацыю, якая складваецца ў свеце, і ў тым ліку ў нашай краіне, мы не адасобленыя ад гэтых падзей. Натуральна, маючы асабліва адкрытую эканоміку, мы шмат у чым залежым ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў свеце», — пачаў Прэзідэнт, заўважыўшы, што падзеі часам развіваюцца «неадназначна, але бурна».

Таму, па словах кіраўніка дзяржавы, кіраўнічыя рашэнні патрабуюць аператыўных мер, «як кажуць у народзе — з колаў», часу на перапіскі, развагі і ўзгадненні практычна няма.

Прэзідэнт адзначыў, што ім запланаваны шэраг мерапрыемстваў па пытаннях, якія патрабуюць найбольшай ступені рэагавання і ўплываюць на нашу эканоміку.

«Падкрэсліваю, гэта галоўнае — эканоміка, а значыць, жыццё людзей. І не толькі сёння, але і ў перспектыве — пытанне нумар адзін. Усё павінна быць падначалена гэтаму пытанню», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён запрасіў прысутных на размову таксама і для таго, каб атрымаць аператыўны даклад аб актуальным становішчы спраў у нафтаперапрацоўчым комплексе краіны. «Мы не аднаразова звярталіся ў гэтым годзе і ў канцы мінулага да гэтых праблем. Пры ўсіх праблемах, нам больш-менш удалося стрымаць працэсы ў галіне нафтаперапрацоўкі, але і вірусная праблематыка, і каранапсіхоз, які пайшоў за ёй, канечне, ускладнілі сітацыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і абазначыў пытанні ў гэтым ключы: якая загрузка магутнасцяў і якія паказчыкі эфектыўнасці ў Беларусі за справаздачны перыяд?

Больш падрабязна папрасіў кіраўнік краіны спыніцца на перспектывах. «Нафтавы рынак празмерна ліхаманіць, а яго кан’юнктура абсалютна непрагназуемая. Валацільнасць шалёная, то нафта да абеда падае ў цане, затым стабілізуецца, вяртаецца да таго ж узроўню, потым зноў падае і невядома, што яшчэ будзе, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму задача такіх краін, як наша, — быць гатовымі да любога развіцця падзей. А лепш, як я ўжо казаў, у найменшай ступені залежаць ад нафтавых гульняў найбуйнейшых дзяржаў». 

Па словах Прэзідэнта, буйныя гульцы на нафтавым рынку ўжо нават не хаваюць, якія мэты пераследуюць.

«ЗША, Саудаўская Аравія, Расія, яны ўжо наўпрост, апраўдваючыся адзін перад адным, пачынаюць казаць і гуляць на павышэнне цаны на нафту. Відавочна, картэльная змова», — дадаў кіраўнік краіны.

Але паўплываць на гэта не можа ніхто. «Мы за гэтым назіраем, і, давайце шчыра казаць, нам неабходна ў гэтай сітуацыі зарыентавацца. І, калі неабходна, прыстасаваць сваю эканоміку і грамадства, каб не панесці страт», — падкрэсліў лідар дзяржавы.

Па меркаванні Прэзідэнта, чым больш апор мы створым для нашай эканомікі, тым больш устойлівым будзе грамадства і незалежнай наша палітыка. Пакуль, на яго погляд, зроблена недастаткова.

«Праблемы, якія павінны вырашацца паміж суб’ектамі гаспадарання ў рамках нармальных дагаворных адносін (максімум з удзелам нашага канцэрна «Белнафтахім»), мы ўсё яшчэ вымушаныя разглядаць на вышэйшым узроўні. Гэта значыць, што пры ўзнікненні цяжкасцяў у поўнай меры не задзейнічаецца эканоміка — вытворчы, дыпламатычны і юрыдычны патэнцыялы краіны, — звярнуў увагу лідар краіны. — Калі пытанне важнае і экстраннае, то і напружвацца павiнны не адзін-два чалавекі, а ўся вертыкаль. Невырашальных праблем тут няма і ў прынцыпе быць не можа».

У фокусе сустрэчы былі і пытанні на перспектыву: якія дасягнуты дамоўленасці па пастаўках нафты на бягучы месяц, што праглядаецца да канца года і наколькі жорсткія гэтыя планы? Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне — у самы бліжэйшы час сысці ад пастаянных спрэчак, высвятленняў і стану вечнай нявызначанасці, а на непрадбачаныя выпадкі неабходна стварыць сур’ёзны запас сыравіны (як нафты, так і паліва). Ён дазволіць не парушаць працу галін і не перарываць тэхналагічныя працэсы.

З гэтай прычыны, па словах кіраўніка краіны, урад, старшыні аблвыканкамаў павінны даць адказы на шэраг пытанняў — якія магутнасці для захоўвання нафты і запасаў нафтапрадуктаў ёсць сёння, як можна іх нарасціць, як забяспечана патрэба ў аўтамабільным паліве для вясновых палявых работ, дзе ёсць вузкія месцы. 

«Асабліва звяртаю на гэта ўвагу. Вы бачыце ўжо, што не толькі асобныя чыноўнікі міжнародных арганізацый загаварылі аб голадзе ў недалёкай перспектыве, а ўжо ўсе талдычаць і ўчарашнія самыя развітыя і перадавыя краіны, і іх кіраўнікі. Таму сельская гаспадарка і перадусім сённяшняя пасяўная кампанія — найважнейшы элемент, на які мы павінны звярнуць увагу», — дадаў Прэзідэнт.

Па яго словах, вільгаць з глебы зыходзіць імгненна — ноччу маразы, а днём сонейка. «Некаторыя нават вільгаць не закрылі. Асабліва ў Мінскім раёне, што дзіўна, і велізарныя палі. Няўжо не зразумела, што перадусім неабходна прайсціся культыватарам і разрыхліць глебу? Так бы мовіць, закрыць вільгаць. Мы яшчэ пад Мінскам павінны кагосьці вучыць, як працаваць?» — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. 

«Нафта нафтай, але яе на стол не падасі», — адзначыў ён. Прэзідэнт патрабаваў ў самыя кароткія тэрміны завяршыць пасяўную кампанію, і ўвесь цыкл сельскагаспадарчых работ на працягу года ўзяць на жорсткі кантроль. «Гэта задача нумар адзін, і важнейшай за яе няма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 
Прэзідэнт не хавае — нафта сёння танная, трэба яе купіць, стварыць нафтапрадукты і збіраць запас. Таму асаблівая ўвага на нарадзе нададзена і магчымасцям захавання паліва.

«Не дай Бог хтосьці скажа, што ён можа прыняць паўмільёна тон нафтапрадуктаў і не возьме на захоўванне, крыўдуйце самі на сябе. А яшчэ горш, калі мне Анфімаў (старшыня КДК — «Зв.») даложыць, што залілі ў бочку, а яна ў трох месцах працякае», — папярэдзіў лідар краіны.

Каментарый у тэму

Андрэй Рыбакоў, старшыня канцэрна «Белнафтахім»:

«Як я і заяўляў раней, у нас вядзецца работа, як па альтэрнатыўных пастаўках нафты, так і па пастаўках нафты ў красавіку трубаправодным транспартам з Расійскай Федэрацыі. На дадзены момант ідзе кантрактаванне па ўсіх кірунках. Фактычна заводы падымаюць свае вытворчыя пераапрацоўчыя магутнасці, і як унутраны рынак, так і экспарт у красавіку будзе забяспечаны ў поўным аб’ёме».


2 красавіка прэм'ер-міністр Сяргей Румас перад адкрыццём сесіі Палаты прадстаўнікоў паведаміў пра тое, што Беларусь будзе купляць расійскую нафту па 4 долары за бараль. 31 сакавіка прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка заявіў, што ў красавіку на НПЗ паступіць 1-2 мільёны тон нафты.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.