Функцыі нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў нашай краіне, якія да нядаўняга часу выконвала Мар'яна Шчоткіна, цяпер перададзены віцэ-спікеру Савета Рэспублікі Анаталю Ісачанку.
Гэта агаворваецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лютага 2020 года № 52.
Інстытут нацыянальнага каардынатара ў Беларусі створаны ў маі 2017 года і ажыццяўляе агульную каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і рэалізацыі рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ад 25 верасня 2015 года
№ 70/1 «Пераўтварэнне нашага свету: парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года».
Віцэ-спікер Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка правёў на мінулым тыдні асабісты прыём грамадзян.
Да яго звярнуўся мінчанін з просьбай разабрацца ў зямельнай спрэчцы, якая ўзнікла ў яго маці з суседам. Прычынай канфлікту сталі межы зямельнага ўчастка. Мужчына ўпэўнены: дзеянні суседа незаконныя. Анатоль Ісачанка паабяцаў вывучыць пытанне дэталёва.
У інтэрв'ю журналістам ён адзначыў, што тэматыка пытанняў, з якімі прыходзяць людзі на прыёмы, разнапланавая. У той жа час асноўная іх маса датычыцца зямельных і жыллёвых адносін.
Шмат зваротаў паступае і па садаводчых таварыствах. «Мы бачым, што ёсць неабходнасць больш уважліва вывучыць гэтае пытанне на заканадаўчым узроўні», — адзначыў Анатоль Ісачанка.
Капрамонты жылфонду, тэрміны выканання работ і расходаванне бюджэтных сродкаў
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец узяла ўдзел у пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, тэмай пасяджэння былі вынікі мер, якія прымаюцца Мінгарвыканкамам па павышэнні эфектыўнасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі сталіцы ва ўмовах праведзенага рэфармавання.
У цэнтры ўвагі апынуліся пытанні рэарганізацыі структуры ЖКГ мегаполіса ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, у тым ліку штатнай колькасці работнікаў гэтай сферы, разгляду пісьмовых зваротаў грамадзян і эфектыўнасці расходавання бюджэтных сродкаў. Звернута ўвага на якасць работ па капітальным рамонце жыллёвага фонду ў сталіцы, справаздачнасць па ўводзе жылля пасля капітальнага рамонту. Таксама сярод актуальных тэм было і зацягванне тэрмінаў выканання работ.
Па выніках пасяджэння Мінгарвыканкама сталічным адміністрацыям рэкамендавана ўзмацніць кантроль за якасцю аказання жыллёва-камунальных паслуг і капітальнага рамонту, які праводзіцца, а таксама ўдзяліць большую ўвагу зваротам грамадзян.
Што за таемнымі дзвярыма?