Вы тут

Знакавы візіт з-за акіяна


У першы дзень лютага ў Мінску актыўна абмяркоўваліся пытанні беларуска-амерыканскіх адносін: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа


А калі яшчэ казаць пра фактар часу, то варта заўважыць, што ні больш ні менш як чвэрць стагоддзя прайшло з моманту апошняга візіту дзяржсакратара Злучаных Штатаў у Беларусь. За такі тэрмін кардынальна змяніўся не толькі парадак дня — сёння ён часам мяняецца за гадзіну, сур’ёзна змяніліся самі дзяржавы. Зрэшты, паўза, якая зацягнулася, зусім не азначае, што Мінск і Вашынгтон увесь гэты час не працавалі, напрыклад, у сферы бяспекі. Але ж нонсэнс, калі краіны разам працуюць па антытэрору, а візіты асабістыя — такая рэдкасць.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да госця, сказаў: «Я шчыра рады нашай сустрэчы па дзвюх прычынах. Па-першае, вы адзін з архітэктараў сучаснай палітыкі ЗША. Так у нас прынята лічыць. Па-другое, вельмі добра, што вы пасля рознага роду непаразуменняў у адносінах паміж Беларуссю і ЗША, абсалютна беспадстаўных непаразуменняў мінулых уладаў, рызыкнулі прыехаць у Мінск і паглядзець на гэтую краіну: што тут за народ, што за людзі, што за дыктатура, якая тут дэмакратыя, шмат яе ці мала і гэтак далей. Усё зводзілася да таго, што такая сустрэча праходзіць упершыню, і кіраўніцтва Беларусі, уключаючы Прэзідэнта, не знаёмае з цяперашнім дзяржсакратаром ЗША. Павінен іх расчараваць, ды і вам нагадаць: мы з вамі вельмі даўно знаёмыя. На жаль, завочна. У бытнасць вашай працы на ранейшай пасадзе, я гэта абсалютна не ўтойваю, мы разам з амерыканцамі праводзілі шэраг мерапрыемстваў па лініі нашых спецслужбаў. Гэтыя мерапрыемствы тычыліся барацьбы з тэрарызмам, гандлю людзьмі. Мы правялі некалькі вельмі сур’ёзных аперацый па супрацьдзеянні распаўсюджванню ядзерных элементаў. І на мяжы з Беларуссю я памятаю некалькі выпадкаў — мы разам затрымалі злачынцаў, якія перамяшчалі цераз мяжу ядзерныя матэрыялы ў бок Захаду».

Гэта адсыл да часу службы Майкла Пампеа ў ЦРУ. Да пасады дзяржсакратара ён узначальваў разведупраўленне, займаючыся, у тым ліку, антытэрорам.

Выбар — Расія ці ЗША — не актуальны

У зносінах з журналістамі Майкл Пампеа сказаў аб прыярытэтах Беларусі так:

— Мы цалкам падтрымліваем жаданне Беларусі зрабіць свой выбар і адыграць канструктыўную ролю ў рэгіёне. Вы не павінны паддавацца нейкай сіле, а павінны самі вызначаць свае ўласныя прыярытэты і што будзе самае лепшае для вас.

Майкл Пампеа, дзяржаўны сакратар ЗША: «ЗША не просяць выбіраць паміж адносінамі з намі і з Расіяй. Мы хочам інвеставаць, каб Беларусь мела суверэнітэт і незалежнасць. Я ведаю аб працяглай гісторыі беларуска-расійскіх адносін. Але мы не гаворым пра выбар, мы кажам аб развіцці дыпламатыі.

У бліжэйшы час мы прызначым амбасадара. Ён будзе тут, і вы ўбачыце, што мы працуем над эканамічным развіццём, каб амерыканскія прадпрыемствы прыбывалі сюды, ствараліся новыя працоўныя месцы. Мы гатовыя падтрымаць вас у гэтым кірунку».

Эканоміка не паспявае за палітычным дыялогам

На жаль, пакуль эканоміка слаба падтрымлівае «палітычную размарозку». Сур’ёзна лічыць таваразварот прыкладна ў 800 мільёнаў долараў ды інвестыцыі ў 70 мільёнаў (і гэта з першай эканомікай свету) моцным падмуркам нельга. Пра тое, што перашкаджае росту, завуалявана скажа прэсе сам дзяржсакратар: гэта юрыдычныя калізіі. Нонсэнс, калі адной рукой ствараецца Гандлёвая палата ЗША ў Беларусі, а другой — Штатамі не ратыфікуюцца падпісаныя пагадненні аб абароне інвестыцый і пазбяганні двайнога падаткаабкладання.

Беларусь можа абмяркоўваць любыя пытанні з ЗША

Пры гэтым Прэзідэнт і дзяржава ў цэлым адкрытыя для любых, нават самых вострых, пытанняў. Пра эканоміку, бяспеку і дыпламатыю ў выніку будуць гаварыць у Мінску амаль дзве з паловай гадзіны. Спачатку ў «нармандскай» Зялёнай зале, што сімвалічна. А потым і ў асабістым кабінеце Прэзідэнта — тэт-а‑тэт, вельмі адкрыта. Па дарозе Аляксандр Лукашэнка правядзе госцю невялікую экскурсію па Палацы Незалежнасці. Рэдкія кадры асабістага і дыпламатычнага архіваў, гісторыя і сучаснасць Беларусі настолькі зацікавяць Пампеа, што ён папросіць свайго асабістага фатографа, каб сапраўды захаваць гэты візіт для гісторыі.

…Паверхам ніжэй Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей выкарыстоўвае паўзу для грунтоўнай размовы з уплывовым дыпламатам — памочнікам дзяржсакратара па Еўразіі. Пра што гаварылі — Філіп Рыкер не скажа журналістам, але адзначыць: «Беларусь — добрае месца, каб пачаць тут люты». Адзначым і тое, як уважліва госць будзе вывучаць фота сядзібы Тадэвуша Касцюшкі. Наш зямляк — нацыянальны герой ЗША. І такіх гістарычных асоб і сувязяў у абедзвюх краін шмат. Шкада, што не ўсе выкарыстоўваем у рэальнай палітыцы. Зрэшты…

Канстанцін Снісарэнка, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў: «Візіт такога ўзроўню сведчыць аб павышэнні ролі беларускай дзяржавы ў рэгіянальнай і сусветнай палітыцы. Мінск па праве лічыцца донарам стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне».

ЗША гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100 %

Трэба было значна раней правесці такі візіт. І мы хочам больш глыбокіх адносін з Беларуссю, скажа дзяржсакратар ЗША, падводзячы першыя вынікі перамоў у Мінску. А потым абсалютна ў беларускай традыцыі звяжа эканоміку і рэальную незалежнасць.

Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа: «Мы доўга абмяркоўвалі эканоміку. Спадар Лукашэнка сказаў, што ў беларусаў ёсць свая краіна — суверэнная і незалежная, і так будзе і надалей. Мы цалкам падтрымліваем жаданне Беларусі адыграць канструктыўную ролю ў рэгіёне. ЗША хочуць дапамагчы Беларусі быць суверэннай дзяржавай. Нашы вытворцы энергарэсурсаў гатовыя забяспечыць вас неабходнай нафтай на 100%. Па канкурэнтных цэнах. Мы самыя буйныя вытворцы энергарэсурсаў у свеце. І ўсё, што вам трэба, гэта звярнуцца да нас».

Амерыканская нафта нічым не горш саудаўскай або нарвежскай. І калі кошт сапраўды будзе прыймальны, то кампаніі ЗША цалкам могуць увайсці ў тыя 30 %, што Беларусь мае намер у будучыні імпартаваць праз краіны Балтыі ці Украіну. У сферы нашых нацыянальных інтарэсаў таксама пытанне ўступлення ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю ды інвестыцыі, пра якія згадваў Майкл Пампеа ў Мінску.

Парадак дня для бяспекі ў рэгіёне

Усе акрэсленыя ініцыятывы гатовыя падтрымаць у Мінску. Парламент ужо прапанаваў Кангрэсу ЗША сумесную працоўную групу і змястоўны візіт у Беларусь.

Асобным радком у перамовах прагучала тэма ўкраінскага канфлікту. Дзяржсакратару нагадалі, што Прэзідэнт Беларусі не раз заклікаў ЗША паўнавартасна ўвайсці ў перамоўны фармат і закрыць гэтую чорную старонку для Еўропы.

Пытанне па Украіне

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: «Беларускі бок падтрымлівае любыя фарматы, у тым ліку з удзелам ЗША, калі яны толькі дапамогуць вырашэнню крызіса. Але для гэтага павінна быць шчырая зацікаўленасць усіх уцягнутых у гэты канфлікт бакоў».

Майкл Пампеа, дзяржаўны сакратар ЗША: «Гэта якраз тое пытанне, у якім трэба ўдзельнічаць усёй Еўропе, усяму свету для яго вырашэння. Але ў канчатковым выніку Расія і Украіна павінны самі вырашыць яго. Усё, што мы ў Злучаных Штатах зможам зрабіць, мы зробім».

ПВТ як прыклад эфектыўнага ўзаемадзеяння

Мінскі Парк высокіх тэхналогій альбо свайго роду Беларуская крэмневая Даліна. З амерыканскім хай-тэк рынкам тут працуюць прыкладна столькі ж, колькі збіраліся да нас палітыкі ЗША ўзроўню Пампеа — чвэрць стагоддзя. Свет высокіх тэхналогій значна хутчэйшы — шэсць дзясяткаў кампаній з амерыканскім капіталам цяпер у супрацы з ПВТ, уключаючы сусветных лідараў у сваіх нішах. Экспарт за мінулы год у ЗША — каля 900 мільёнаў долараў. Пакуль гэта самая моцная сувязь дзвюх эканомік.

Дзяржсакратар Пампеа ў мінулым — практыкуючы юрыст. І менавіта ў гэтай галіне ПВТ зрабіў важную прававую сенсацыю — Беларусь стала першай у свеце краінай, якая ўвяла ў заканадаўства «смарт- (або разумны лічбавы) кантракт». І калі папяровыя аналагі адыдуць у мінулае, у першую чаргу будуць успамінаць пра Беларусь і ПВТ, у тым ліку за акіянам.

Так, адным з пунктаў візіту Майкла Пампеа ў Мінск значыўся менавіта Парк высокіх тэхналогій. Яму кіраўнік амерыканскага Дзярждэпа нават прысвяціў асобны пост у Твітары:

«Натхнёны тым, што я ўбачыў у Парку высокіх тэхналогій. Гэта выдатны прыклад таго, як Беларусь можа выкарыстоўваць свой незвычайны патэнцыял росту, ужываючы перадавую эканамічную палітыку і разумнае рэгуляванне. Нагляднае сведчанне таго, як эфектыўныя амерыканскія інвестыцыі могуць спрыяць росквіту ва ўсім свеце».

Стрыманы аптымізм наконт будучыні адносін

Такім чынам, па ўсіх пытаннях Беларусь і ЗША сёння дэманструюць стрыманы, але аптымізм. Адносіны параўноўваюць з кар’ерай спартсмена, які праз узлёты і падзенні ідзе да сваёй лепшай формы. Спадзяецца, што не перагарэў, і надалей будзе выдаваць стабільна высокі вынік. І з дзяржсакратаром ЗША беларускія эксперты салідарныя — гэты візіт мог адбыцца раней. Тады вынікаў і аптымізму было б яшчэ больш.

Васіль Харытонаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.