Вы тут

Вандроўка да Слова


Ужо больш як чвэрць стагоддзя па Беларусі падарожнічае навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Сёлета яна наведала Міншчыну, Брэстчыну і Гродзеншчыну і завяршылася ў сталіцы Дня беларускага пісьменства — у Слоніме.


Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Праект, што ствараўся групай энтузіястаў на пачатку 90-х, з часам перарос у з’яву не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага значэння. Адметна, што, з’яўляючыся арганічнай часткай штогадовага літаратурнага свята, экспедыцыя адразу засведчыла свае шырокія абсягі, спалучыўшы асветніцкую, духоўную і ўтылітарную функцыі. У гэтым маглі пераканацца навучальныя, культурныя ўстановы, працоўныя калектывы, творчыя суполкі, да якіх завітвалі выступоўцы. Пасля прыбыцця ў пэўны населены пункт спачатку адбывалася рэлігійная частка: хрэсны ход, пасадка Саду малітвы, сустрэчы з духавенствам і вернікамі. Затым экспедыцыя падзялялася на групы ў некалькі чалавек і выпраўлялася на сустрэчы з мясцовымі жыхарамі і творчай інтэлігенцыяй. Такі фармат дазваляў ахапіць адразу разнастайныя і рознаўзроставыя аўдыторыі.

— Вандроўка сталела, набывала новыя традыцыі, — распавёў кіраўнік экспедыцыі Алесь Лапата-Загорскі. — Мы багатыя вопытам. Канферэнцыі, сустрэчы мабільных груп з навучэнцамі, прыхаджанамі, зацікаўленымі — усё гэта напрацоўвалася гадамі. Відаць, вышынямі такога алгарытму сталі выступленні ў Светлагорску ў 2016 годзе, калі мы разбіліся на 13 груп у школах, потым сышліся яшчэ ў 6 месцах, дзе сабралася больш дарослая аўдыторыя, а пасля адбылася агульнагарадская канферэнцыя. Такім чынам, у выніку зладжанай праграмы ўвесь горад быў задзейнічаны ў святочных мерапрыемствах… Наша галоўная задача — каб кожны населены пункт адчуў атмасферу Дня беларускага пісьменства.

Выступаючы на адкрытай пляцоўцы каля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў гарадскім пасёлку Чысць на Маладзечаншчыне, пісьменнік Анатоль Бутэвіч адзначыў:

 — «Дарога да святыняў» для мяне асабіста — той настраёвы, энергетычны напой, які дае магчымасць пасля вандроўкі яшчэ цэлы год жыць адметнымі эмоцыямі. Такія сустрэчы, дзе адбываецца паяднанне думак тых, хто выступае і тых, хто слухае, дазваляюць сцвярджаць: чым больш мы ездзім па Беларусі, тым больш сеем тое насенне, якое заўтра прарасце добрымі справамі. На зямлі хапае ўсяго: і добрага, і благога. Але навошта множыць благое — яно ж вернецца да нас. Таму заклікаю ўсіх сеяць добрае…

Навуковую частку прадстаўлялі літаратуразнаўцы, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сцяпан Лаўшук і Ігар Шаладонаў.

— Наша экспедыцыя прымеркавана да святкавання Дня беларускага пісьменства, які толькі ў нас, у Беларусі, адзначаецца на дзяржаўным узроўні. І ўсе мы, жыхары краіны, у той ці іншай ступені далучаны да пісьменніцкага слова, — падкрэсліў Сцяпан Лаўшук.

Паэтычным словам з прысутнымі дзяліліся Генадзь Пашкоў, Вадзім Спрынчан, Яўген Пясецкі, Янка Лайкоў. Натхнёна дэкламавала вершы народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

Адметна, што «Дарога да святыняў» чарговы раз пацвердзіла свой міжнародны статус: у Ракаве да экспедыцыі далучыліся прафесар-славіст Іван Чарота і госць з Сербіі — праваслаўны публіцыст і перакладчык Ранка Гойкавіч. А ўвечары пад велічнымі сценамі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынкага манастыра ў вёсцы Гнесічы на Навагрудчыне адбылося, бадай, самае відовішчнае дзейства: удзельнікі экспедыцыі, праваслаўныя манахі і святары сабраліся ў кола вакол вогнішча. Чыталіся вершы, прамаўляліся ўзнёслыя словы, панавала цёплая прыязная атмасфера. У выкананні ансамбля сярэднявечнай музыкі «Вір» з Барысава прагучала песня на словы Ніны Загорскай — ініцыятара экспедыцыі, яе ганаровага кіраўніка і натхняльніцы.

— Народы Беларусі і Сербіі аб’ядноўвае адна вера, адзін славянскі дух, падобны менталітэт… Тут, у вашай краіне, я чарговы раз упэўніўся: калі чалавек робіць сваю справу шчыра, то нябёсы дадуць на гэта блаславенне, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Ранка Гойкавіч.

На шляху вандроўнікаў былі таксама Пухавіцкі, Валожынскі, Баранавіцкі, Ваўкавыскі раёны. Адбыліся духоўна-асветніцкія сустрэчы ў Жыровічах, у Свята-Благавешчанскім жаночым манастыры, у Свята-Зосіма Саваціеўскім мужчынскім манастыры ў вёсцы Вялікая Кракотка на Слонімшчыне.

Вайсковыя часці, каледжы, школы, цэнтры творчасці, дзіцячыя садкі, дамы-інтэрнаты, сацыяльныя прытулкі, музеі, касцёлы — спіс устаноў, якія наведалі паломнікі, можна доўжыць...

Дабрадатны Агонь, што вандруе па Беларусі разам са святарамі, артыстамі, навукоўцамі, літаратарамі, журналістамі і асвятляе шлях да спрадвечных святыняў, уяўляецца глыбокім сімвалам творчага гарэння, нязгаснага зыркага полымя, якое прыўносіць святло духоўнасці ў самыя аддаленыя куткі Беларусі.

Іван ПЛЁСАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.