Вы тут

У Лідзе пачаліся модныя трэніроўкі для людзей з інваліднасцю


У Лідскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 4 нядаўна афіцыйна адкрылася інклюзіўная спартыўная зала з безбар'ерным асяроддзем.


Першы ў нашай краіне інструктар інклюзіўнага красфіта Віктар ЗАХАР'ЕЎ, сам калясачнік з 2001 года, нават пераехаў на час праекта з Барысава ў Ліду, каб праводзіць заняткі з мясцовымі жыхарамі. У кастрычніку збіраецца ў Мінск — трэніраваць людзей у сталічным клубе «Панда красфіт». «Калі не ажанюся тут і не застануся», — усміхаецца ён.

Красфіт — новы і вельмі модны цяпер у Еўропе кірунак фізічнай падрыхтоўкі. Ён выкарыстоўвае прынцып кругавой трэніроўкі, у якую ўключаны і гімнастыка, і кардыянагрузкі, і цяжкая атлетыка. Гэта моцна адрозніваецца ад таго ж бодзібілдынгу ці простага фітнесу. І пры гэтым ніякіх экзатычных практыкаванняў — рухі такія ж, як і ў штодзённым жыцці. Ды і дарагіх трэнажораў для трэніровак не патрабуецца — дастаткова брусоў, турніка, штангі і гантэляў плюс пары простых трэнажораў накшталт вяслярнага і лыжнага.

Красфіт — кругавая трэніроўка (гэта значыць, практыкаванні пастаянна паўтараюцца, як бы замыкаюцца ў ланцужок), якая заключаецца ў выкананні пэўнага комплексу практыкаванняў за мінімальны час. Яна ўзнікла ў ЗША і хутка набыла сусветную папулярнасць. Некаторыя называюць красфіт аналагам савецкага паняцця «агульнафізічная падрыхтоўка».

— Красфіт вельмі энергазатратны, для пахудзення ён нашмат больш эфектыўны, чым звычайны фітнес, — сцвярджае Віктар Захар'еў. — Для дасягнення эфекту дастаткова займацца некалькі разоў на тыдзень па 40 хвілін. Гэта таму, што чалавек выкладваецца на ўсе сто, працуючы падчас 40-хвіліннай трэніроўкі практычна без адпачынку.

Віктар кажа, што любіць усё новае. Раней ён наогул арыентаваўся на экстрэмальныя віды спорту накшталт воднага матацыкла ці водных лыжаў. Сёлета ездзіў у Нарвегію, дзе навучыўся экстрэмальнаму спуску на лыжах з гор. «Але давялося на нейкі час адкласці гэтыя заняткі, бо заняўся красфітам, а ён вельмі зацягвае. Я проста «захварэў» на яго!» — смяецца Віктар.

Аўтар ініцыятывы «Інклюзіўны красфіт» — вядомы грамадскі актывіст Аляксандр Аўдзевіч. Ініцыятыва рэалізавана пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Яна накіравана на прасоўванне здаровага ладу жыцця і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў на мясцовым узроўні. Гэта надзвычай актуальна для нашай краіны, асабліва прымаючы пад увагу той факт, што каля 90 % усіх смерцяў у нас — ад неінфекцыйных захворванняў.

Першы трэнер інклюзіўнага красфіту выдатна разумее асаблівасці людзей з інваліднасцю, іх патрэбы і пажаданні. А унікальная красфіт-праграма дае магчымасць падабраць практыкаванні наведвальнікам інклюзіўнай залы з улікам іх асаблівасцяў.

Дзякуючы адмысловым трэнажорам і інвентару ў інклюзіўнай спартзале створаны ўмовы для фізічнай рэабілітацыі людзей, якія атрымалі траўмы або маюць прыроджаную інваліднасць, каб яны маглі кампенсаваць вымушаную пасіўнасць паралізаваных частак цела. Мадыфікаванае трэнажорнае абсталяванне разлічана на кругавы трэнінг для людзей з рознымі ўзроўнямі траўмаў і пашкоджанняў і дазваляе распрацоўваць індывідуальныя праграмы заняткаў.

У Лідзе на сённяшні дзень пражывае больш за 200 калясачнікаў. Пакуль у зале займаюцца каля 20 чалавек, у тым ліку сем з інваліднасцю. Таксама прыходзяць выхаванцы спартыўнай школы і проста мясцовыя падлеткі. Некаторыя прыязджаюць за 25 кіламетраў, каб толькі трапіць на трэніроўку!

Святлана БУСЬКО

Фота атрымана ад прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Загаловак у газеце: ...І ніякай экзотыкі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.

Культура

Гурт Іrdorath: Мы — флагманы беларускай культуры ў Еўропе

Гурт Іrdorath: Мы — флагманы беларускай культуры ў Еўропе

Прыклад гісторыі, калі талент сам прабівае сабе месца пад сонцам.

Палітыка

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Гэта не пачатак кнігі-антыўтопіі або фантастычнага фільма пра будучыню нашай планеты.

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.