Вы тут

Крамам сэканд-хэнду дазволяць гандляваць толькi паношаным адзеннем


Медыцынскiя маскi ў Беларусi шыюць для ўнутранага рынку. Першачарговая задача — забяспечыць уласныя патрэбы. Пра гэта ў прэс-цэнтры БелТА падчас чарговага пасяджэння праекта «Экспертнае асяроддзе» паведамiла начальнiк упраўлення ўнутранага гандлю i выставачнай дзейнасцi канцэрна «Беллегпрам» Святлана Кахро.


Асартымент пад попыт

Да прадпрыемстваў «Беллегпрама» падключаецца прыватны бiзнес. «Звяртаюцца прадпрыемствы, у якiх сёння незагружаныя магутнасцi, але ёсць швейнае абсталяванне, швачкi. Хутка перапрафiлюем iх на выпуск масак», — сказала Святлана Кахро. Марлю для масак выпускае Баранавiцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне («Блакiт»), бiнты — магiлёўскае прадпрыемства «Стужка». «Блакiт» павялiчыў выпуск марлi ў 2,5 раза. Таксама тут наладзiлi вытворчасць тканiны, якая дзякуючы спецыяльнай апрацоўцы можа яе замянiць.

На выпуск медыцынскiх масак пераарыентаваная частка прадпрыемстваў канцэрна. Вытворчасць паступова нарошчваецца i цяпер дасягае прыкладна 300 тысяч вырабаў у суткi. На мiнулым тыднi гродзенскае ТАА «МедЛён» пачало выпускаць зменныя баваўняна-льняныя ўкладышы, якiя можна ляпiць на любую маску для ўзмацнення ахоўнага эфекту. Разам з тым у канцэрне «Беллегпрам» звяртаюць увагу, што казаць пра зацыкленасць на вытворчасцi медыцынскiх вырабаў нельга, асартымент прадукцыi застаецца ранейшы.

Сiтуацыя на сусветным рынку не магла не адбiцца на айчынным легпраме. У канцэрне характарызуюць яе як стрэсавую, але ў той жа час заклiкаюць бачыць у ёй i некаторыя плюсы для эканомiкi i спажыўцоў. Так, у цяперашнiх умовах айчынныя прадпрыемствы пачнуць павялiчваць сваю долю на ўнутраным рынку, што будзе спрыяць iмпартазамяшчэнню.

Як паведамлялася, для забеспячэння фармацэўтычных арганiзацый неабходным аб'ёмам медыцынскiх масак кiраўнiцтва «Беллегпрама» прыняло рашэнне аб часовым перапрафiляваннi шэрагу прадпрыемстваў для пашыву медыцынскiх вырабаў. Цяпер маскi будуць вырабляць 15 прадпрыемстваў, а агульны планаваны аб'ём вытворчасцi — 550 тысяч вырабаў у суткi.

Новыя нiшы

Спецыялiсты пракаментавалi сiтуацыю з пастаўкамi iмпартнай сыравiны ў Беларусь. Яны працягваюцца, хоць не без лагiстычных збояў з-за пандэмii COVID-19, паведамiў начальнiк упраўлення арганiзацыi гандлю i грамадскага харчавання Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання i гандлю Мiхаiл Жыгала. МАРГ вядзе манiторынг таварапатокаў. Пры гэтым, як паведамiў генеральны дырэктар ААТ «Баранавiцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне» («Блакiт») Iван Турчак, еўрапейскiя краiны адгрузку сыравiны прыпынiлi. Па iншых кiрунках затрымкi ўзнiкаюць у вынiку каранцiнных мерапрыемстваў на гранiцы. Па прыездзе, напрыклад, у Турцыю дальнабойшчык на два тыднi адпраўляецца ў каранцiн. «Калi раней сыравiна з Сярэдняй Азii даходзiла на працягу 7-10 дзён, то сёння трэба не менш за месяц. Гэта дадатковы выклiк у частцы забеспячэння базавай сыравiнай», — канстатаваў кiраўнiк БВБА.

Дэталёвы аналiз таварапатоку праз беларускую гранiцу яшчэ не праводзiўся. Пакуль складана прывесцi канкрэтныя лiчбы, як на iм адбiлiся меры, прынятыя краiнамi-суседзямi з-за пандэмii каранавiруса. Намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення арганiзацыi мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камiтэта Андрэй Шашкоў нагадаў, што рух фiзiчных асоб закрыты, для велiкагрузаў такой забароны няма. Ён падкрэслiў, што беларуская мытня ў гэтых умовах робiць усё максiмальна магчымае. У першачарговым парадку афармляюцца фуры з медыцынскiмi таварамi.

Iван Турчак не выключыў, што ў цяперашнiх умовах у беларускiх вытворцаў з'явiцца больш магчымасцяў, каб заняць новыя нiшы. У той жа час ён звярнуў увагу, што сусветны рынак тавараў лёгкай прамысловасцi ў сiлу сваёй спецыфiкi «будзе вельмi хутка падаць i вельмi павольна аднаўляцца». «I зразумела, што ў такой сiтуацыi, напэўна, правiлы гульнi на рынку трэба было б у гэты перыяд перагледзець», — лiчыць ён. Так, яшчэ да сiтуацыi з COVID-19 на беларускiм рынку стала з'яўляцца даволi шмат кантрафактнай прадукцыi, у тым лiку з краiн Сярэдняй Азii. Гэтыя тавары не адпавядаюць тэхнiчным рэгламентам Мытнага саюза i на тэрыторыю Беларусi трапляюць, як правiла, з Расii. Што да сэканд-хэнду, то вытворцы адзення заяўляюць пра неабходнасць устанавiць аднолькавыя правiлы i ў тым, што датычыцца захавання стандартаў бяспекi (так, з некаторых часоў дэзынфекцыя гэтых рэчаў перайшла ў разрад рэкамендацый), i ў частцы выплаты мытных плацяжоў. Некаторыя крамы сэканд-хэнду, карыстаючыся прававым прабелам, гандлююць стокавымi, па сутнасцi, новымi рэчамi, канстатавалi спецыялiсты.

Сток i сэканд-хэнд

У Беларусi рыхтуюць змены для крам сэканд-хэнду: iм дазволяць гандляваць толькi паношаным адзеннем. Пра гэта паведамiў Мiхаiл Жыгала: «Мы цяпер актыўна прапрацоўваем пытаннi па карэкцiроўцы гэтых правiл, па дакладным размежаваннi i вызначэннi фармату работы такiх крам. Калi крама пазiцыянуе сябе як сэканд-хэнд, то будзьце добрыя тады прадавайце тавары, якiя былi ва ўжываннi, а не стокавае адзенне. Калi гэта стандартны магазiн, то адпаведна там можа рэалiзоўвацца i сток». На яго думку, такая норма не будзе абмежавальнай.

Мiхаiл Жыгала нагадаў аб прапанове канцэрна «Беллегпрам» вынесцi крамы сэканд-хэнду з абласных цэнтраў, буйных гарадоў, з ажыўленых вулiц. У мiнiстэрстве такiя меры лiчаць празмернымi ў цяперашнiх рэалiях. «Таму што такiя крамы — гэта ўсё-ткi крамы павышанага попыту. Але, на наш погляд, тут трэба менавiта рэгуляванне», — пазначыў ён пункт гледжання мiнiстэрства.

Сэканд-хэнд адпавядае духу ўстойлiвага спажывання, але i тут пажадана купляць свой тавар. Такое меркаванне выказаў Iван Турчак. Яго падтрымала старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша. Яна расказала, што каля 13 гадоў таму ўдзельнiчала ў запуску праекта па ўстойлiвым спажываннi. I замежныя эксперты выказвалiся ў тым жа духу.

Генеральны дырэктар ТАА «Марк Фармэль» Андрэй Серыкаў падчас дыскусii прывёў статыстычныя звесткi: за апошнiя чатыры гады аб'ём увезенага ў краiну сэканд-хэнду павялiчыўся ў пяць разоў. Толькі летась гэта лічба склала 48,5 тоны. Па яго словах, гэта больш чым удвая перавышае колькасць сыравiны, якую за той жа час перапрацавалi ўсе швейныя i тэкстыльныя прадпрыемствы Беларусi разам узятыя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.