Вы тут

Чалавек з кнігай. Нататкі з чарговай Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу


Скажы, хто твой сябар… А сёння й казаць не трэба: эпоха смартфонаў аблягчае задачу. З россыпу фотавыяваў, якімі кішаць інтэрнэт-сайты, сацсеткі, бачна, як моцна сябруюць людзі з прыгожымі аўто, дамамі, коцікамі-сабачкамі, кветкамі, рыбкамі, піцай ды бакаламі віна, з артыстамі, рознага віду зброяй…


На адкрыцці стэнда Расіі выступае протаіерэй Фёдар Поўны

О, сяброўства са зброяй насцярожвае: ад дзіцячых пластмасавых пісталецікаў да сапраўдных карабінаў, аўтаматаў, гранатамётаў… Прадэманстраваць сваю крутасць некаторым хочацца менавіта са зброяй у руках. Ніяк не з кнігай, напрыклад. Культ грубай сілы? За савецкім часам, помніцца, круцілі фільм “Чалавек з ружжом” — ну, зразумела, гэта ж пра рэвалюцыйны час, ён гераізаваўся. Тады і ў вершах расстаўляліся даволі сумніўныя маральныя прыярытэты кшалту: “Ваше слово, товарищ маузер!”. Яшчэ наперадзе быў 1937‑ы, і Другая сусветная не стала явай. Але калі Мікалай Пагодзін пісаў пра “чалавека з ружжом”, то праз стагоддзе сеткавы пісьменнік Алекс А. Алмістаў прапануе чытачам ужо мастацка-публіцыстычны раман “Чалавек з аўтаматам”… Тэхнічна прагрэсуем?

Свет імкліва коціцца ў бяздонне ўзброеных канфліктаў. Глабальніх і побытавых. Яны ўжо не “недзе там” — чалавек са зброяй кардынальна, як кажуць, адным крывавым махам, часам і з анлайн-трансляцыяй вырашае праблемы ў школах, гандлёвых цэнтрах, на вуліцах, у храмах, гарадскіх кватэрах і вясковых хатах. Ды ці мала дзе яшчэ. Але “вырашэнне” тое хіба што завязвае, зацягвае шматлікія вузлы балючых сацыяльных праблем. Далей — толькі тупік, некантраляваныя выбухі новага насілля. Не толькі “Заход Еўропы”, як папярэджваў адзін з аналітыкаў-філосафаў Освальд Шпенглер на пачатку ХХ стагоддзя — заход чалавечай цывілізацыі, усеагульнае здзічэнне “людской пароды”.

Дзе выйсце? Адукацыя. Культура. Чытанне. Самапазнанне. Культ чалавека з кнігай — замест культа “чалавека з ружжом”. Бо як там нам даўно падказвае народная мудрасць: лепш з разумным чалавекам згубіць, чым з дурнем знайсці.

Супрацоўнікі выдавецтва “Н. Орианда” з кнігамі пра свяціцеля Луку Крымскага Война-Ясянецкага

Вядома ж, кнігі могуць быць шляхамі — але ёсць розныя шляхі… Трэба выбіраць. Уявіце сабе: больш за 10 000 навінак з 30 краін было прадстаўлена на ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Во “трэнажор” для ўмення выбіраць! Цікава, ці знайшліся тыя, хто ў дзівосных скарбніцах Кніжнага свята нічога сабе не ўпадабаў? А наведнікаў “рамонкавага” па форме павільёна па праспекце Пераможцаў, 14, падлічылі: за пяць дзён выставы — каля 70 тысяч чалавек. Нешта ж іх туды прывабіла.

Разумнае, цывілізаванае, культурнае грамадства, якое сапраўды дбае пра сваю будучыню, свядома культывуе й развівае культуру чытання, паважлівага стаўлення да кнігі.

Уладзімір Дражын (з кветкамі), яго родзічы, сябры, землякі

Прэзідэнт Беларусі накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям кніжнай выставы-кірмашу ды VІ Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час”, у якім адзначаецца: кніжны форум стаў яркай падзеяй культурнага й духоўнага жыцця Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што “ў Беларусі стаўленне да кнігі заўсёды было асаблівым, беражлівым, уважлівым, а пытанні зберажэння й эфектыўнага развіцця выдавецкай галіны застаюцца ў ліку важных дзяржаўных прыярытэтаў”.

“Чалавек з кнігай” у Беларусі — гэта ўжо элемент народнай культуры, беларускай ментальнасці. Пры Нацыянальнай бібліятэцы, на галоўным праспекце сталіцы светач нашай нацыі Францыск Скарына ўвасоблены шасціметровым у бронзе — з кнігай у руках. А фрагменты адной з найстарэйшых нашых ацалелых у віхурах часу кніг — Тураўскага Евангелля — датуюцца ХІ стагоддзем. Сама ж Мінская міжнародная выстава-кірмаш даўно стала важным сродкам пашырэння ў грамадстве якаснай літаратуры, высокай культуры чытання, да таго ж яна эфектыўна спрыяе міжнароднаму гуманітарнаму супрацоўніцтву.

Сяргей Кандыбовіч

Але што ж найгалоўнае ў патаемнай сувязі чалавека з кнігай? У часе ўрачыстага адкрыцця стэнда Расіі, якая сёлета была на выставе-кірмашы Ганаровым госцем, вядомы беларускі святар, протаіерэй Фёдар Поўны спачатку нагадаў біблейскую ісціну пра тое, што на пачатку было Слова. І пажадаў усім, каб Слова па-ранейшаму было найвышэй за ўсё, каб яно ўціхамірвала нас, давала нам жыццёвых сілаў.

А гэта — кніжны самелье з Украіны

На стэндзе сімферопальскага выдавецтва “Н. Орианда” я пабачыў шыкоўнае двухтомнае выданне — падрабязны аповед пра жыццё, подзвігі свяціцеля Лукі Крымскага (у свеце вучонага-хірурга Валянціна Война-Ясянецкага). І што дзіўна: супрацоўніца выдавецтва Рына Замтарадзэ, яе калега Віктар Катцын без цяжкасці згадалі, што родавыя карані святога “з‑пад беларускага Наваградка”. Я ж толькі ўдакладніў, што вёска Ясянец цяпер — на тэрыторыі Баранавіцкага раёна. Вось што значыць сіла слова! Дзякуючы яму мы пазнаем свет, спасцігаем велізарную моц роднай зямлі, якая дае свету, Сусвету вялікіх сыноў і дачок.

У першы ж дзень выставы на беларускім стэндзе, аформленым у выглядзе вялікай кнігі ў зеленаватых танах, прэзентавалася выданне вядомага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата Уладзіміра Дражына “Дражно. Моя малая родина” (выдавецтва “Беловагрупп”). Гэта глыбокі, поліфанічны аповед пра родную вёску, што ў Старадарожскім раёне Міншчыны. Аўтар прызнаўся, што працаваў над кнігай многія гады, выкарыстаў унікальныя матэрыялы ў тым ліку й з замежных архіваў, каштоўныя здымкі фотамайстра мінулага Ісаака Сербава. І як жа прыгожа было бачыць, як кніга сабрала на выставе вядомых людзей краіны, шматлікіх сяброў Уладзіміра Несцеравіча ягоных сваякоў, унукаў. Можна толькі парадавацца, што выданне стала адным з лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” — як лепшая кніга на тэму малой радзімы. Адзначаны й фотаальбом Дзяніса Раманюка “Беларусь. Храм і краявіды” (вышэйшая ўзнагарода конкурсу, намінацыя “Трыумф”), а таксама грандыёзнае факсімільнае выданне “Берасцейская Біблія. 1563” — у намінацыі “За ўнёсак у зберажэнне духоўнай спадчыны”.

Расійскае акадэмічнае выданне на выставе

З кнігай, прысвечанай памяці бацькі, мінскага педагога Льва Кандыбовіча, пабачыў я на выставе-кірмашы ягонага сына Сяргея Кандыбовіча, кіраўніка Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. А ягоны папярэднік на гэтай пасадзе, пісьменнік Валеры Казакоў прэзентаваў выданні, што выйшлі ў Беларусі да 75‑годдзя Вялікай Перамогі.

Радзіма… Бацькі… Перамога… Кніга… Па гэтых прыступках узвышаецца душа.

Пісьменнік Валеры Казакоў

Пакуль мы з кнігамі — у нашай прыгожай планеты ёсць шанец ацалець, нягледзячы на ўсе жудасныя каранавірусы ды прыродныя катаклізмы. І ў нас ёсць шанец выжыць разам з Зямлёй — пакуль мы з кнігамі.

Чытайма!

Іван Ждановіч

Фота аўтара

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.