Вы тут

Чым небяспечны грыбок пазногцяў і як ад яго пазбавіцца


Лета — час басаножак, прычым і ў жанчын, і ў мужчын. І тут патаемнае становіцца відавочным: грыбок пазногцяў. Як выявіць і вылечыць гэту непрыемную не толькі з эстэтычнага боку хваробу, расказала ўрач-дэрматавенеролаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Жанна ЖДАНОВІЧ.


— Жанна Сяргееўна, што гэта за захворванне?

— Грыбковыя захворванні скуры называюць дэрматамікозамі, а пазногцяў — адпаведна аніхамікозамі, або грыбком пазногцяў. Гэта інфекцыйнае захворванне пазногцевых пласцінак, узбуджальнікамі якога з'яўляюцца паразітычныя грыбы.

— Наколькі гэта распаўсюджаная з'ява?

— Сёння гэта даволі актуальная праблема. Кожны трэці зварот да дэрматолага — па прычыне такой паталогіі. Прычым штогод захваральнасць на аніхамікозы павялічваецца прыблізна на 5 %. І калі ва ўзроставай групе дзяцей і падлеткаў грыбок пазногцяў сустракаецца ў 3 %, то ў пажылых людзей — у 45 %, гэта значыць, амаль у кожнага другога! Пры гэтым мужчыны пакутуюць на аніхамікоз часцей, чым жанчыны.

— На першы погляд захворванне даволі бяскрыўднае...

— Але яно істотна пагаршае якасць жыцця. Найперш гэта фізічныя нязручнасці, звязаныя з патаўшчэннем і разбурэннем пазногця. Пазногцевы грыбок абмяжоўвае нашу актыўнасць, перашкаджае адпачынку, заняткам спортам, кантактаванню з іншымі людзьмі.

— Заразіцца грыбком можа кожны?

— Ёсць фактары схільнасці да развіцця мікозаў. Да іх адносяцца зніжэнне ахоўных сіл арганізма (імунадэфіцыты), сасудзістая паталогія ніжніх канечнасцяў, цукровы дыябет, які суправаджаецца павышаным утрыманнем глюкозы ў крыві і развіццём дыябетычнай ангіяпатыі, атлусценне, працяглы прыём антыбіётыкаў, глюкакортыкастэроідаў, цынастатыкаў, траўматызацыя ступняў (плоскаступнёвасць, захворванне суставаў ступняў). Таксама фактарамі, якія спрыяюць развіццю мікатычнай інфекцыі, з'яўляюцца патлівасць ног і нашэнне вузкага абутку.

— А нейкія прафесійныя схільнасці ёсць?

— Сапраўды, заўважана, што ваеннаслужачыя, шахцёры, спартсмены хварэюць часцей з прычыны асаблівых умоў працы і закрытага калектыву.

— Дзе можна «падхапіць» грыбок?

— Шляхоў заражэння два. Першы — грамадскі, калі чалавек атрымлівае інфекцыю праз невыкананне правіл гігіены ў лазнях, басейнах, душавых, спартзалах. Другі — сямейны. Тут захворванне перадаецца часцей за ўсё праз агульны абутак і хатнія прадметы — нажніцы, пілачкі і іншае. Не сакрэт, што многія дома, зняўшы вулічны абутак, ходзяць басанож, а гэта спрыяе распаўсюджанню інфекцыі.

— Як зразумець, што з'явілася гэтая інфекцыя?

— Мікозы, аніхамікозы ступняў пачынаюцца малапрыкметна, з лёгкага лушчэння скуры ці з'яўлення шэра-жоўтых плям на пазногцевых пласцінках. Захворванне можа цягнуцца гадамі і нават дзесяцігоддзямі, паступова прагрэсуючы: патаўшчаецца скура падэшвеннай паверхні ступняў, з'яўляюцца трэшчыны, паміж пальцамі адчуваецца лушчэнне і сверб. Пазногцевыя пласцінкі патаўшчаюцца, дэфармуюцца, крышацца, становяцца брудна-жоўтага колеру. Дыягназ устанаўлівае ўрач-спецыяліст на падставе клінічнай карціны і лабараторнай дыягностыкі — мікраскапіі і культуральнай дыягностыкі.

— Самому можна пазбавіцца ад гэтай інфекцыі?

— Пачаўшыся, інфекцыя не пройдзе, пакуль грыбок не будзе ліквідаваны. Не трэба займацца самалячэннем, лепш звярнуцца да ўрача.

— У чым заключаецца лячэнне?

— Лячэнне мікозаў і аніхамікозаў комплекснае, яно ўключае сістэмную супрацьгрыбковую тэрапію, выдаленне пазногцевай пласцінкі і вонкавае супрацьгрыбковае лячэнне да поўнага адрастання пазногця. Для выдалення пазногцевых пласцінак накладаюцца кераталічныя мазі, прымяняецца апаратная паслойная апрацоўка, лазернае выдаленне. Хірургічнае лячэнне аніхамікозаў траўматычнае і вядзе да пашкоджання пазногцевага матрыкса. Цяпер яно не выкарыстоўваецца.

Сістэмныя супрацьгрыбковыя прэпараты прызначае ўрач з улікам відавай дыягностыкі грыбкоў. Вельмі важным момантам у лячэнні з'яўляецца рэгулярная дэзінфекцыя абутку.

— Якія правілы неабходна выконваць, каб пазбегнуць грыбка?

— Найперш гэта правілы асабістай гігіены. Варта сачыць за тым, каб ступні былі сухімі. Таму трэба старанна выціраць ногі пасля душа, асабліва паміж пальцамі, выкарыстоўваючы індывідуальны ручнік для ног. Калі ўжо заразіліся грыбком, выкарыстоўвайце чарговы ручнік толькі адзін раз пасля мыцця. Дарэчы, пацыентам з мікозам ступняў нельга наведваць лазні і басейны да поўнага вылечвання. Не варта хадзіць басанож у спартзалах, басейнах, лазнях, душавых, гасцініцах і іншых грамадскіх месцах, насіце індывідуальны гумавы абутак. Ніколі не карыстайцеся чужым абуткам і не дазваляйце нікому насіць ваш, гэтак жа як і карыстацца шкарпэткамі, ручніком. Пасля наведвання грамадскіх месцаў рэгулярна апрацоўвайце ступні спецыяльнымі супрацьгрыбковымі прэпаратамі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.