Вы тут

Як камунальнікі і жыхары наводзяць парадак у ваенным гарадку Сосны


Зламаныя граблi i трактары лiсця, актыўны адпачынак i штодзённая праца, прага да чысцiнi i абавязковая адпрацоўка. Мэты ва ўдзельнiкаў кастрычнiцкiх суботнiкаў розныя, а праца для ўсiх аднолькава бясплатная. Ну, за выключэннем сапраўдных дворнiкаў, для якiх субота — звычайны рабочы дзень. Як наводзяць парадак у ваенным гарадку Сосны, высвятляла карэспандэнт «МС».


Лiстота лепшая за паперкi

На прыборку двароў прыехалi 27 камунальнiкаў — яшчэ дзевяцi не было. Выгрузiлi пясочнiцу ды арэлi-балансiр, вылажылi граблi — а можа хто з жыхароў далучыцца. На сёння запланавана выграбцi лiстоту, сухiя галiны i смецце каля чатырох дамоў.

Павел ПАПЛЕЎКА, намеснiк дырэктара ЖЭУ № 4 Заводскага раёна Мiнска, кажа, што камунальнiкi i самi ведаюць, па якiх адрасах трэба дапамагчы, i туды, дзе людзi заяўкi пакiдаюць, прыязджаюць.

— Саджаем дрэвы, дадаючы свой унёсак у барацьбу з глабальным пацяпленнем. У мiнулую суботу пасадзiлi 50 дрэў, сёння ў Шабанах па двух адрасах — яшчэ 21 клён. Выкопваем саджанцы з-пад лiнiй электраперадачы ў месцах, узгодненых з адмiнiстрацыяй раёна. Кусты яшчэ будзем саджаць.

Тут карысць двайная. Дрэўцы пад правадамi ўсё роўна спiлуюць, каб не перашкаджалi, так што iм так i другi шанц даюць на жыццё, i двары азеляняюць. Намеснiк дырэктара выходзiць на суботнiк кожныя выхадныя кастрычнiка — пасада абавязвае, смяецца ён:

— Асабiстым прыкладам паказваю, як працаваць.

Людзi старанна грабуць лiсце, многiя ўсмiхаюцца, на мяне рэагуюць жартамi накшталт «сфатаграфуйце i мяне — я маме пакажу».

— Частка нашых у адны выхадныя была, частка — сёння. Усе павiнны на грамадскiх работах адпрацаваць хоць бы раз на месяц, — кажа Iна ХАМЯКОВА, бухгалтар ЖЭУ № 4 Заводскага раёна Мiнска.

Вольга САВIЧ, дворнiк ЖЭУ № 4 Заводскага раёна Мiнска, выходзiць на работу а палове сёмай. Да 10.30 яна шчыруе. Пасля двухгадзiнны перапынак на абед, i потым iзноў — да паловы чацвёртай. Па суботах графiк з сямi ранiцы да 12.30.

— Каб толькi лiсце замятаць. Мы ж i пад'езды мыем-падмятаем, i на кантэйнерных пляцоўках парадак наводзiм. Начальства добрае ў нас — выдалi бушлаты, боты, так што i ранкам не так холадна, — адказвае Вольга на маё пытанне. — Вось толькi абсталяванне часам не вытрымлiвае, асаблiва пластыкавае. Яго часта толькi на два-тры днi хапае. Мне больш металiчныя граблi падабаюцца.

На маiх вачах у пластыкавых грабляў адвальваюцца зубы — не вытрывалi. Гэта ўжо шаснаццатыя за трэцi суботнiк, каментуюць камунальнiкi.

Арэлевы парадокс

Прыбраўшы тэрыторыю i загрузiўшы смецце ў трактар, паехалi забраць тое, што намялi на суботнiку жыхары, — яны ў той дзень прыбiралiся каля дома № 40.

Арэлi-балансiр i пясочнiцу, прывезеныя, як кажуць камунальнiкi, па звароце мясцовых жыхароў, якiя скардзiлiся, што не хапае гульнявога абсталявання, адвезлi назад — для iх не знайшлося месца.

— Самi ж прасiлi на сустрэчы з адмiнiстрацыяй раёна, а як прывезлi — аказалася, усяго хапае, ну як гэта?! — абураецца Павел Паплеўка.

Як здарыўся такi парадокс, тлумачыць Настасся РЫЖАНКОВА, мясцовая жыхарка-актывiстка:

— Абсталяванне, якое дублiруе тое, што ўжо ёсць, нам непатрэбна, бо яно толькi загрувашчвае двары. Нешта iншае, накшталт скаладрома, канатнай дарогi, паласы перашкод, — iншая рэч. Ёсць сучаснае абсталяванне з цiкавымi арэлямi i элементамi. Арэлi-балансiр — для зусiм маленькiх. Тым, хто больш дарослы, гэта ўжо нецiкава. У нас у двары ёсць прыгожая прылада, каб поўзаць, — яе таксама можна мадэрнiзаваць, нацягнуўшы нейкiя сеткi-канаты. А купляць проста чарговую горку i арэлi — бессэнсоўна.

Пытаюся, чаму б не ажыццявiць свае жаданнi за ўласныя сродкi.

— Грошы на добраўпарадкаванне ў камунальнiкаў ёсць. Мы за тое, каб яны трацiлiся больш рацыянальна. Хай лепш гэта будзе нешта адно, але цiкавае дзецям, а не тры-чатыры стандартныя горкi цi лаўкi. Мы за зваротную сувязь i паразуменне.

На суботнiку, зладжаным актывiсткай, сем дарослых i хiба што не больш дзяцей. Пад музыку, перыядычна частуючыся пячэннем i кiсялём ад Настассi, яны з iмпэтам збiраюць лiсце i фасуюць яго ў смеццевыя пакеты.

— Гэта добры паказчык для пяцiпавярховiка, тым больш што многiя раз'ехалiся, — кажа актывiстка. — Летась было менш. На жаль, мала людзей, якiя лiчаць двор сваiм. Для iх прыватнае канчаецца за дзвярыма кватэры. Ды i ўзрост тых, хто тут жыве з самага пачатку, ужо дастатковы. Яны сваё адпрацавалi, што называецца. Плюс у нас ёсць гаспадынi кветнiкаў. Яны смяюцца, што ўжо свой суботнiк правялi — прыбралi кветкавыя ўладаннi да зiмы.

— Я не магу не падтрымаць нашу iнiцыятыўную суседку ў такiх добрых пачынаннях. Тым больш што я тут жыву, тут пастаянна гуляюць мае дзецi. I калi тут будзе чысцiня, ад гэтага ўсе толькi выйграюць, — кажа Iван, жыхар дома № 40.

Наталля, жыхарка дома № 40, таксама выйшла на суботнiк з дзецьмi. Яе Алiна i Максiм ахапкамi цягаюць лiсце да пакетаў, што трымаюць дарослыя, з усiх гурбаў, што толькi бачаць.

— Мы выйшлi падтрымаць iнiцыятыву i чысцiню. Хочам, каб у нас было прыгожа. Ды i дзецi так бачаць, што гэта добрая справа. Пасля яны ўжо i смецiць не будуць, i ўжо нават падбяруць, калi недзе нешта валяецца, i кiнуць у сметнiцу.

«Пасада» старшага па двары, якую ў Заводскiм раёне за верасень — кастрычнiк мяркуюць увесцi паўсюдна, за Настассяй Рыжанковай пакуль не значыцца, але, мне думаецца, яна першы прэтэндэнт на гэтае месца. Плануецца, што старшыя па двары змогуць наўпрост узаемадзейнiчаць з уладамi i даносiць да iх свае патрэбы i праблемы. Жанчына заклiкае жыхароў да сумесных спраў на энтузiязме:

— Мала людзей, якiм гэта трэба. Грамадзянская суполка ў нас пакуль толькi фармiруецца. Людзi пачынаюць разумець, што гэта магчыма, правiльна i не сорамна — узаемадзейнiчаць на ўзроўнi двара. Гэтая думка ёсць у людзей майго пакалення, а да таго людзi проста сядзелi па сваiх хатах i не адчувалi, што гэта належыць iм. У нас жа не пытаюцца, дзе што паставiць: арэлi, лаўку, куст... I мы стараемся сiтуацыю выпраўляць, бо пакуль жыхары не адчуваюць, што могуць паўплываць на прыняцце рашэння.

КОТГСы — калегiяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, якiя функцыянуюць на добраахвотных пачатках, на думку Настассi Рыжанковай, дублююць iснуючую сiстэму. А так ЖЭУ не атрымлiваюць зваротнай сувязi, i КОТГСы — спроба гэтую сувязь наладзiць. Аднак стымуляваць яе трэба рублём. Гэта павiнны быць камерцыйныя структуры, члены якiх абiралiся б жыхарамi-ўладальнiкамi i якiя задавальнялi б патрэбы жыхароў за iх сродкi.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.