Вы тут

Як за 10 год у Мастах кардынальна змянілася дрэваапрацоўка


Прадпрыемства «Мастоўдрэў» да 2007 года лічылася амаль што банкрутам. Людзі звальняліся, прадукцыя не вытрымлівала ніякай канкурэнцыі, аб'ёмы вытворчасці катастрафічна падалі. І гэта пры тым, што прадпрыемства было горадаўтваральнае. Стала зразумела, што без падтрымкі дзяржавы галіна не зможа развівацца. У гэты час Прэзідэнтам краіны былі прыняты кардынальныя рашэнні: мадэрнізаваць вытворчасць і заняцца ўласнай перапрацоўкай драўніны.


Пра гэта расказаў генеральны дырэктар ААТ «Мастоўдрэў» Сяргей Асосаў падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Мастоўскім раёне. Ён паказаў журналістам усю вытворчасць, якая поўнасцю змянілася за апошнія 10—13 гадоў і абышлася дзяржаве і прадпрыемству ў 200 мільёнаў еўра.

Мы праходзім каля вялікага цэха, дзе вырабляюцца пліты МДФ. Гэты цэх — асаблівы гонар дырэктара, тут робяць прадукцыю, якую не так даўно асвоілі, але з якой ужо ўдала канкурыруюць на знешнім і ўнутраным рынку. Яшчэ адзін знакавы цэх — па выпуску ламінату. Яго таксама вырабляюць адносна нядаўна, але аб'ёмы нарошчваюцца, бо ёсць попыт у расійскіх спажыўцоў. А гэта добрая крыніца прытоку валюты ў краіну, што, у сваю чаргу, дазваляе ўдасканальваць умовы працы, павышаць зарплату работнікам.

Многія з тых, хто цяпер працуе, памятаюць іншыя часы. Прадпрыемства доўгі час «ішло на дно». І толькі з дапамогай дзяржавы пачало выходзіць з крызісу. Як адзначыў Сяргей Асосаў, завод не спыняў сваю работу нават падчас экстрэмальнай рэканструкцыі. Кіраўнік завода разумеў, што вельмі важна захаваць працоўны калектыў. І многія, нават у такіх складаных умовах, заставаліся на прадпрыемстве.

— Людзі працавалі пад адкрытым небам, але ішлі да сваёй мэты. Мы стараліся рабіць рэканструкцыю як мага хутчэй, каб прадпрыемства пачало працаваць і людзі адчулі аддачу ад сваёй працы. Так і здарылася, — кажа генеральны дырэктар.

Ён упэўнены, што мясцовыя жыхары — патрыёты сваёй малой радзімы. Менавіта яны складаюць асноўны касцяк работнікаў прадпрыемства. А працуе тут — ні многа ні мала — паўтары тысячы чалавек. Для 15-тысячнага горада гэта сапраўды вельмі значная лічба. Працаздольнага насельніцтва значна менш за 15 тысяч, таму мясцовых кадраў не хапае. Да таго ж патрэба ў спецыялістах вырасла пасля мадэрнізацыі, асабліва гэта датычылася работы аўтаматычных сістэм. З розных навучальных устаноў — сярэднеспецыяльных і вышэйшых — было прыцягнута 150 маладых спецыялістаў. Яны працуюць на камп'ютарах там, дзе патрэбна адпаведная падрыхтоўка.

— Некаторыя спецыялісты прыйшлі па размеркаванні з універсітэтаў, многія з іх прыжыліся ў нас, завялі свае сем'і, — кажа суразмоўнік. — Вядома, не ўсе застаюцца пасля адпрацоўкі, але тыя, хто застаецца, — гэта сапраўды надзейная каманда. Таксама добры рэзерв — наша мясцовая моладзь. Некаторыя працуюць і вучацца завочна, узначальваюць участкі і нават цэхі. Тут працаваць прэстыжна.

Пра гэта сведчыць і нізкая цякучасць кадраў на заводзе. Як адзначылі ва ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Мастоўскага райвыканкама, вакансіі ад прадпрыемства з'яўляюцца даволі рэдка. І гэта зразумела. Сярэдняя зарплата тут 1100 рублёў. На сённяшні дзень патрэбны, напрыклад, кіроўцы пагрузчыкаў і велікагрузаў, але возьмуць толькі кваліфікаваных спецыялістаў.

Увогуле на прадпрыемстве нават ёсць чарга на вакантныя месцы. Яны ўзнікаюць, калі хто-небудзь звальняецца альбо ідзе на заслужаны адпачынак. З прэтэндэнтамі дырэктар завода сустракаецца падчас асабістага прыёму, які ён праводзіць кожны панядзелак. Але далёка не ўсе маюць шанцы ўладкавацца на работу. Напрыклад, сюды не бяруць тых, хто раней тут працаваў і меў спагнанні ад кіраўніцтва ці наогул быў звольнены за парушэнне працоўнай дысцыпліны. З гэтым тут строга. Кожны дзень работнікі праходзяць агляд, і знаходжанне ў нецвярозым стане недапушчальнае.

— Калі раней за месяц можна было трапіць на 3-4 чалавекі, які былі ў нецвярозым стане, дык цяпер такога няма. Я асабіста сачу за гэтым, — кажа дырэктар.

Праўда, ёсць на прадпрыемстве і свая спецыфіка. Напрыклад, на фанернай вытворчасці 60 % жанчын, бо работа тут манатонная. І хоць умовы працы не лічацца шкоднымі, але ёсць начныя змены і бягучы графік. Мужчынам такая работа не даспадобы. Але паступова і на гэтай вытворчасці ўсё больш маладых хлопцаў, бо жанчыны, якія дасягаюць пенсійнага ўзросту, ідуць на заслужаны адпачынак.

Дэмаграфічнае выбыванне кампенсуецца больш эфектыўнай тэхнікай. Гэты працэс ідзе пастаянна. Нядаўна на фанерным заводзе замянілі чатыры старыя прэсы адным сучасным японскім, што аблегчыла працу сотні работнікаў.

Нават пры шырокай мадэрнізацыі агульная колькасць супрацоўнікаў не змяншаецца, бо прадпрыемства развіваецца. Дырэктар вядзе да пляцоўкі, дзе сёлета плануецца стварыць лесапільны цэх. Карпусы ўжо стаяць, зроблена добраўпарадкаванне, на гэта пайшло два мільёны рублёў уласных сродкаў. Для работы ў новым цэху будзе створана 20 рабочых месцаў. Яшчэ пяць чалавек плануецца працаўладкаваць на пялетным заводзе. Ён таксама будзе запушчаны сёлета.

На перспектыву ёсць задума развіваць вытворчасць больш маштабна. Магчыма, тут будзе пабудавана і свая мэблевая фабрыка. Але развіццё дрэваперапрацоўкі пойдзе больш дынамічна, калі вакол завода аб'яднаць вытворцаў мэблі, па-дзяржаўнаму разважае Сяргей Асосаў. У Гродзенскай вобласці нямала кампаній, якія маглі б увайсці ў рэгіянальны мэблевы кластар. Гэта можа даць імпульс для стварэння новых прыватных фірмаў і, адпаведна, новых рабочых месцаў.

— Каля «Мастоўдрэва» павінны развівацца малыя, сярэднія прыватныя прадпрыемствы з далейшай перапрацоўкай, — лічыць генеральны дырэктар, — а мы забяспечым іх фанерай і плітамі. Гэты кірунак — адзін з найбольш эфектыўных спосабаў гаспадарання.

Магчыма, гэта будзе сямейны бізнес, як было раней, і прыклад таго — стварэнне братамі Канапацкімі завода ў Мастах. Невялікія фабрыкі здольны давесці кожны выраб да бліскучага стану. Масава-паточны спосаб вытворчасці ўжо не так запатрабаваны.

Імпульсам для развіцця падобнага кластара павінен стаць Дэкрэт Прэзідэнта № 7 аб лібералізацыі бізнесу. Дзякуючы яму, знойдуцца тыя, хто зацікавіцца гэтай справай. А выйграюць усе, бо павялічыцца занятасць, загрузяцца пустуючыя плошчы, і, нарэшце, пачнуць вяртацца майстры, якія з'ехалі за мяжу ў пошуках большага заробку.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.