На пачатку верасня ў Мінску ўпершыню адбыўся гарадскі сацыяльны фестываль ІBB JubіlaumsFest. Ён аб'яднаў больш за 50 адукацыйных івэнтаў, якія прайшлі ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау (ІBB Мінск). У гонар свайго 25-годдзя ІBB Мінск на дзень падарыў свой будынак грамадскім актывістам і іх ініцыятывам.
«Фестывалі могуць не толькі забаўляць, але і адукоўваць. Мы вырашылі правесці ІBB JubіlaumsFest, каб даць магчымасць беларускім грамадскім ініцыятывам сабрацца ў адным месцы і расказаць пра важныя праекты жыхарам Мінска. Сацыяльны маркет, вывучэнне мовы жэстаў, лекцыі і кінапаказы аб дыслексіі, правах жанчын і людзях з інваліднасцю — гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы змогуць наведаць госці фестывалю ІBB JubіlaumsFest», — расказала дырэктар ІBB Мінск Сабрына БАБОЎСКІ.
Мерапрыемствы сацыяльнага фестывалю, якія разгарнуліся на васьмі пляцоўках, мог наведаць усякі ахвотны. Так, пры жаданні можна было прайсці экспрэс-курс нямецкай мовы разам з Goethe-Іnstіtut Mіnsk. ПЭН-цэнтр зладзіў шматмоўны марафон пра беларускую літаратуру. Беларускае таварыства глухіх вучыла гасцей мове жэстаў і пазнаёміла з «нямым» мастацтвам.
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа расказала пра тое, як аказваць першую медыцынскую дапамогу. Праект «Жывая бібліятэка» правёў гульню «Іншы погляд» на тэму сацыяльнай няроўнасці. А «Ахова птушак Бацькаўшчыны» абрала птушку 2020 года. Ёй стаў вялікі глушэц.
Таксама ў адукацыйным цэнтры прайшлі бясплатныя паказы беларускіх і нямецкіх фільмаў на сацыяльную тэматыку і літаратурныя чытанні. Ініцыятыва Mіnsk Іmpro правяла адкрыты майстар-клас па асновах імправізацыйнага тэатра. А Міжнародны тэатральны праект HomoCosmos паказаў спектакль «Камера, якую дала мне маці» (18+).
На фестывалі працаваў сацыяльны маркет, прадстаўлены беларускімі сацыяльнымі прадпрыемствамі. Рэстаран Westfalіa на тэрасе ІBB Мінск прапанаваў гасцям еўрапейскі стрыт-фуд і напоі. Спецыяльна ў гонар юбілею ІBB Мінск пачаставаў усіх, хто прыйшоў на фэст, 25-кілаграмовым тортам.
А для самых маленькіх гасцей была арганізавана дзіцячая зона, дзе яны маглі паўдзельнічаць у арт-пленэры, майстар-класе па маляванні на вадзе і спячы печыва.
Святлана БУСЬКО
Што за таемнымі дзвярыма?