Вы тут

У пошуку аптымальнай формулы


Пытанні дыверсіфікацыі паставак нафты ў нашу краіну і павышэння эфектыўнасці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт не губляюць сваёй актуальнасці як з улікам сітуацыі на сусветным рынку, так і паводле заключэння новых кантрактаў на імпарт вуглевадародаў


Тэхналагічныя абрысы нафтаперапрацоўчага прадпрыемства «Нафтан» Фота BELARUSFACTS.BY

Апошнія нарады ў Палацы Незалежнасці сталі свайго роду «зверкай гадзіннікаў» па выкананні тых даручэнняў, якія Прэзідэнт раней даў Ураду і кіраўніцтву нафтахімічнага комплексу. Адна з задач — пошук і прапрацоўка альтэрнатыўных крыніц нафты для Беларусі, не выключаючы пастаўкі з Расіі.

— Трэба ісці да таго, што 30–40 працэнтаў мы будзем купляць нафты ў Расійскай Федэрацыі. Працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну — правераны ўжо шлях, — канкрэтызаваў тады Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні адной з такіх нарад стала вядома, што Беларуская нафтавая кампанія закупіла партыю нарвежскай нафты ў аб’ёме 80 тысяч тон для перапрацоўкі на «Нафтане». Жаданне Мінска знайсці варыянты, альтэрнатыўныя пастаўкам расійскай нафты, у Маскве ўспрынялі скептычна. Маўляў, дорага і неэфектыўна. Але ж нельга навучыцца плаваць, не намачыўшы ногі.

— Мы павінны на практыцы паглядзець, у што гэта выльецца. А так браты з усходу палохаюць, што гэта будзе вельмі дорага. Мы таксама, не палічыўшы, не паспрабаваўшы, думаем, што мы не справімся. Таму прынята рашэнне закупіць, хай гэта будзе азербайджанская, саудаўская, нарвежская, амерыканская — не важна, якая нафта па сусветных цэнах. Паставіць на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы і атрымаць нафтапрадукты з гэтай нафты. Гэта значыць з альтэрнатыўных крыніц, вядома, не выключаючы нашага галоўнага пастаўшчыка — Расійскую Федэрацыю.

Ніхто не спрачаецца: у поўным аб’ёме замясціць расійскую нафту сёння немагчыма. Але гэта не значыць, што мы і далей павінны арыентавацца толькі на аднаго пастаўшчыка.

Не менш важнае пытанне — экспарт гатовых нафтапрадуктаў. Гэта адчувальная крыніца бюджэтных даходаў. Зразумела, што падаражэнне імпарту сырой нафты можа пацяг-нуць за сабой і скарачэнне даходаў ад экспарту. Прэзідэнт не хавае: эканамічныя ўмовы, у якіх мы вымушаныя працаваць, ускладняюцца. Праз увядзенне Расіяй падатковага манеўру непазбежна зніжаюцца даходы бюджэту. НПЗ губляюць прыбытак, які неабходны для развіцця вытворчасці і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

На папярэдніх нарадах не раз абмяркоўваліся прагнозы развіцця сусветнага рынку нафты і нафтапрадуктаў, меры для апярэджання магчымых негатыўных тэндэнцый і рэзервы па павышэнню эфектыўнасці экспарту нафтапрадуктаў. Аб некаторых выніках праведзенай працы распавёў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што перамовы працягваюцца практычна ў пастаянным рэжыме. Андрэй Рыбакоў таксама праінфармаваў аб тым, што наша краіна аднавіла экспарт нафтапрадуктаў, які часова прыпыняла. Пры гэтым заводы пакуль не выйшлі на тыя аб’ёмы экспарту, якія былі закладзеныя ў бізнес-планы на студзень-люты. Кажучы аб працы па дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь, кіраўнік канцэрна «Белнафтахім» паведаміў:

— Альтэрнатыўныя пастаўкі прапрацоўваюцца. Ёсць ужо практычна гатовыя кантракты. Гэта тычыцца не толькі самой нафты, але і лагістычных каналаў яе паступлення.

На пытанне аб тым, наколькі наф-та з альтэрнатыўных крыніц будзе выгадная ў параўнанні з пастаўкамі з расійскага рынку, Андрэй Рыбакоў патлумачыў:

— Ёсць добры прынцып, што ў адзін кошык не складваюць усе яйкі. Таму выгада мае комплексны падыход. Дзесьці ты можаш губляць, дзесьці знаходзіць, але сумарны эфект атрымліваеш станоўчы. З пункту гледжання кошту, безумоўна, мытная пошліна на расійскую нафту істотная і займае вялікі аб’ём у цане нафты Urals. Разам з тым мы разумеем, што падатковы манеўр з года ў год будзе яе нівеліраваць і да 1 студзеня 2024 года субсідый у выглядзе мытнай пошліны не будзе. Гэта значыць, мы выйдзем на цэнаўтварэнне сусветнага ўзроўню.

Кажучы аб экспарце беларускіх нафтапрадуктаў, Андрэй Рыбакоў нагадаў: самымі выгаднымі заўсёды з’яўляюцца ўнутраны і суседнія рынкі. На іх канцэрн і будзе арыентавацца. Варта адзначыць, што краіна сёння экспартуе каля 70 працэнтаў усіх нафтапрадуктаў, якія вырабляе.

А затым была сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным у Сочы. Як гаварылася ў СМІ, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі комплекс пытанняў, якія стаяць на парадку дня беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Відавочна, што і ўзаемадзеянне ў энергетычнай сферы было ў цэнтры ўвагі.

Назіральнікі адзначалі, што шматгадзінны перагаворны марафон прэзідэнтаў Беларусі і Расіі прайшоў у Сочы на пазітыўнай хвалі. І, мяркуючы па ўсім, вынікова. У ліку вынікаў: расій-скі ўрад будзе спрыяць дасягненню камерцыйных дамоўленасцяў на пастаўку нафты ў Беларусь, газ у нашу краіну будзе пастаўляцца на ўмовах 2019 года. Аб гэтым крыху ніжэй. А на пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка казаў так:

— Мы сапраўды пра многае пагаварылі, дайшлі да глыбіні сівых часоў нашага сумеснага жыцця ў адной дзяржаве, абмеркавалі шмат гістарычных дат і момантаў. Яны вядомыя. І не толькі абмеркавалі пытанні, як Уладзімір Уладзіміравіч сказаў, якія ўяўляюць з сябе ўзаемную цікавасць, але якія тычацца і многіх нашых суседзяў, былых краін Савецкага Саюза, той палітыкі, якая цяпер праводзіцца намі, імі. Пра многае пагаварылі, дайшлі да сучаснасці і вырашылі ўжо не сам-насам, а з тымі, хто ўцягнуты ў гэты працэс, працягнуць нашу размову.

Падчас сустрэчы ў Сочы. Фота БЕЛТА

Перамовы прайшлі ў некалькі раўндаў. Спачатку кіраўнікі дзяржаў гутарылі тэт-а‑тэт у фармаце рабочага сняданку. Далей правялі кансультацыі ў пашыраным, але ўсечаным складзе: свае карэктывы ўнесла нябесная канцылярыя. Частка расійскай дэлегацыі затрымалася ў Маскве з‑за нялётнага надвор>я, а пазней яна не змагла прызямліцца ў Сочы па той жа прычыне. Борт быў накіраваны ў Мінеральныя Воды. У выніку наступныя тры таймы сустрэчы прэзідэнты правялі на лядовай арэне «Галактыка». Аляксандр Лукашэнка (з нумарам 01) і Уладзімір Пуцін (нумар 11) выйшлі на лёд у адной камандзе «Белых» і атрымалі пераканаўчую перамогу над «Сінімі» з лікам 13:4.

Тым часам на «Паляну» (так называецца пяцізоркавы газпрамаўскі «Гранд Гатэль» у Чырвонай паляне, дзе прахо-дзіла сустрэча) падцягнуліся прыпазніўшыяся па форс мажорных абставінах члены расійскай дэлегацыі. Энергічна вярнуліся да дзелавых перамоваў у пашыраным складзе, каб, як заўважыў Уладзімір Пуцін, удакладніць пытанні, якія былі даволі падрабязна абмеркаваны падчас папярэдніх раўндаў.

Словам, калі ў першай частцы сустрэчы суразмоўцы дайшлі «да глыбіні сівых часоў», то другая была прысвечана ўжо надзённым пытанням дня сённяшняга і, лагічна выказаць здагадку, заўтрашняга.

Вынікі па заканчэнні сустрэчы агучыў намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Расіі Дзмітрый Казак. Адносна перспектывы нафтавых паставак у Беларусь ён сказаў наступнае:

— Мы будзем аказваць садзеянне дасягненню пагадненняў паміж беларускімі спажыўцамі і вытворцамі нафты ў нашай краіне. — І дадаў: — Мы не можам сёння рэзка памяняць умовы рэгулявання нашай нафтавай галіны. Цэны на сырую нафту фармуюцца рынкам і адміністрацыйна не рэгулююцца. Гэта ўсё застанецца. Але будзем аказваць усялякае садзеянне дасягненню гэтых пагадненняў, каб забяспечыць Беларусь неабходнымі аб’ёмамі нафты.

Па словах Дзмітрыя Казака, расійскі і беларускі нафтавыя рынкі адзіныя, і нафта рэалізуецца на аднолькавых умовах, а для прадастаўлення зніжак неабходна было б уводзіць дзяржрэгуляванне гэтага рынку:

— Што мы зрабіць не зможам. Мы не можам пастаянна мяняць правілы гульні — мы паставім у незразумелае становішча нашы нафтавыя кампаніі. Таму будзем спрыяць дасягненню камерцыйных дамоўленасцяў.

Дамоўленасці па пастаўках прыроднага газу Дзмітрый Казак пракаментаваў так:

— Перамовы прайшлі ў вельмі пазітыўным ключы. Дамовіліся прадоўжыць кансультацыі на ўзроўні ўрада, міністэрстваў і ведамстваў па ўдасканаленні механізмаў інтэграцыі. Што тычыцца супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, то мы дамовіліся захаваць умовы пастаўкі газу на ўмовах 2019 года. Будзем дзейнічаць у гэтым ключы.

Ён удакладніў, што ўмовы паставак газу абумоўленыя толькі на 2020 год. Тут дарэчы будзе прыгадаць, што ў 2019 годзе цана на газ для Беларусі з’яўлялася фіксаванай і складала 127 даляраў за тысячу кубаметраў на мяжы. На аналагічных умовах газ пастаўляецца і ў студзені-лютым гэтага года.

Такім чынам, сістэматызуем тое, якіх дамоўленасцяў дасягнулі ў Сочы Прэзідэнты Беларусі і Расіі.

Бакі дамовіліся аб пастаўках нафты ў Беларусь па сусветных цэнах. Першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Дзмітры Круты, каментуючы гэтае пытанне, адзначыў, што наша краіна гэтага і дамагалася. «Расійскі бок пагадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабаваў наш Прэзідэнт, беларускі бок. Што Беларусі не трэба ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусветных катыроўках, і не горш», — сказаў Дзмітры Круты.

Расійскі бок пагадзіўся з такім падыходам. Больш за тое, як ужо адзначалася вышэй, было абяцана, што ўрад РФ акажа ўсялякае садзеянне ў працы з расійскімі здабываючымі кампаніямі, каб пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы былі менавіта на абгрунтаваных умовах.

Знойдзеныя пункты судакранання і ў газавым пытанні. Профільныя беларускія міністры сумесна з «Газпрамам» працягнуць перамовы. Аднак у цэлым дамоўленасці дасягнуты. «Бакі гатовыя да далейшых канструктыўных зносін на падставе тых разлікаў, якія ёсць на сённяшні дзень», — сказаў Дзмітры Круты.

Хтосьці паспрабаваў звесці вынікі перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна толькі да нафтагазавай сферы. Але Прэзідэнты шмат часу надалі абмеркаванню іншых пытанняў — у прыватнасці, знешняму гандлю паміж дзвюма краінамі.

Ідуць перамовы. Фота БЕЛТА

Паводле папярэдніх дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, экспарт Беларусі ў РФ па выніках мінулага года вырас на 4,5 % (у грошах гэта плюс 600 мільёнаў долараў). Беларускія тавары запатрабаваныя ў Расіі. І ў прынцыпе супрацоўніцтва ў гандлёвай сферы развіваецца нядрэнна. «Дадзеную тэндэнцыю ўрадам даручана ўсяляк працягваць і замацоўваць», — заявіў Дзмітры Круты.

Адным з найбольш значных сумесных інтэграцыйных праектаў, безумоўна, з’яўляецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. І гэтаму пытанню, зразумела, таксама была нададзена ўвага на перамовах у Сочы. Дзмітры Круты нагадаў, што, як неаднаразова падкрэсліваў і Прэзідэнт Беларусі, БелАЭС павінна быць самай бяспечнай станцыяй. Таму ніякай спешкі тут не павінна быць. Усё павінна быць старанна выверана.

Уладзімір Хромаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.