Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Замалёўкі з натуры

«Як уладкаваны свет» — навукова-папулярная праграма пра тое, што чалавек насамрэч ніякі не цар прыроды, як лічаць многія, седзячы на ўтульнай канапе, а толькі дробная яе частка. Журналіст і папулярызатар навукі Цімафей Бажэнаў на працягу двух сезонаў выпрабоўвае на сабе навуковыя факты пра самыя розныя прыродныя з'явы і робіць з гэтага не сухі аповед, а экстрэмальныя прыгоды.

Якія ўласцівасці холаду карысныя, а якія небяспечныя для чалавека? Ці можна прайсціся па лаве і падпаліць ваду? Якія сакрэты захоўвае звычайная соль? Ці здольны чалавек паляцець на крылах альбо звычайных паветраных шарыках? Як пачысціць зубы, калі ёсць толькі пясок і гліна? Усе гэтыя і многія іншыя рэчы здымачная група праграмы праверыла, што называецца, у палявых умовах, расказваючы і паказваючы, як можна выжыць гома сапіенсу ў дзікай прыродзе. Вынік — у кожным выпуску праекта «Як уладкаваны свет» на СТБ з панядзелка да пятніцы.

Уладзімір Высоцкі

25 ліпеня, у дзень памяці вялікага акцёра, паэта і барда, многія тэлеканалы традыцыйна паказваюць кінафільмы з яго ўдзелам. Напрыклад, на канале МІР гэта будзе «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (1976), таксама гэту стужку пакажа канал «Культура» 28 ліпеня.

У фільме Аляксандра Міты Высоцкі сыграў «сына цемнаскурага цара» Ібрагіма Ганібала — выхаванца Пятра І, маладога навукоўца, гераічнага воіна, але разам з тым дуэлянта і донжуана, чые амурныя прыгоды ў замежжы скончыліся скандалам і высылкай назад у Расію. Тут ён закахаўся ў дачку аднаго з прыдворных, і цар не супраць ажаніць хрэсніка, аднак на руку дзяўчыны прэтэндуе іншы кавалер, а сама яна баіцца «чорнага чалавека»...

Як згадваюць удзельнікі здымачнага працэсу, рэжысёр адразу вырашыў рабіць гэту экранізацыю Пушкіна «пад Высоцкага». Акцёр жа бачыў свайго героя як «інтэлігентнага чалавека ў неінтэлігентным свеце» і так натхніўся вобразам Ібрагіма, што сам зацвердзіў на ролю яго каханай партнёрку — Ірыну Мазуркевіч, а таксама напісаў для карціны дзве песні — «Разбойніцкую» і «Купалы». Аднак яны аказаліся настолькі пранізлівымі, што маглі ўскладніць пракатны лёс карціны, і рэжысёр са шкадаваннем ад іх адмовіўся. Цэнзары прымусілі скараціць і хронаметраж — з дзвюх запланаваных серый трагікамедыі засталася толькі адна, камедыйная, дый тую перайменавалі. І ўсё ж, нягледзячы нават на разгромную крытыку ад некаторых вядомых культурных дзеячаў, фільм за год убачылі звыш 36 мільёнаў савецкіх гледачоў, і дзясяткі краін закупілі яго для пракату.

Водпуск

Калі адпачыць гэтым летам вам яшчэ не выпала, праграма «Вакол свету падчас дэкрэту» выдатна матывуе паскорыць гэту радасную падзею. У праекце спявачка і тэлевядучая Ганна Седакова разам з трыма дзецьмі — дачкой-падлеткам, немаўлём-сынам і дашкольніцай-хрэсніцай — спрабуе вытрымаць звыклы рытм жыцця, актыўна падарожнічаць і спасцігаць новае.

Дапамагаюць зладзіць гэтыя вандроўкі такім чынам, каб і дзеці, і мама засталіся задаволеныя, маладыя матулі з розных краін: яны падказваюць, дзе лепш пакаштаваць традыцыйную кухню, якія выбраць забавы і да каго зазірнуць у госці. А старэйшая дачка тым часам здымае відэаблогі для аднагодкаў, даючы ім турыстычныя парады, дзе пагуляць і што пабачыць. Грузія, Іспанія, Італія... З гэтых паездак атрымаўся забаўляльны трэвел-дапаможнік для сямейнага адпачынку. Насколькі ён карысны? Паглядзіце праграму на канале ВТБ з аўторка да пятніцы і складзіце ўласнае меркаванне!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.